Пункт погляду аўтара: Пра бяспеку і гіперапеку

Кожны тыдзень на старонках нашай газеты з’яўляецца не меней за 10 артыкулаў на тэму асабістай бяспекі грамадзян. Амаль як у Самуіла Маршака: пішуць пажарныя, піша міліцыя… А яшчэ энерганагляд, газавая служба, інспекцыя працы, пракуратура, райвыканкам.
Кожны дзень дзясяткі спецыялістаў вядуць тлумачальную работу з жыхарамі нашага раёна ў дамах і кватэрах, на прадпрыемствах і сельскіх сходах, заклікаючы да простых рэчаў, якія дапамогуць выратаваць жыццё і пазбегнуць матэрыяльных страт.
Камісія па справах непаўналетніх угаворвае бацькоў даглядаць маленькіх дзяцей, сацыяльная служба піша пісьмы дарослым сынам і дочкам, каб яны наведалі састарэлую матулю і парамантавалі ёй печ. Старшыні сельскіх Саветаў складаюць алгарытмы вяртання святла і газу ў адключаныя з-за запазычанасці дамы. Прадпрыемствы ўсталёўваюць у кватэрах сваіх работнікаў аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Газавая служба просіць ад гаспадароў проста элементарных рэчаў: праверыць вентыляцыю, каб не атруціцца ўгарным газам, і старацца мяняць газавае абсталяванне хаця б раз у пакаленне. Пакласці на пол бляшаны ліст, замазаць дзверкі печы глінай, не сушыць каля топкі рыззё – гэтыя простыя правілы ведаюць дзеткі-дашкаляты, але не выконваюць адукаваныя дарослыя. Прафілактычны медыцынскі агляд – праблема доктара, не іначай. Урачы ідуць у працоўныя калектывы, пішуць пісьмы пацыентам: “Паважаны, прыдзіце на прыём, Ваша хвароба патрабуе нагляду…” Работнікі ваенкамата за руку водзяць прызыўніка да стаматолага, каб палячыць зубы…
Такая павышаная ўвага з боку службаў, устаноў і інспекцый зразумелая: жыццё кожнай асобы – найвышэйшая каштоўнасць. Стварыць дзецям, адзінокім старым і інвалідам бяспечныя ўмовы і забяспечыць дадатковую сацыяльную абарону – абавязак дзяржаўных органаў.
Але як растлумачыць поўнае нежаданне працаздольных дарослых людзей з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі займацца ўладкаваннем свайго быту?
Вы памятаеце мультфільм 1986 года “Нехачуха”? Там усё адбывалася ў сне, і хлопчык вылечыўся ад ляноты, убачыўшы вобраз незайздроснай будучыні.
Абыякавасць сённяшніх нехачух не гарантуе нават наступленне для іх гэтай самай будучыні, бо “не хачу” яны кажуць пытанням жыцця і здароўя. Нібы для іншых ствараюцца інструкцыі па ахове працы, тлумачацца крыніцы небяспекі. Калі побач няма інспектара, то ўзлезе хто-небудзь у “сланцах” на скатны дах, то без страхоўкі падымецца на вышыню ці паправіць рукой рухомы механізм. А каска няхай паляжыць на зямлі, не хочацца яе надзяваць! Толькі ў плоскасці “хачу/не хачу” ляжыць спосаб перадухілення паловы выпадкаў гібелі людзей на пажарах: дастаткова проста раз і назаўсёды перастаць курыць у памяшканні.
Даследчыкі адзначаюць усё большую інфантыльнасць сучаснага пакалення моладзі, якая за надзейнымі плячыма працавітых бацькоў не хоча браць на сябе адказнасць быць дарослымі. Ці не так жа ўзнікае бестурботнасць у адносінах да сваёй бяспекі ў тых, каго, нібы робата з мульціка, апякаюць дзясяткі інспектараў?

Руслан Абрамчык, старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі
рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Добавить комментарий