Пункт погляду аўтара: Не блытайце ветлівасць са слабасцю

Хамства – адна з заганаў, якім складана процістаяць прыстойна. Хамская формула вядомая: грубасць і нахабнасць, памножаныя на беспакаранасць. Хам не чакае дыялогу, не шукае ісціну, а выпрабоўвае межы дазволенага.
Пакінуць апошняе слова за сабой і даць адказ бессаромнай персоне любой цаной – не самамэта, але пры магчымасці змагацца з заганамі – абавязак культурнага чалавека.
Напісаць мяне вымусіла назіранне за развіццём адной некароткай ужо дыскусіі аб станаўленні партызанскага руху. Па этычных прычынах не буду называць імёны дзеючых асоб, замяніўшы іх на апісальныя найменні.
Пачатак спрэчцы быў пакладзены шэрагам артыкулаў “сучаснага даследчыка партызанскага руху” аб меркаванай гібелі партызанскага камандзіра ад рукі іншага камандзіра. На жаль, такія даследаванні плодзяцца сёння на старонках газет пэўнага ідэалагічнага накірунку бяздоказна, са спасылкамі на аповеды ўжо сышоўшых з жыцця людзей і на “змову маўчання дзяржаўных органаў, якія знішчылі ўсе доказы”. Звычайна гэтыя гісторыі трымаюцца роўна датуль, пакуль у каго-небудзь не знойдзецца часу праверыць сумнеўныя краязнаўчыя знаходкі.
Другой удзельніцай дыскусіі стала гродзенская крытык, публіцыст і літаратар, якую назавём “пісьменніца”. Якраз у яе знайшоўся час удакладніць прыведзеныя даследчыкам факты. З падрабязным разборам скажэнняў і беспадстаўных абвінавачванняў аўтарка выступіла са старонак газеты “Полымя”.
Вочная сустрэча апанентаў адбылася ў кастрычніку падчас правядзення круглага стала па тэме “Станаўленне партызанскага руху на тэрыторыі Карэліцкага раёна”.
Падрыхтаваліся ўдзельнікі па-рознаму. Пісьменніца прыйшла з мужам, даследчык – з групай падтрымкі з Баранавіч, Навагрудка і Карэліч лікам каля дзесяці чалавек. Па-рознаму вялі яны і палеміку: калі пісьменніца працавала з тэкстам, матэрыялам, разглядала аргументацыю апанента, то даследчык дазваляў сабе пераход на асобы, даваў ацэнкі маральным якасцям нязгодных з ім прысутных, абвінавачваў у штампавасці мыслення. Дапамагалі і сябры з залы, дэманструючы поўны спектр хамскіх “прыёмчыкаў”. Адзін у час дакладу жанчыны пачаў крычаць: “Чаму яна сядзіць?” Другі, вельмі сталага ўзросту, гучна сказаўшы: “Абы-што гавораць”, падаўся да выхаду, але пасля пяціхвіліннай адсутнасці даслухоўваў усё ўжо з “тамбура”. Трэці замест рацыянальных аргументаў вынес прысутным прыгавор: “Савок!” Чацвёрты пасля дакладу аб здзеках паліцаяў і службоўцаў самааховы над яўрэйскімі сем’ямі зрабіў самавыкрывальную антысеміцкую заяву: ”Вось вы расказалі пра знішчэнне яўрэеў. А скажыце, чаму ж іх так усе паўсюль не любілі, калі яны такія харошыя?” Пра пятага, мясцовага жыхара, мы даведаліся многа новага: ён феерычна пачаў прамову з таго, што з’яўляецца сынам партызана, бо яго бацька служыў у самаахове, а скончыў раскрыццём змовы партызан, якія ўпарта не давалі яму стаць дэпутатам. Выступоўцы з месцаў трацілі час прысутных, што само па сабе таксама з’яўляецца хамствам: хоць іх выказванні адбываліся ў межах абмеркавання дакладаў, дачынення да апошніх яны не мелі. Ужо не важныя былі факты, крыніцы, тэрміналогія. Важным было самасцвярджэнне калектыўнага Хама.
Няпроста быць вучоным-даследчыкам, які павінен імкнуцца да аб’ектыўнасці, пераадолення суб’ектыўных памылак і ўплыву інтарэсаў, не звязаных з дасягненнем навуковай ісціны. Куды прасцей даследчыкам звацца, а недахоп аргументаў замяніць зневажэннем апанентаў.
Грамадства мае імунітэт ад такіх паводзінаў, і другі раз у культурную кампанію такога “навукоўца” не паклічуць.
Але кажуць жа: зачыні чорту дзверы, дык ён у акно ўлезе. Праз два тыдні ў чарговай незалежнай газеце з’яўляецца артыкул пра паездку “групы сяброў” на круглы стол. Такога аб’ёму хлусні на такой маленькай плошчы даўно не даводзілася бачыць! Адчуйце маштаб: адмова ваеннай пракуратуры ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў адносінах да партызанскага камандзіра лёгкім жэстам ператварылася ў неабвяргальнае “заключэнне аб прызнанні партызанскага камандзіра ваенным злачынцам”, знішчэнне будынку, падрыхтаванага пад размяшчэнне фашысцкіх вайскоўцаў, было выдадзена за “спальванне партызанамі населеных пунктаў”. Хамскія паводзіны “групы сяброў” былі апісаныя як “спадара даследчыка падтрымалі амаль усе выступоўцы”. Хоць даклады круглага стала былі аднолькавымі па часе, выступленне пісьменніцы названа “даволі доўгім”. А тое, што яна на дакументальнай аснове абвергла ўсе сабраныя даследчыкам чуткі, у артыкул не трапіла.
Госці нашы дарагія! Вы прызналі, што абмеркаванне прайшло карэктна, вы нават дзівіліся, што з вамі так доўга размаўлялі. Хачу, каб вы разумелі: гэта не была ваша пераканальнасць. Гэта была наша выхаванасць.
Не блытайце ветлівасць са слабасцю: разумныя людзі да ўсіх спачатку адносяцца добра, а потым – узаемна.
Мы разумеем вас, як доктар разумее хворага: вас не любяць. Вас мала такіх, хто можа назваць паліцаяў, марадзёраў і дэзерціраў нявіннымі. Вашу дэкларацыю “змагання за праўду” людзі не чуюць, нават калі вы крычыце аб ёй на плошчах праз мегафоны, бо гэта толькі дэкларацыя.
Мала размаўляць па-беларуску, каб здавацца інтэлектуаламі. Мала сабраць чуткі, каб стаць даследчыкамі. Мала гуртом крычаць на жанчыну, каб перамагчы ў дыскусіі. У вас было тры гадзіны на пошукі праўды, а вы патрацілі іх на самасцвярджэнне. У вас былі слухачы, а вы адвярнулі іх ад сябе хамствам. Дык не прасіце яшчэ і доступу на старонкі раённай газеты, каб працягваць абражаць тых, хто выпадкова з вамі сутыкнуўся. Жывіце ў сваім сусвеціку, поўным злосці і бяссілля, хваліце адзін аднаго ў сваіх газетах – не забаронена.
А тут вас не чакаюць.

Руслан Абрамчык
старшыня Карэліцкай раённай арганізацыі
рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Добавить комментарий