Пункт погляду журналіста: Залаты ўзрост — гэта цудоўна!

Восень — залатая пара. Яна сустракае нас сваімі дарамі, прыгожым убраннем дрэў, моцнымі дажджамі. Вясковец у гэты час падсумоўвае свае работы ў полі і на агародзе.

Нездарма восенню жыцця прынята называць сталы ўзрост, а яшчэ — залаты. Ды і чаму не? Вунь колькі ў ім дабрыні і мудрасці! Чалавек плануе новыя задачы, вырашае іх, дапамагае іншым. А яшчэ — дзеліцца сваімі памкненнямі і думкамі.

У рэдакцыйнай пошце сустрэліся два лісты. Іх аўтары — людзі залатога ўзросту. Тэмы аповядаў блізкія кожнаму — духоўнасць, міласэрнасць, прыгажосць. Адчуваецца, што гады непадуладныя жанчынам. Гэта, безумоўна, радуе. Чалавек у любым узросце не павінен быць раўнадушным да таго, што акружае. Тым больш восенню, калі прырода афарбоўвае ўсё наваколле, а восеньскія дажджы змываюць бруд — думкі і ўспаміны становяцца светлымі, як у аўтараў допісаў. Разумееш: не сумаваць трэба, а радавацца цудоўнай пары, сустрэчы з цікавымі і добразычлівымі людзьмі.

Жыццё складанае і супярэчлівае, у кожнага сваё. Не будзем скардзіцца, а тым больш у сталым узросце. Змаглі дайсці да гэтай лесвіцы жыцця — ужо цудоўна, і кожны можа адчуваць сваё простае чалавечае шчасце. Яно складаецца з маленькіх паўсядзённых радасцeй. Галоўнае — адчуць іх усёй душой. Калі магчыма, то і падзяліцца з іншымі — напісаць у рэдакцыю. Мы будзем вельмі рады.

Галіна СМАЛЯНКА.

Жыццё пражыць — не поле перайсці

Жыццё даецца адно, яно вельмі кароткае ў параўнанні  з  вечнасцю. Гэта простае шчасце, якое нам дадзена адчуць. Кожнаму з нас хочацца перамагчы час, жадаючы як мага надалей заставацца маладым і здаровым.

Страх перад старасцю — вось што старыць. Гады ляцяць, як птушкі, боль з  кожным годам павялічваецца. Цяжка пералічваць усе балячкі, ды і не трэба, у кожнага свае.

 Я рэдка пішу ў газету, але сёння вырашыла расказаць пра людзей у белых халатах, якія працуюць у Карэліцкай райбальніцы. 1 верасня я трапіла ў бальніцу. Урач-неўрапатолаг Ларыса Мікалаеўна Малінковіч хутка паставіла дыягназ і пачала лячыць. Яна лечыць не толькі лякарствамі, але і словам.

Было прыемна адчуваць увагу і дабрыню медсясцёр — яны робяць усё для таго, каб паставіць хворых на ногі.

Шчырыя, адданыя сваёй справе людзі. Дабрыня не забываецца. Вялікую ўвагу ўдзяляюць хворым маладыя ўрачы. Калі прыйшла ў палату Кацярына Сяргееўна Ложачнік, то хворыя адчулі, колькі цяпла і энергіі яна выпраменьвае. Мы адразу палюбілі ўрача.

Залатыя рукі ў працэдурных сясцёр Людмілы Адамаўны Зінкевіч і Таццяны Аляксандраўны Быльчынскай, таксама  ў масажыста Міхаіла Васільевіча Хіневіча.

Хочацца сказаць добрыя словы пра ўрача ўльтрагукавой дыягностыкі Марыю Міхайлаўну Рэкун. Гэта ўрач ад Бога, які не толькі з дапамогай апарата, але нейкім унутраным пачуццём  ставіць правільны дыягназ.

Ніна БАРЭЙКА,

інвалід другой групы, агр. Цырын.

 

Цуд спагады і клопату

Маленькі кактус з яшчэ мяккімі калючкамі пасадзілі ў шкляначку з-пад ёгурту. Паставілі на падаконнік да іншых кветак, каб ён рос і сваім незвычайным выглядам упрыгожваў пакой.  Ён рос, цягнуўся да сонейка, да святла за акном. Але святла не хапала, і ён усё больш і больш хіліўся на бок. Спачатку дакрануўся да беражка свайго стаканчыка, а потым той і зусім урос у мяккае цельца няшчаснага кактуса.

Неўзабаве шкляначка стала для яго маленькай, таму і кветка пастаянна падала. Тады людзі вырашылі выкінуць гэтую скрыўленую, непрывабны калючку, што сваім выглядам толькі псуе ўсю прыгажосць на іх падаконніку.

На шчасце кактуса, сярод іх была добрая жанчына. Яна пашкадавала гэтага калючага Квазімоду і ўзяла яго да сябе. З цеплынёй і любоўю пасадзіла яго ў прыгожую кактусніцу з урадлівай глебай у надзеі, што калі-небудзь той заквітнее.

І цуд адбыўся! Іншыя квітнеюць, можа, адзін раз за ўсё жыццё, а гэты кожны год выпускае з сябе прыгожыя белыя кветкі. Радуе сваёй незямной прыгажосцю сваю выратавальніцу. З-за ўдзячнасці ён ні разу не ўкалоў яе рук. Як можна?! Бо да чаго не дакрануцца яны, усё ператвараецца ў шэдэўр. Са звычайнага шэрага картону яна ўмее рабіць вазы, куфары “пад даўніну”, а з простай каляровай паперы —  кветкі, якія адразу і не адрозніць ад сапраўдных.

А яшчэ кактус ведае, што яна ўмее пісаць карціны. На сваім камп’ютары, за якім сядзіць начамі, за што ён крыўдзіцца, робіць цуды. З простых чорна-белых, каляровых фотаздымкаў, аздобленых выдатнай музыкай, атрымліваецца фільм. І яшчэ шмат чаго ўмеюць рабіць гэтыя рукі. Добрая душа адгукаецца на прыгажосць прыроды, музыкі, паэзіі. У яе выдатнае пачуццё гумару. Гэта прыцягвае людзей, у яе шмат сяброў, з ёю ўсім лёгка і цікава. Усіх грэе цяпло яе душы. Нават калючага кактуса.

Галіна НАВІЦКАЯ.

Фота Аляксандры ШУТКО.

Добавить комментарий