Рэзервы для росту яшчэ ёсць

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Карэліцкага раёна за 9 месяцаў бягучага года разгледжаны на пасяджэнні Карэліцкага райвыканкама пад старшынствам кіраўніка раённай вертыкалі ўлады В. Л. Шайбака.

Прайшоўшыя 9 месяцаў — асаблівая нагода падвесці вынікі работы розных сфер, рубеж, які, як падкрэсліў старшыня райвыканкама В. Л. Шайбак, дазваляе зрабіць высновы і скарэкціраваць дзеянні на наступны перыяд, каб запланаваныя паказчыкі па выніках года былі дасягнуты. Менавіта з такім акцэнтам — на тое, што трэба будзе змяніць у працы для безумоўнага выканання задуманага, — даручыў кіраўнік раёна выступіць на пасяджэнні райвыканкама яго ўдзельнікам.

У сем краін свету на экспарт

— За 9 месяцаў бягучага года Карэліцкім раёнам пастаўлена на экспарт тавараў на суму 949 тысяч долараў ЗША, — адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама І. Р. Лазарэвіч. — У краіны СНД пастаўлена тавараў на 634,9 тыс. долараў ЗША, ці 66,9% ад агульнай сумы экспарту. У тым ліку ў Расійскую Федэрацыю на 488,2 тыс. дол. ЗША, ці 51,4% ад агульнай сумы экспарту, у Казахстан — на 142,9 тыс. дол. ЗША, або 15%,  Украіну — на 3,8 тыс. дол., або 0,4%. У Кітай экспарціравана тавараў на 159,9 тыс. дол., ці 16,8% ад агульнай сумы экспарту, у Літву на 90,8 тыс. дол., або 9,6%, у Польшчу на 49,4 тыс. дол., ці 5,2%, у Румынію на 14 тыс. дол., або 1,5%.

ААТ “Карэлічы-Лён” адправіла за мяжу 195 т ільновалакна і 121 т расліннага алею на агульную суму 264,8 тыс. долараў ЗША. Замарожаную і астуджаную ялавічыну на экспарт пастаўляла ТАА “Вікас” на суму 426,4 тыс. дол. ЗША. ТАА “НВП Ніка” прадало за мяжу 640 т бульбы на суму 208,3 тыс. долараў.

Сярод найбольш актыўных арганізацый, якія аказваюць паслугі замежным партнёрам, апынуліся ПГУП “Пузата хата” на суму 71,9 тыс. дол. і ТАА “Вікас” на суму 30,5 тыс. долараў. Сярод замежных партнёраў — прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі і Германіі.

Глядзець трэба ў корань. Салодкі

— За 9 месяцаў бягучага года тэмп росту валавай прадукцыі склаў 106,1%, — адзначыў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама С. В. Барычэўскі.

— Гаспадаркамі раёна выраблена прадукцыі на суму 92,5 млн рублёў, у тым ліку прадукцыі жывёлагадоўлі на суму 49,3 млн рублёў, раслінаводства — 43,2 млн руб.

У бягучым годзе сабрана больш за 107 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 52,7 цэнтнера з гектара. Вытворчасць збожжа ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 13,2%.

Традыцыйна самая высокая ўраджайнасць у СВК “Жухавічы” ў памеры 77,9 ц/га. Самая вялікая прыбаўка збожжа атрымана ў ДП “Царука” — 120,3% да ўзроўню мінулага года. У гэтай гаспадарцы пацвердзілі пастулат пра тое, што пры поўным выкананні тэхналогіі вырошчвання можна атрымаць добры ўраджай і пры ўрадлівасці глебы ў 31 бал.Усяго па 30 і 40 з невялікім цэнтнераў з гектара атрымана ў птушкафабрыцы “Чырвонаармейскай” і “Чарняхоўскага-Агра”, хоць бальнасць глебы складае тут 38,6 і 37,9 адпаведна. Такая бальнасць дазваляе атрымліваць гаспадаркам не менш за 50 цэнтнераў на круг, — падкрэсліў начальнік райсельгасхарчу.

Валавая вытворчасць насення рапсу ў 2017 годзе склала 203% да ўзроўню мінулага года. Усяго намалочана 10603 тоны чорнага золата беларускіх палёў. Самая высокая ўраджайнасць рапсу атрымана ў ДП “Племзавод “Карэлічы “, тут сабралі па 53,1 цэнтнера на круг. Добрыя віды ў раёне і на ўраджай цукровых буракоў. Валавы збор чакаецца на ўзроўні 190 тысяч тон. Завершана ўборка лёну, нарыхтавана 6782 тоны льнотрасты сярэднім нумарам 0,83.

Малако і мяса ў плюсе, але не ва ўсіх

Як падкрэсліў С. В. Барычэўскі, за 9 месяцаў у раёне склалася тэндэнцыя росту жывёлагадоўчай галіны. Вытворчасць малака склала 59075,8 тон да аналагічнага перыяду 2016 года, або 102,7%. Атрымана на адну карову 4532 кг малака, што на 104 кг больш да ўзроўню мінулага года.

— Малочная жывёлагадоўля валодае значнымі рэзервамі далейшага нарошчвання вытворчасці малака, —адзначыў С. В. Барычэўскі. — Наглядны прыклад — такія гаспадаркі, як “Свіцязянка-2003”, “Жухавічы”, “Маяк-Заполле”. Пры правільным падыходзе з боку кіраўніцтва і спецыялістаў гэтых гаспадарак да кармлення, стану і ўзнаўлення прадуктыўнасць дойнага статка склала адпаведна 6787 кг, 5714 кг, 5504 кг і вырасла да ўзроўню 2016 года на 451 кг, 595 кг і 207 кг адпаведна. Не выйшлі на леташні ўзровень па вытворчасці малака “Чарняхоўскі-Агра”, птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, “Малюшычы”.

Барычэўскі С. В. адзначыў тэндэнцыю да паляпшэння якасці малака. За 9 месяцаў бягучага года гатункам “экстра” рэалізавана 17600 тон, плюс 4100 тон да ўзроўню мінулага года. Рэалізуюць малако гатункам “экстра” СВК “Жухавічы” — 73,6%, СВК “Свіцязянка-2003” — 65%, СВК “Маяк-Заполле” — 41,2% ад агульнай рэалізацыі малака.

Усяго за студзень-верасень 2017 года гатункам “экстра” і “вышэйшы” па раёне рэалізавана 80% малака і 20% малака першым гатункам.

У мясной жывёлагадоўлі галоўная задача — павышэнне эфектыўнасці вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы, зніжэнне тэрмінаў адкорму і павелічэнне вагавых кандыцый пагалоўя. За 9 месяцаў 2017 года атрымана 4769,2 тоны валавага прыбаўлення буйной рагатай жывёлы, што склала 98,3% да аналагічнага перыяду мінулага года. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў жывёлагадоўлі склалі 726 грамаў па раёне, што на 8 грамаў менш за ўзровень мінулага года. Застаюцца нізкімі сярэднясутачныя прыбаўленні ў ДП «Малюшычы» — 581 г, «Цырын-Агра» — 645 г, птушкафабрыцы «Чырвонаармейская» — 656 г.

За 9 месяцаў бягучага года вытворчасць свініны ў жывой вазе склала 4333 тоны (плюс 1513 тон) або 153,7% да аналагічнага перыяду мінулага года. У цэлым па раёне атрыманы сярэднясутачныя прыбаўленні свіней на 591 грам, плюс 1 грам да ўзроўню 2016 года. Асноўная прыбаўка вытворчасці свініны забяспечана за кошт СВК «Маяк-Заполле”, “Лукі-Агра», «Чарняхоўскі-Агра».

Як падкрэсліў Барычэўскі С. В., рэзерв павелічэння вытворчасці мяса свініны заключаецца ў выхадзе на праектныя магутнасці работы племянной свінафермы ДП «Чарняхоўскі-Агра» і свінакомплексу «Маяка-Заполле», а таксама рэканструкцыя свінакомплексу ў Луках.

Хутка наваселле

— За 9 месяцаў бягучага года аб’ём будаўніча-мантажных работ склаў 5224 тыс. рублёў, або 75,2% да адпаведнага перыяду 2016 года. Недавыкананне задання склала 16,1%, — адзначыў намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама А. А. Быліч. — Зніжэнне тэмпаў будаўніча-мантажных работ абумоўлена адсутнасцю фінансавання па аб’екце «Будаўніцтва двух кароўнікаў» на 610 месцаў і даільнага блока пры МТФ «Райца-1» у Райцы. У 2017 годзе прадугледжвалася асвоіць 3000,0 тыс. рублёў. Будаўніцтва вядзецца за кошт уласных сродкаў сельгаскааператыва «Свіцязянка-2003», з пачатку будаўніцтва асвоена 320 тыс. рублёў.

У бягучым годзе на тэрыторыі раёна плануецца пабудаваць і здаць у эксплуатацыю 3300 кв. м. агульнай плошчы жылых памяшканняў, у тым ліку індывідуальнае будаўніцтва з дзяржпадтрымкай — 420 кв. м., у сельскагаспадарчых арганізацыях 219,0 кв. м.

За 9 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 2385 кв. м. жылля, што складае 72,3% пры заданні за 9 месяцаў —  60%. Індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзена 2226 кв. м. жылля, або 93,3% ад агульнага ўводу. З прыцягненнем ільготнага крэдыту вядзецца будаўніцтва трох аднакватэрных жылых дамоў у вёсцы Паланая. Асвоена 244,3 тыс. рублёў. Ужо ў кастрычніку бягучага года некалькі сем’яў справяць наваселлі ў новых кватэрах.

Іна ЛЕЙКА.

Добавить комментарий