В Кореличском районе состоялась торжественная церемония открытия нового асфальтобетонного моста через Неман

 

30 лістапада непадалёк ад вёскі Сіняўская Слабада Ярэміцкага сельскага Савета адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця новага асфальтабетоннага моста праз раку Нёман.

Дзевяць месяцаў спатрэбілася будаўнікам, каб узвесці складаную надводную канструкцыю коштам 3,2 млн рублёў. Зараз новы 100-метровы асфальтабетонны пуцеправод — надзейны сродак пераправы. Ён мае5 апор, паміж імі чатыры пралёты. Тры руславыя апоры — гэта буранабіўныя сваі, кожная больш за метр у дыяметры. У зямлю яны ўбіты надзейна: на 14 метраў у глыбіню, а значыць мосту не пагражаюць ні паводкі, ні крыгаход. Мостабудаўнікі выкарыстоўвалі ў працы маналітную пліту, якая не мае швоў, што робіць пераправу ў разы надзейней.
Яшчэ адна асаблівасць моста — водаадводныя збудаванні. Дзве насыпныя дамбы ўмацаваны геатканінай з насеннем раслін унутры. Вёска Сіняўская Слабада, размешчаная ў непасрэднай блізкасці ад ракі, надзейна абаронена абвалоўкай. Зараз жыхары могуць не баяцца, што ў час паводкі рака згуляе з імі злы жарт.
Мост —сапраўдны падарунак і для вяскоўцаў, і для мясцовага сельгаскааператыва, і для экстраных службаў.Папярэднік новага пуцеправода — стары драўляны мост —даўно не вытрымліваў ніякай крытыкі і знаходзіўся ў аварыйным стане. Гэта не жарт: на процілеглым беразе — 4 вёскі: Сіняўская Слабада, Рудзьма, Антанёва і Чорная, у якіх жывуць у асноўным сталыя людзі.
— Для таго, каб дактарам ці пажарным аказаць дапамогу вяскоўцам, трэба было ехаць 60 кіламетраў у аб’езд, — успамінае нядаўнія нязручнасці старшыня Ярэміцкага сельскага Савета Пётр Анатольевіч Навумовіч. — А гэта каля гадзіны страты каштоўнага часу. Акрамя таго, на тым беразе — Налібоцкая пушча, куды мясцовае насельніцтва ездзіць па дровы. Налічваецца каля 3 гектараў свабоднай зямлі, якая, я думаю, хутка пойдзе з аўкцыёну. Упэўнены, што гараджане захочуць мець домік у вёсцы ў некалькіх метрах ад маляўнічай ракі і ў ста кіламетрах ад сталіцы. Акрамя таго, летам насельніцтва вёсак істотна павялічваецца: прыязджаюць дачнікі, вяртаюцца з гарадоў на адпачынак спадкаемцы. Нядаўна ў Антанёве пачала сваю працу фермерская гаспадарка. Індывідуальныя прадпрымальнікі ўзялі ў арэнду каля 60 гектараў зямлі і будуць займацца авечкагадоўляй. Упэўнены, са з’яўленнем моста ў сельсавета з’явяцца новыя шырокія перспектывы.
У мясцовым сельгаскааператыве «Царука» таксама будуюць аптымістычныя прагнозы.
— За Нёманам размешчана больш за 2 тысячы гектараў сенакосаў і раллі, — расказвае дырэктар ДП «Царука» Аляксандр Мікалаевіч Лейка, —больш за 9 гадоў гэтая зямля не апрацоўвалася. Было папросту эканамічна нявыгадна рабіць крук у 60 кіламетраў. У наступным годзе пачнем меліярацыю, абрашэнне і рэкультывацыю гэтых зямель. Затым пасеем травы і будзем нарыхтоўваць кармы. Па нашых разліках, на гэтых плошчах можна ўзяць па 10 кармавых адзінак на адну ўмоўную карову. Гэта дазволіць павялічыць дойны статак з існуючых 1163 галоў да 1300. Больш малака — больш прыбытку гаспадарцы.
Дарэчы, ДП «Царука» — сапраўднае шматмосце карэліцкай зямлі. Толькі ў 2016 годзе тут з дапамогай вайскоўцаў-мостабудаўнікоў было ўзведзена тры драўляных апоры, якія далі магчымасць прадпрыемству ў бягучым годзе зэканоміць каля 24 тысяч рублёў на адных гаруча-змазачных матэрыялах.
Былі нараканні на стары мост і з боку карэліцкіх выратавальнікаў-пажарных.
— Увесну ў вёсках часта гарыць трава, — расказвае начальнік Карэліцкага РАНС Віталій Канстанцінавіч Рыбак, — а гэта патэнцыяльная небяспека для будынкаў і людзей. Зараз у выпадку неабходнасці мы прымчымся на дапамогу за 10 хвілін.
Не нарадуюцца новай пераправе і мясцовыя жыхары.
— На тым беразе жывуць у асноўным сталыя людзі, якім вельмі патрэбна дапамога, — дзеліцца настаўнік Ярэміцкай сярэдняй школы Таісія Аляксандраўна Мокат, — цяпер яна прыбудзе ў самыя кароткія тэрміны. А нам з вучнямі будзе зручней дабірацца да падшэфнага помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, які мы даглядаем.
На будаўніцтве аб’екта былі заняты філіял «Мостабудаўнічае ўпраўленне №7» ААТ «Мостабуд», філіялы «Аўтамост» і ДРБУ №189 КУП «Гроднааблдарбуд». Генеральным падрадчыкам рэканструкцыі аўтадарогі Ярэмічы — Сіняўская Слабада — Навагрудскі раён з узвядзеннем моста праз Нёман выступіў Карэліцкі філіял ДРБУ №158 КУП «Гроднааблдарбуд». Заказчык — КУП «Гроднааблдарбуд».
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця новага аб’екта генеральны дырэктар КУП «Гроднааблдарбуд» Дзмітрый Уладзіміравіч Валковіч падзякаваў будаўнікам за якасную і аператыўную працу, а таксама павіншаваў жыхароў раёна са з’яўленнем новага, неабходнага для дынамічнага развіцця рэгіёну аб’екта, як ібудзе служыць многія гады.
Словы ўдзячнасці кіраўніцтву Гродзенскага аблвыканкама за дапамогу, аказаную ў будаўніцтве, выказаў кіраўнік раёна Віктар Леанідавіч Шайбак. «Гэты аб’ект сёння надзвычай значны для Карэліччыны, — падкрэсліў кіраўнік мясцовай вертыкалі ўлады, — і ў першую чаргу для мясцовага насельніцтва».
У дзень адкрыцця абнавіць надводную канструкцыю змаглі жыхары вёсак Сіняўская Слабада, Рудзьма, Чорная, Антанёва, вучні Ярэміцкай сярэдняй школы. Таксама па асфальтабетоннай артэрыі, якая надзейна злучае берагі Нёмана, прайшла тэхніка Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і дзяржпрадпрыемства «Царука».

Инна ЛЕЙКО.

Фото Каролины КУЧУК.

Добавить комментарий