Яе жыцця належнейшы маршрут

Нядаўна ў адной з кніг любімага мною таленавітага сучаснага расійскага пісьменніка Алега Роя прачытала: “Лёс — гэта нешта накшталт геаграфічнай карты, якая выдаецца кожнаму чалавеку першапачаткова, пры нараджэнні. А жыццё — гэта маршрут. Пункт прызначэння адзін, адзіны, але прыйсці да яго можна рознымі сцяжынкамі, што называецца, імправізуй, але памятай аб мэце, аб падрахункавым выніку. Бо разам з жыццём дадзена права выбару. Што захочаце,  тое і выбераце. Выбераце. Якое дзіўнае слова, у ім нібы схаваны іншы сэнс. Вы — бераце…”

І сапраўды, калі ўдумацца, для ўсіх нас “выбраць” азначае  — браць. Вось чаму, падарожнічаючы па лёсе жыцця з картай у руках, неабходна выбраць сярод мноства пераплеценых сцяжынак менавіта той накірунак, які абавязкова прывядзе да жадаемага пункта прызначэння, багата аздобленага духоўнымі каштоўнасцямі, прынясе шчаслівае задавальненне ад пражытых гадоў і закладзе ва ўзаемаадносінах з людзьмі, у асабістым сэрцы невычэрпныя запасы чалавечай годнасці, прыстойнасці, дабрыні, добрасумленнасці, жыццялюбства, бездакорнага служэння і вернасці абраным ідэалам, адданасці працоўнаму самавызначэнню.

Менавіта такі жыццёвы маршрут выбрала для сябе Марыя Уладзіміраўна Беленава, чалавек вядомы і аўтарытэтны ў нашым раёне і не толькі. На геаграфічнай карце яе лёсу адклаліся розныя падзеі, радасныя і сумотныя; рэальнасць, часам супярэчлівая і непаразумелая, не раз ставіла перад выбарам, падносіла выпрабаванні, але ў пошуках выйсця з іх Марыя Уладзіміраўна ніколі не здрадзіла прынцыпам чалавечай годнасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі, сфарміраваных яшчэ ў дзіцячыя і юнацкія гады, што дапамагаюць ёй і сёння, знаходзячыся ў статусе пенсіянера, весці цікавы і карысны для людзей і сябе вобраз жыцця. “Я ніколі не шкадую аб мінулым, — прызнаецца Марыя Уладзіміраўна. — Арыенцірам жа ва ўчынках і справах для мяне былі і ёсць мае бацькі, школьныя настаўнікі, інстытуцкія выкладчыкі, многія з тых, хто працаваў поплеч, дапамагаў па жыцці. Словы ж рускага крытыка В. Г. Бялінскага сталі свайго роду наказам пры выбары лёсавага шляху: “Галоўная задача чалавека ва ўсялякай сферы дзейнасці, на ўсялякай ступені ў лесвіцы людской іерархіі — быць чалавекам…” Для ўсіх, хто ведае Марыю Уладзіміраўну, яна — прыгожы, светлы, шчыры, сардэчны чалавек, апантаны ў працы…

“Бацькоўскі дом, школа — гэта святое…”

“Я не лічу сябе нейкім асаблівым чалавекам, — гаворыць Марыя Уладзіміраўна, — імкненне да актыўнай жыццёвай пазіцыі, усведамленне правільных прыярытэтаў, правільнага лёсавага выбару фарміравалася пад уплывам бацькоў, школы. Бацькоўскі дом, школа — гэта святое… Мяне вучылі сапраўдныя настаўнікі, якім штодня дасылаю сваю ўдзячнасць: Цобкала А. К. (дзякуючы яму я палюбіла гісторыю, зрабіла правільны выбар будучай прафесіі), Гуцько У. Ф. (прывіў захапленне спортам, паходамі), Слабуха К. І., Гайсюк В. М., Давыдаў М. І., Давыдава А. І., Бяжко У. І, Конюх П. П. Гэта мае жыццёвыя куміры. Бацькоўскі дом — перш за ўсё памяць аб шчаслівым дзяцінстве. Менавіта там праклёўваліся ў душы першыя парастачкі дабрыні, патрыятызму (на жаль, нямоднае зараз слова). Нас з братам бацькі ніколі не каралі злым словам, недарэчнасці выпраўлялі дабрынёй. Ад таты і мамы, ад жыхароў нашай вуліцы мы пастаянна атрымлівалі ўрокі еднасці, добрасуседства, цікавасці да актыўнай жыццёвай пазіцыі. Мае бацькі ў сталым узросце прадаўжалі хадзіць на танцы ў мясцовы Дом культуры! Тата, Уладзімір Васільевіч, быў цікавым суразмоўцам. Родам з Барнаула, у гады Вялікай Айчыннай вайны служыў у 148 авіяцыйным знішчальным палку, тройчы паранены. Полк пасля вызвалення Беларусі ад фашыстаў базіраваўся ў г. Баранавічы. Тут тата сустрэў сваю будучую жонку, маю маму, Зінаіду Міхайлаўну, так і застаўся ў Беларусі. У розных сферах добрасумленна працаваў ён, камуніст, верны ідэям Кампартыі. Даўно няма ў жывых мамы, таты, брата. Цяжка… Але ёсць бацькоўскі дом, куды еду ў выхадныя дні, у час водпуску, дзе растуць у двары пасаджаныя імі дрэвы, цвітуць любімыя маміны кветкі, дзе ў пакоях пахне, здаецца, мамінымі булкамі, дзе ўсплываюць светлыя ўспаміны аб непаўторных хвілінах, калі ў дом прыходзілі Цобкала А. К., Давыдаў М. І., расказвалі аб ваенных падзеях, разважалі аб сапраўдным гераізме, абмяркоўвалі розныя падзеі жыцця. Так цікава было іх слухаць! Самае страшнае, што давялося перанесці, калі даглядала хворую матулю, потым бацьку, брата, і адчувала сваю бездапаможнасць перад невылечнай хваробай! Не дай Бог губляць дарагіх сэрцу людзей… Дзякуй сябрам, родзічам, добрым людзям, дапамогшым перажыць непапраўныя страты, а таксама маім вучням, якім аддавала часцінку свайго сэрца, іх спачуванне прыдавала сілы…”

І ўсё ж радасныя пункты прыпынку пераважаюць на жыццёвым шляху М. У. Беленавай, якія дазваляюць усвядоміць састаўляючыя паняцця “актыўная пазіцыя”.

Толькі факты

У школьныя, студэнцкія гады, у час працоўнай дзейнасці актыўна займалася спортам. Любімыя віды — бег, лыжы. Была членам інстытуцкай каманды “Буравеснік”, неаднаразова ўдзельнічала ў шматлікіх спартыўных спаборніцтвах, дабіваючыся добрых вынікаў. Аматар турызму. Уладальнік значка “Турыст СССР”. Аб’ездзіла амаль усё Чарнаморскае ўзбярэжжа, Крым, Паўночны Каўказ, узнімалася на Дамбай, у складзе лепшых камсамольцаў Гродзенскай вобласці ў 1971 годзе наведала Кубу, была на сустрэчы з Фідэлем Кастра. У 1976 годзе атрымала вышэйшую палітычную адукацыю ва ўніверсітэце марксізму-ленінізму Гродзенскага абкама КПБ. Узнагароджана значком ЦК ВЛКСМ “Лепшаму настаўніку-камсамольцу” (1976 г.). Працуючы ў Востухаўскай школе, актыўна ўдзельнічала ў мастацкай самадзейнасці мясцовага калгаса, з’яўлялася членам танцавальнага калектыву. Турыстычныя злёты, спаборніцтвы, паходы, канцэрты — звыклы графік жыцця маладой настаўніцы. Працуючы ў Доме піянераў, у школах г.п. Карэлічы, імкнулася зацікавіць дзяцей гісторыяй, даць ім глыбокія веды, заваявала заслужаны аўтарытэт сярод іх, калег па працы, бацькоў. Яе выхаванцы займалі прызавыя месцы ў абласным конкурсе “Галасы гісторыі”, пры паступленні ў вну здзіўлялі пазнаннямі ў гісторыі навуковых свяціл. Здзіўляюць і зараз. Тыя выпускнікі, якія наведваюць дадатковыя заняткі па гісторыі ў Марыі Уладзіміраўны, дасягаюць 80-100-бальных вынікаў! Думаю, у дадзеным выпадку каментарыі не патрэбны!

З 2013 года яна ўзначальвае Карэліцкую раённую арганізацыю Камуністычнай партыі Беларусі, у складзе якой сёння 30 чалавек (у 2013 годзе было толькі тры) і якая актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці раёна. У 2016 годзе выбрана членам ЦК КПБ. Часта публікуецца на старонках рэспубліканскай газеты “Камуніст Беларусі”, раённай газеты “Полымя”. У верасні гэтага года прымала ўдзел у III Пленуме Цэнтральнага Савета СКП-КПСС, які аб’яднаў прадстаўнікоў 17 кампартый з былых савецкіх рэспублік. Партыйны стаж          М. У. Беленавай — 43 гады!

Застаецца па-добраму пазайздросціць жыццёвай энергіі Марыі Уладзіміраўны, якая можа паслужыць прыкладам для кожнага з нас. Яна ж зазначае: “Я ўдзячна лёсу за ўсе этапы выбранага шляху, за людзей, стаўшых у свой час дарадцамі і памочнікамі ў асваенні мудрасцей жыцця. Гэта ўсе калектывы, у якіх давялося працаваць, цяперашнія калегі па музеі; гэта былыя работнікі райкама партыі, асабліва А. А. Яновіч, Б. І. Жураўская, В. Р. Калтуноў, Р. Н. Давыдоўскі. І сёння ў працоўных клопатах заўсёды магу звярнуцца за дапамогай да кіраўнікоў мясцовай улады —   В. Л. Шайбака, Р. Ю. Абрамчыка, А. В. Шкадава, І. М. Санчук, В. В. Куляка. А гэта шчасце — адчуваць, што цябе разумеюць, і, калі трэба, падтрымаюць, значыць, нездарма ты жывеш на свеце. Толькі б быў мір на Зямлі ды не ведалі людзі гора…”

Ад сябе ж дабаўлю, што не толькі я маю гонар быць знаёмай з Вамі, Марыя Уладзіміраўна, мець зносіны з Вамі, наталяцца Вашай жыццястойкасцю, сціпласцю, душэўнай прыгажосцю, людскасцю. Няхай доўга-доўга ўецца сцяжынка Вашага лёсу!

Галіна КАЛТУНОВА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

Марыя Уладзіміраўна Беленава нарадзілася пад знакам Вадалея ў 1948 годзе ў в. Далматаўшчына Карэліцкага раёна. Выпускніца Мірскай сярэдняй школы. Скончыла ў 1970 г. гістарычны факультэт Гродзенскага педінстытута імя Я. Купалы, па размеркаванні прыехала працаваць у родныя мясціны настаўнікам гісторыі Востухаўскай СШ. Праз тры гады прызначана на пасаду арганізатара пазакласнай і пазашкольнай работы Лукскай СШ, дзе ў 1974 г. уступіла ў члены Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. З лютага 1975 года — інструктар арганізацыйнага аддзела Карэліцкага райкама партыі, потым,  да 25 жніўня 1991 года, — загадчык сектара партыйнай работы райкама. Пасля распаду Савецкага Саюза, ліквідацыі Кампартыі — метадыст раённага Дома піянераў, з 1993 года да выхаду на пенсію — настаўніца гісторыі СШ № 2 г.п. Карэлічы. На заслужаным адпачынку прабыла адзін год, пасля чаго па прапанове тагачаснага дырэктара СШ № 1 г.п. Карэлічы    І. В. Асташэвіч узначаліла школьны музей, адкуль па рэкамендацыі В. В. Куляка і Н. А. Маісеенка перайшла ў Карэліцкі краязнаўчы музей, дзе працуе і сёння навуковым супрацоўнікам. Рыхтуе тэматычныя фотавыставы (у тым ліку і выязныя), праводзіць экскурсіі, музейныя ўрокі, удзельнічае ў раённых і абласных семінарах, многа выступае перад насельніцтвам раёна, перад моладдзю.

За гэтымі афіцыйнымі радкамі і лічбамі, як аказалася, крыецца многае, што дазваляе раскрыць адметную ўнутраную сутнасць Марыі Уладзіміраўны, якая так адпавядае свайму імя і знаку Вадалея: дабрыню і надзейнасць, працалюбства, няўрымслівасць душы, самаахвярнасць, фантастычную самаадданасць у працы, вернасць у сяброўстве,  гуманнасць, гатоўнасць без усялякай карысці для сябе дапамагчы любому, хто аказаўся ў бядзе, добразычлівасць, багацце ўнутранага свету, адкрытасць, настойлівасць, талент будаваць адносіны з людзьмі незалежна ад іх статусу, імкненне даводзіць пачатую справу да лагічнага канца.

 

One thought on “Яе жыцця належнейшы маршрут

  • 15.11.2017 в 19:31
    Permalink

    Добра памятаю Марыю Уладзімірауну. Яна выкладала гісторыю у Востухаускай школе , дзе я навучалася . Вельмі сімпатычная маладая настауніца , якая падабалася маім аднакласнікам . Яна добра ведала свой прадмет і цікава , даступна праводзіла свае урокі . Хачу пажадаць далейшых творчых поспехау , здароу;я , энергіі і задору .

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий