Депутат Жуховичского совета депутатов Ольга Савко всегда на связи с местным населением

Дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў заўсёды знаходзіцца ў полі зроку жыхароў той ці іншай мясцовасці. Гэта зразумела, таму што дэпутат заўсёды з’яўляўся і сёння з’яўляецца тым чалавекам, да якога можна звярнуцца за дапамогай. Людзі, асабліва жыхары сельскай мясцовасці, ідуць да дэпутата, калі неабходна вырашыць тое ці іншае жыццёвае пытанне.

Такім чалавекам на жухавіцкай зямлі, да якога можна звярнуцца за дапамогай і парадай, з’яўляецца галоўны ўрач Жухавіцкай урачэбнай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Вольга Фёдараўна Саўко. Дарэчы, Вольга Фёдараўна дэпутат не толькі 27-га склікання, але і двух папярэдніх таксама. Такім чынам, “узрост” яе дэпутацкай дзейнасці налічвае амаль 12 гадоў.
Да Вольгі Фёдараўны жыхары Жухавіцкага сельсавета звяртаюцца не толькі ў прыёмныя дні, якія на графіку прыпадаюць на кожны трэці чацвер месяца.
– Людзі ведаюць, дзе мяне можна знайсці. Кожны дзень я на сваім працоўным месцы ў амбулаторыі. Часцей за ўсё спачатку да мяне прыходзяць як да ўрача, а ўжо потым дзеляцца набалелымі пытаннямі. Такім чынам, мае прыёмныя дні бываюць значна часцей, чым запланаваны па графіку, – з усмешкай адзначае жанчына.
У зону абслугоўвання ўрача агульнай практыкі ўваходзяць 9 населеных пунктаў Жухавіцкага і Мірскага сельсаветаў: Вялікія Жухавічы, Вялікая і Малая Мядзвядка, Хлюпічы, Малыя Жухавічы, Юравічы, Нягневічы, Кожава і Бурдзевічы. На яе ўчастку абслугоўвання пражывае 1620 чалавек, з якіх 250 дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў. Такім чынам, пытанняў, як прафесійных, так і грамадскіх, заўсёды хапае. Але ўсе яны знаходзяць адказ.
– Калі да мяне звяртаюцца з пытаннем добраўпарадкавання, тады яго вырашаем агульнымі намаганнямі са старшынёй сельсавета. Нядаўна, напрыклад, пасля звароту да старшыні СВК “Жухавічы” станоўча было вырашана пытанне працаўладкавання аднаго з мясцовых жыхароў. Вельмі часта людзі пажылога ўзросту з аддаленых вёсак просяць набыць ім неабходныя лекі. Чым можам, тым і дапамагаем, – сціпла расказвае Вольга Фёдараўна.
Урач агульнай практыкі – пастаянны член назіральных камісій, якія наведваюць адзінокіх і адзінока пражываючых людзей сталага ўзросту, неблаганадзейныя сем’і, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У зоне абслугоўвання Вольгі Фёдараўны такіх катэгорый грамадзян нямала: 150 адзінока пражываючых і 25 адзінокіх пенсіянераў, 4 сям’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 16 доўгажыхароў. Як педыятр жанчына ажыццяўляе патранаж нованароджаных і дзяцей ва ўзросце да года. Менавіта гэтую спецыяльнасць Вольга Фёдараўна атрымала пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў 1988 годзе.
Мне давялося пагутарыць з маладой матуляй Анастасіяй Знайдзён, якая разам з сямімесячным сынам прыйшла на планавы агляд.
– Вольга Фёдараўна педыятр ад Бога. Калі да яе прыйсці, яна заўсёды дапаможа. Часам нават ісці не абавязкова, можна проста патэлефанаваць і атрымаць выдатную кансультацыю: чым прыкармліваць малога, як рабіць масаж, якія вітаміны прымаць, – з павагай да прафесіянала расказвае Анастасія.
Вольга Фёдараўна таксама прымае ўдзел у пасяджэннях каардынацыйных саветаў, грамадскага пункта аховы правапарадку. Як член пярвічнай арганізацыі РГА “Беларускі саюз жанчын” прымае ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця і выступае з лекцыямі на інфармацыйных гадзінах.
Вельмі цікава, нават дзіўна: як жанчына ўсё паспявае?
– Калі ёсць жаданне ўсё паспяваць, тады і паспееш, – просты, але такі мудры адказ дала Вольга Фёдараўна.
Трэба толькі бачыць, як ветліва сустракае ўрач кожнага пацыента. Ёсць людзі, якія выклікаюць прыхільнасць да сябе з першых хвілін знаёмства. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Вольга Фёдараўна. Зусім нядзіўна, што людзі раскрываюцца і дзеляцца набалелым.
– Лепшага ўрача мы і жадаць не можам. Добразычлівая, ветлівая, уважлівая. Да яе можна звярнуцца па любому жыццёваму пытанню, заўсёды пацікавіцца, як справы ў дзяцей і родных, – дзеліцца Людміла Мікалаеўна Арцюх, якая наведвае дзённы стацыянар амбулаторыі.
Гаварыць можна шмат, але рэальная дапамога значыць больш, чым тысяча слоў. Такую дапамогу Вольга Фёдараўна аказвае не толькі як урач сваім непасрэдным пацыентам, але як дэпутат мясцовага Савета дэпутатаў усім, хто звяртаецца да яе.

Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий