Валерый Варэнік з гонарам адслужыў на пагранічнай заставе ў г.п. Воранава

Як сёння прызыўнікі глядзяць на армію? З аднаго боку ёсць тыя, хто шукае любыя варыянты, каб пазбегнуць службы ў арміі. З другога – тая моладзь, якая лічыць гонарам і асабістым абвавязкам прайсці армейскі шлях.

З адным з такіх юнакоў, які з годнасцю аддаў абавязак Радзіме, мне пашчасціла весці размову. Валерый Варэнік з в. Пагарэлка Карэліцкага раёна ўпэўнены ў тым, што служыць у арміі прэстыжна і неабходна.

– Я пайшоў служыць, не задумваючыся ні на хвіліну. Армія – гэта ўрок на ўсё жыццё. Вядома, за год службы я памужнеў, пасталеў, погляды на некаторыя рэчы змяніліся кардынальна. Да таго ж армія выдатна дысцыплінуе. У мяне выпрацаваўся пэўны рэжым. Прыехаўшы дадому, я па прывычцы ўстаю рана і сілкуюся па армейскіх гадзінах. Калі снеданне, то яно павінна быць у 8 гадзін раніцы, а не бліжэй да абеду. Меню ў сталовай было простае, але смачнае і сытнае, амаль як дома. Таму я не толькі не схуднеў, а, наадварот, набраў некалькі кілаграмаў, – успамінае армейскія будні Валерый, які адслужыў устаноўлены тэрмін службы і звольнены ў запас 20 лістапада бягучага года.

Юнак адслужыў год на вучэбнай пагранічнай заставе вайсковай часці 1234 у г.п. Воранава па спецыяльнасці “інспектар пагранічнай службы”. Служыў толькі год, бо яшчэ да арміі паспеў атрымаць вышэйшую адукацыю. Вучыўся на аграрна-механічным факультэце Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, пасля заканчэння якога атрымаў спецыяльнасць інжынера-механіка. Аб сур’ёзным стаўленні да жыцця сведчыць дастатковы працоўны стаж. Некаторы час працаваў у ДП “Племзавод “Карэлічы”,  будучы студэнтам, неаднаразова быў заняты на ўборачнай у родным ДП “Царука”.

У адрозненні ад звычайных вайсковых часцей на пагранічнай заставе няма адзінага раскладу для ўсіх салдат. У кожнага ваеннаслужачага свой асабісты распарадак дня, бо служба тут ідзе кругласутачна. Сам Валерый успамінае пра дні, праведзеныя ў войску, з настальгіяй і пэўнай цеплынёй.

– Безумоўна, першапачаткова было цяжка, бо фізічная нагрузка была дастаткова сур’ёзная. Але потым арганізм прывыкае і ўжо сам патрабуе фізічных практыкаванняў. Тэарэтычныя заняткі таксама былі вельмі карысныя. Мы вывучалі тактыку пагранічнай службы, віды і правілы карыстання зброяй, займаліся ідэалагічнай падрыхтоўкай. Асабіста мне было цікава паглыбіцца ў тонкасці ваеннай справы. Потым усе тэарэтычныя веды замацоўваліся на практыцы, – расказвае юнак.

Для салдат на заставе быў арганізаваны вольны час. Гэта перш за ўсё спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Арганізоўваліся святочныя канцэрты, прысвечаныя такім значным датам, як Дзень Перамогі, Дзень пагранічнай службы і інш. У кожнага з ваеннаслужачых быў асабісты вольны час у залежнасці ад яго распарадку дня.

– Сёння многія ставяцца да службы ў арміі адмоўна, бо напалоханы чуткамі і здагадкамі. У гэтым плане мне пашанцавала, нічога дрэннага пра сваю службу сказаць не магу.  Я пазнаў, што такое падтрымка таварыша, яго надзейнае плячо, якое так неабходна на баявых занятках. Мы сапраўды сталі як адна сям’я. На мой погляд, цяжка можа быць у арміі тым юнакам, якія на грамадзянцы жывуць у віртуальнай рэальнасці і нічога не бачаць акрамя манітора камп’ютара. Яны зусім не прызвычаены да рэальнага жыцця. Таму праблема заключаецца не ў армейскіх буднях, а ў самой моладзі, – разважае юнак.

Аб тым, што радавы Валерый Варэнік служыў годна і самааддана, сведчыць выпіска з яго службовай характарыстыкі: “Мае высокія паказчыкі па прафесійна-службовай падрыхтоўцы. На занятках праяўляе актыўнасць. Воінскія статуты вывучае старанна і карыстаецца імі ў паўсядзённым жыцці. Дысцыплінаваны.”

Адным з самых яркіх момантаў за год службы стала прысяга. Валерый прызнаецца, што галоўныя для кожнага салдата словы вымавіў на адным дыханні. Безумоўна, хваляваўся, але ў той жа момант яго перапаўняла пачуццё гонару за Радзіму.

– Часта чую такое меркаванне, што за год ці паўтара года службы ў арміі можна падняцца на ногі, завесці     сям’ю. На мой погляд, усяму свой час. Толькі адслужыўшы ў арміі, пачынаеш рэальна  глядзець на рэчы і будаваць планы на будучыню. Дарэчы, калі вы жадаеце звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі, тады служба ў арміі пойдзе вам толькі на карысць, – адзначае юнак.

Аксана ЯНУШ.

Фота з архіва

Валерыя Варэніка.

 

Добавить комментарий