Аграном-аграхімік КСУП «Цырын-Агра» Леанід Сцецка сапраўдны патрыёт свайго сяла

Як утрымаць маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці? Пытанне, якое хвалюе не толькі кіраўніцтва раёна, але і жыхароў аграгарадкоў і вёсак, колькасць насельніцтва якіх у апошнія гады працягвае зніжацца. З жаданнем змяніць дэмаграфічную сітуацыю на роднай зямлі Леанід Леанідавіч Сцецка пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа пачаў працоўны шлях у КСУП «Цырын-Агра».

Малады аграном-аграхімік папоўніў калектыў прадпрыемства ў ліпені 2017 года. Старэйшае пакаленне працаўнікоў прыняло хлопца як свайго. Яно і зразумела. Тут працуюць яго землякі, тут жа ён праходзіў практыку падчас вучобы ў каледжы. Са слоў Леаніда Леанідавіча, найбольшую падтрымку яму аказвае галоўны аграном прадпрыемства Генадзій Міхайлавіч Першукевіч.

Уборачная кампанія скончана, і праца з палёў перанеслася ў кабінеты. У час размовы з журналістам малады спецыяліст займаўся кадзіроўкай культурных раслін.

 Леанід Леанідавіч упэўненымі крокамі набіраецца вопыту і ведаў. Неўзабаве яму трэба будзе сачыць за станам палёў, ажыццяўляць аналізы, палявыя доследы з ужываннем угнаенняў, правяраць эфектыўнасць апошніх і сродкаў хімізацыі.

– Да сваіх працоўных абавязкаў трэба ставіцца з вялікай адказнасцю, унікаць у сутнасць справы, тады і будуць добрыя вынікі, – сцвярджае аграном-аграхімік, ад якасці працы якога залежыць ураджайнасць у гаспадарцы.

Ужо тры гады хлопец з’яўляецца сем’янінам. Жонка Юлія Анатольеўна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па догляду за дзіцем. Старэйшаму сыну Мікіце 2,5 года, а малодшаму Роме крыху больш за год.

У вольны час малады бацька стараецца надаць як мага больш увагі дзецям, а таксама паспявае займацца рамонтам у нядаўна набытай кватэры ў агр. Цырын. Да ўсяго іншага вырашыў з жонкай абзавесціся хатняй гаспадаркай.

– Для паўнавартаснага жыцця ў сельскай мясцовасці створаны нядрэнныя ўмовы. Трэба толькі захацець застацца тут жыць і працаваць на карысць роднаму прадпрыемству, – падагульніў Леанід Леанідавіч.

Караліна КУЧУК.

Добавить комментарий