Чем сегодня живет Циринский сельсовет?

Цырынскі сельсавет – адна са старажытнейшых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак на тэрыторыі Карэліцкага раёна. Вёска Цырын, якая сёння з’яўляецца аграгарадком, вядома з першай паловы XV стагоддзя як вялікакняжацкае ўладанне. Гістарычна даказаны той факт, што Цырын – адзіны населены пункт Карэліччыны, які ў мінулым атрымаў магдэбургскае права, і яго герб сёння з’яўляецца афіцыйным геральдычным сімвалам. Як вядома, без гісторыі не можа быць сучаснасці. Гістарычнае мінулае в. Цырын багатае, а пра сучасны стан аграгарадка і прылягаючых вёсак расказала старшыня Цырынскага сельсавета Любоў Фёдараўна Атрашкевіч.

– Любоў Фёдараўна, што ўяўляе сабой Цырынскі сельсавет сёння?

– Цырынскі сельсавет з цэнтрам у аграгарадку Цырын размяшчаецца на плошчы 629 квадратных кіламетраў і ўключае ў сябе 13 населеных пунктаў, дзе пражываюць 1123 чалавекі. Як ні сумна аб гэтым гаварыць, але вёскі не прырастаюць. За год нараджаецца 5-6 немаўлят, а памірае каля 30 чалавек. Напрыклад, у вёсцы Рукаўчыцы сёння жывуць толькі 2 пенсіянеры. Больш-менш станоўча ў гэтым плане выглядае в. Аканавічы з насельніцтвам 125 чалавек.

– Мабыць, і колькасць пустуючых дамоў расце. Які іх далейшы лёс?

– Сапраўды, многія з дамоў сёння незаселеныя. Калі дакладней, то на тэрыторыі сельсавета 378 дамоў, якія выкарыстоўваюцца для часовага пражывання. Іх даглядаюць родныя былых жыхароў. Пытанняў з такімі домаўладаннямі не ўзнікае. Усяго на цырынскай зямлі 746 дамоў. На сённяшні дзень 4 дамы, што складае толькі 0,5% ад агульнай колькасці, прызнаны пустуючымі. Увогуле, з пачатку дзеяння Указа №100 было знесена 25 будынкаў, фундаменты якіх былі пахаваны. З пачатку бягучага года 7 пустуючых дамоў паўтарылі лёс сваіх папярэднікаў. Усе землі далучаюцца да севазвароту. Некаторыя дамы выкупляюць гараджане пад дачы. За 2016-2017 гады каля 8 дамоў набылі новых гаспадароў.

– Раскажыце, калі ласка, у якім стане дарогі на тэрыторыі сельсавета?

– Мы стараемся падтрымліваць дарогі ў належным стане. Але толькі ўласнымі сіламі гэта зрабіць цяжка. У мінулым годзе вялікую дапамогу аказаў Карэліцкі раённы выканаўчы камітэт. За кошт бюджэтных сродкаў была заасфальтавана вуліца ў в. Кайшоўка. Сёння па неабходнасці праводзіцца ямачны рамонт участкаў дарог. На 2018 год запланаваны рамонт дарогі ад в. Быкевічы ў напрамку г. Баранавічы.

– А як абстаяць справы з актуальным пытаннем збору смецця?

– На сённяшні дзень цэнтралізаваным вывазам смецця Карэліцкім РУП ЖКГ ахоплены такія населеныя пункты, як агр. Цырын, в. Аканавічы, Дорагава, Застадолле, Кайшоўка, Рукаўчыцы, што складае 46% ад агульнай колькасці ў сельсавеце. На тэрыторыі Цырынскага сельсавета размяшчаецца 1 міні-палігон у в. Аканавічы. У мінулым годзе быў рэкультываваны сметнік у аграгарадку, сёлета – у в. Бабонеўка. На мой погляд, гэтае пытанне цалкам і поўнасцю залежыць ад самасвядомасці кожнага жыхара сельсавета. Несанкцыянаваныя звалкі самі па сабе ніколі не ўзнікаюць.

Цырынскі сельсавет мае багатую гісторыю. Альшаны — радзіма доктара ветэрынарных навук В. В. Сака. У Цырыне нарадзіўся доктар тэхнічных навук І. І. Леановіч. Але перш за ўсё цырынская зямля – калыска сельскагаспадарчых працаўнікоў. Антаніна Іванаўна Мохань, якая ўзнагароджана ордэнамі Знак пашаны і Працоўнага Чырвонага Сцяга, Уладзімір Іосіфавіч Слінько, які за старанную працу атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, – тыя лепшыя з лепшых, якімі мы сёння ганарымся і на каго раўняемся. І такіх працаўнікоў, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскай гаспадаркі цырынскай зямлі, незлічоная колькасць.

Аксана Януш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.