Делаем новогодние игрушки своими руками

Зусім хутка ва ўсіх кватэрах і дамах з’явяцца абавязковыя атрыбуты зімовых святаў – ёлкі. Упрыгожваць іх – любімы занятак не толькі дзяцей, але і дарослых. Для ажыццяўлення гэтай даўняй традыцыі гандлёвыя аб’екты, у тым ліку і ў Карэлічах, прапануюць нам шэраг ёлачных цацак, гірлянд і мішуры. А можна, не прыкладаючы вялікіх намаганняў, стварыць і сваімі рукамі якую-небудзь навагоднюю штучку. За парадай у гэтай справе журналіст газеты «Полымя» звярнулася да майстроў Карэліцкага Дома рамёстваў. 

У аддзеле рамеснай дзейнасці арганізавана работа шасці гурткоў для дзяцей. На адным з іх, «Вольнай хвілінцы», карэліцкія школьнікі зараз займаюцца вырабам навагодніх сувеніраў. Аказалася, для стварэння арыгінальнай мяккай цацкі-сабакі патрэбны ўсяго толькі невялікі ліст фетру (кавалак тканіны для абіўкі мэблі або са старога адзення), ніткі ад распушчанага світра (сінтэпон, паралон), пацеркі, ніткі, іголка, нажніцы і клей.

Простыя выкрайкі для стварэння сабак можна ўзяць з інтэрнэту, раздрукаваць і выразаць па іх лекала. Затым дэталі будучай сабакі трэба ўручную сшыць. Не забудзьцеся пакінуць месца, праз якое напоўніце выраб сінтэпонам. У завяршэнне прыляпіце пацеркі ў якасці вачэй і носа. Па жаданні можаце на шыю сабакі павязаць шалік або зрабіць банцік, а таксама прышыць пяцельку, з дапамогай якой змесціце выраб на ёлку. 

Хоць сімвал будучага года – сабака, цэны на прадукцыю Карэліцкага Дома рамёстваў не кусаюцца і вар’іруюцца ад 1 да 5 рублёў. Набыць упрыгажэнні і сувеніры ад мясцовых майстроў цяпер можна і на другім паверсе Дома быту ў  г. п. Карэлічы. Гандлёвая кропка тут будзе працаваць па чацвяргах і пятніцах да самага Новага года.

Караліна КУЧУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий