В Кореличском районе состоялась встреча с гродненским поэтом Николаем Серовым

Пад такой назвай у Карэліцкай дзіцячай школе мастацтваў адбылася творчая сустрэча з гродзенскім паэтам Мікалаем Сяровым.

Мікалай Сяроў нарадзіўся  5 красавіка 1958 года ў горадзе Скідзель. Дзіцячыя гады прайшлі ў Берштах і Азёрах на Гродзеншчыне. У 1965 годзе сям’я пераехала ў Скідзель, дзе жыў і вучыўся. Закончыў сярэднюю палітэхнічную школу №2 з залатым медалём і паступіў у БДУ на навукова-вытворчае аддзяленне фізфака.

Быў прызваны ў рады арміі. Прайшоў шлях ад радавога рабочага да старшыні Назіральнага Савета.

Закончыў БНТУ, аспірантуру.

Пісаць пачаў у раннім дзяцінстве. Друкавацца з 2004 года ў перыядычных выданнях, альманахах. Выдаў кнігі паэзіі: «Синий сон», «Над озером Белым», «Triolets».

Жыве ў горадзе Гродна.

Гэтая творчая сустрэча з паэтам на Карэліччыне ўжо другая. Падчас першай, у ліпені гэтага года, паэт падарыў раённай бібліятэцы свае творы з пажаданнямі дабра і святла, чытаць і любіць сапраўдную Паэзію, Літаратуру, Кнігу. Як любіць Мікалай Сяроў паэтычнае слова, адчувалася падчас сустрэчы, і каму пашчасціла тут пабываць, напэўна, не пашкадаваў. Словы паэта краналі слухачоў: ён чытаў вершы, якія хацелася слухаць.

Яны — аб блізкім кожнаму з нас: прыродзе, жыцці, каханні… Паэтычныя радкі ліліся з вуснаў паэта, як звонкі ручаёк, і можна было наталіцца, як у спёку, крынічнай вадой… Адзін верш змяняўся другім, змястоўным і пранікнёным,— так вобразна можа перадаць той, хто можа заўважыць усё ў матухне-прыродзе ці адчуць моц кахання і сяброўства.

Асобна звярнуўся Мікалай Сяроў да трыялетаў.

Так устроена природа:

Летом зной, зимою холод.

Ныне стар, а был ты молод —

Так устроена природа.

И в любую пору года

Есть тоска и мучит голод —

Так устроена природа,

Летом — зной, зимою — холод.

(«Так устроена природа…»).

Хацелася проста слухаць паэта — і душой дакрануцца да ўсяго зямнога, прыгожага, вечнага. Ён шмат гаварыў аб Яе Вялікасці Паэзіі, і сапраўды: што чалавек без яе варты? Па словах паэта, «у паэзіі нельга нічога пераблытаць, вершы дапамагаюць жыць».

У зале прысутнічалі навучэнцы Карэліцкага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя. У паэта таксама жыццё было звязана з будоўляй,  на што ён заўважыў: «Будоўля — адна з высакародных спраў, як і паэзія».

Разам з тым падчас аповеду пра сябе прызнаўся, што яму пашанцавала ў жыцці: усюды яго суправаджала прырода, таму і прысвечана ёй шмат твораў.

Порою подхожу к деревьям

И, обнимая их, стою:

Они мне о своем, о древнем, —

Навеют тихо грусть свою.

О днях, которым счета нету,

Об улетевших ввысь мечтах,

Они откроют все поэту

Корой беззвучной на устах.

Я часто подхожу к деревьям

И, обнимая их, стою:

Они поведают о древних

Мечтах — и я их затаю.

И снова выйду я в дорогу,

Услышу шум берез ночных,

Березы кроной ближе к Богу,

Есть тайны неба в шуме их…

(«Березы»).

Напрыканцы сустрэчы Мікалай Сяроў прачытаў верш на роднай мове. Паэт зазначыў, што «мы павінны вывучаць словы матчынай мовы» і «даваць ёй зазвінець, як той птушцы».  Не адным толькі Хлебам жыве чалавек, але і Словам.

Вядучая, бібліятэкар Карэліцкай раённай бібліятэкі Валянціна Іванаўна Кошур напачатку сустрэчы сказала, што свет аўтара багаты і разнастайны, напоўнены любоўю да ўсяго жывога: людзей, братоў меншых, прыроды, і паэзія павінна знайсці водгукі ў сэрцы кожнага прысутнага ў зале. Яна не памылілася: сустрэча прайшла на «ўра», і гэтыя хвіліны застануцца  ў памяці надоўга.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, жыхарка райцэнтра Святлана Андрэеўна Кошур адзначыла, што паэт Мікалай Сяроў адкрыў свой свет, жыццёвыя ісціны. Пажадала, каб не знікала вера ў дабро і крылы ўзнімалі вышэй. Прачытала адзін з трыялетаў, які запаў у душу.

Падчас правядзення сустрэчы музычныя кампазіцыі выконвалі выкладчыкі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Вікенцьеўна Несцер і Вольга Аляксандраўна Буцкевіч.

Была арганізавана выстава кніг аўтара «Река судьбы».

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Іны ЛЕЙКА.

 

Добавить комментарий