Медагляд усяго за адзін дзень можна прайсці ў Карэліцкім раёне

“Што такое дыспансерызацыя ці планавы прафілактычны агляд?”,  “Калі і каму яго неабходна праходзіць?”,  “З якой мэтай праводзяцца медагляды?”. Гэтыя і іншыя пытанні сёння хвалююць большую частку насельніцтва, бо, як кажуць, са здароўем не жартуюць.

За поўнай інфармацыяй аб дыспансерызацыі насельніцтва звяртаемся да загадчыка аддзялення прафілактыкі Карэліцкай райбальніцы, урача-тэрапеўта Наталлі Аляксандраўны Рамановіч:

– Дыспансерызацыя – гэта дынамічны кантроль за станам здароўя людзей. У нашай краіне існуе ўсеагульны планавы медагляд, які павінны прайсці ўсе без выключэння грамадзяне. Увогуле існуюць 3 дыспансерныя групы: Д1 – поўнасцю здаровыя людзі, Д2 – практычна здаровыя грамадзяне, але якія маюць пэўныя фактары рызыкі (празмерная маса цела, курэнне, павышаны ціск і іншыя), Д3 – група людзей з хранічнымі захворваннямі.

На сённяшні дзень згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 12 жніўня 2016 года №96 “Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку правядзення дыспансерызацыі”, тыя, хто адносяцца да груп дыспансернага назірання Д1 і Д2, павінны былі праходзіць планавы медагляд адзін раз у два гады. Пацыенты дыспансернай групы Д3 павінны абследавацца адзін раз у год.

Для таго, каб не атрымаць непрыемныя сюрпрызы і праблемы са здароўем у будучыні, у рамках планавага медагляду ёсць выразна абумоўлены аб’ём даследаванняў у залежнасці ад узросту пацыента.

У 18-39 гадоў: вымярэнне ўзроўню артэрыяльнага ціску, індэкса масы цела, здача агульнага аналізу крыві і мачы, вызначэнне ўзроўню глюкозы ў крыві, электракардыяграма (па медыцынскіх паказаннях), флюараграфія (адзін раз у тры гады; кожны год напраўляецца той, хто мае высокую рызыку заражэння, напрыклад, жыве з роднымі, хворымі на сухоты, а таксама прадстаўнікі пэўных прафесій: урачы, настаўнікі, работнікі цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва). Агляд урача акушэра-гінеколага таксама ажыццяўляецца адзін раз у тры гады.

Пацыентам, якім споўнілася 40 гадоў, да вышэйназваных даследаванняў дадаецца біяхімічны аналіз крыві. Флюараграфію ім неабходна праходзіць адзін раз у два гады.

На самой справе, медагляд не займе шмат часу. Вось просты алгарытм дзеянняў для тых, хто прыйшоў на дыспансерызацыю:

 звяртаемся ў рэгістратуру Карэліцкай раённай паліклінікі і гаворым, што жадаем прайсці медагляд;

 работнікі рэгістратуры адносяць амбулаторную карту ў кабінет прафаглядаў №2, куды мы і адпраўляемся;

 у кабінеце №2 медсястра вымярае рост, артэрыяльны ціск, індэкс масы цела, удакладняе фактары рызыкі і выпісвае напраўленні на здачу неабходных аналізаў;

 падымаемся на чацвёрты паверх паліклінікі ў кабінет №79, дзе можна здаць аналізы з 8 да 11 гадзін раніцы; біяхімічны аналіз крыві можна здаць у кабінеце №61;

 праходзім флюараграфію ў кабінеце №1, затым электракардыяграму сэрца ў кабінеце №44;

 жанчынам неабходна прайсці ўрача акушэра-гінеколага;

 вынікі аналізаў можна даведацца пасля 15-16 гадзін дня ў кабінеце №2, пасля чаго адпраўляемся да ўчастковага тэрапеўта.

Сёння тэрапеўты працуюць пазменна, некаторыя з іх да 20 гадзін вечара. Але ўсё ж такі графік работы вашага ўчастковага ўрача лепш удакладніць у рэгістратуры. Пры неабходнасці тэрапеўт можа накіраваць да вузкіх спецыялістаў. На гэтым медагляд пройдзены.

Як бачым, дыспансерызацыя не зойме шмат часу. Лепш лішні раз наведаць паліклініку і прайсці мінімальны комплекс абледаванняў, чым не заўважыць тое, што можа ў будучым прывесці да сур’ёзных праблем са здароўем.

Лічбы кажуць самі за сябе: за 10 месяцаў бягучага года ў Карэліцкім раёне дыспансерызацыю прайшлі 15015 чалавек, альбо 87% ад агульнай колькасці насельніцтва. Колькасць упершыню выяўленых захворванняў складае 4213. Шмат гэта ці не, мяркуйце самі, але за ёй стаяць тысячы людзей, якія прайшлі медагляд і тым самым даведаліся аб сваіх хваробах, якія лягчэй лячыць на ранніх стадыях.

Аксана ЯНУШ.

Фота Караліны КУЧУК.

Варта пачытаць:

Прогнать грусть поможет баня

 

Добавить комментарий