Полувековую годовщину свадьбы отметили супруги Чеботаревич

Паўвекавая гадавіна вяселля – важная вяха, дасягнуць якую можна толькі дзякуючы ўзаемаразуменню, падатлівасці і адданасці адзін аднаму. Менавіта так лічаць залатыя юбіляры Міхаіл Міхайлавіч і Марыя Васільеўна Чабатарэвіч, якія адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця.

Міхаіл Міхайлавіч нарадзіўся ў в. Ваўчынае Балота, цяпер – в. Зарэчча Карэліцкага раёна. Марыя Васільеўна родам з в. Нарковічы Свіслацкага раёна.

Пасля першага курса вучобы ў Ваўкавыскім ветэрынарным тэхнікуме юнага Міхаіла прызвалі ў армію. 4 гады ён служыў падводнікам на Балтыйскім флоце. Аднойчы, знаходзячыся ў водпуску, марак вырашыў зайсці ў тэхнікум, каб павітацца з выкладчыкамі. На вахце Міхаіла спыніла дзяжурная дзяўчына, якая адразу ж яму спадабалася. Пазнаёміліся ўвечары на танцах.

На наступны дзень Міхаіл і Марыя зноў сустрэліся. Гэта было іх першае і адзінае спатканне перад далейшай службай марака на флоце.

Закаханыя цэлы год вялі перапіску. Пасля службы Міхаіл Міхайлавіч аднавіўся ў тэхнікуме і працягнуў сустракацца з Марыяй Васільеўнай.

Неўзабаве яны зразумелі, што гатовы назаўжды пераплесці свае лёсы. 2 снежня 1967 года Міхаіл Міхайлавіч і Марыя Васільеўна згулялі вяселле.

Маладая пара добрасумленна працавала ў ветстанцыі г. п. Карэлічы, затым у гаспадарцы «Племзавод «Карэлічы», пасля на ветучастку калгаса імя Царука, дзе спецыялістам выдалі службовае жыллё. Так і засталіся жыць на Карэліччыне.

Да выхаду на заслужаны адпачынак удваіх працавалі ветэрынарнымі фельчарамі. Зараз Міхаіл Міхайлавіч аказвае дапамогу хатняй жывёле аднавяскоўцаў, Марыя Васільеўна – захавальніца сямейнага ачага. 

Сёння юбілярам ёсць чым ганарыцца. Яны выгадавалі двух выдатных сыноў і дачку, маюць траіх унукаў і прыгажуню-ўнучку.

У суботні поўдзень, 2 снежня, Міхаіл Міхайлавіч і Марыя Васільеўна зноў апынуліся ў ролі жаніха і нявесты. На гэты раз іх гасцінна сустракалі ў Карэліцкім ЗАГСе.

Пасля цёплых слоў у адрас залатых юбіляраў начальнік аддзела ЗАГС Карэліцкага райвыканкама В. М. Сіўко прапанавала мужу і жонцы змацаваць подпісамі паўвекавы саюз, а затым устаць на вясельны ручнік, разасланы ўнукамі.

Міхаіл Міхайлавіч і Марыя Васільеўна прызналіся, што нават пры магчымасці вярнуць час назад, нічога б не змянілі ў сваім жыцці. Супрацоўнікі ЗАГСа пацікавіліся, што муж і жонка больш за ўсё цэняць адзін у адным. Як аказалася, Марыя Васільеўна ў каханым мужчыне паважае вернасць, а галава сям’і ў сваёй жанчыне – дабрыню і сумленнасць.

У гэты дзень павіншаваць віноўнікаў імпрэзы сабраліся іх родныя і блізкія людзі, а таксама прадстаўнікі прадпрыемства, дзе даўжэй усяго адпрацавалі юбіляры.

Работніца фермы «Лядкі» КСУП «Царука» А. М. Клаўсуць амаль два дзясяткі гадоў з’яўляецца сяброўкай сямейства Чабатарэвіч: «Мы часта збіраемся на разнастайных святах, днях нараджэння. З упэўненасцю магу сказаць, што яны (юбіляры – аўт.) добрыя і спагадлівыя людзі. Я вельмі рада і ганаруся тым, што знаёмая з імі».

Для прысутных гасцей на працягу ўсяго мерапрыемства гучалі кампазіцыі ў выкананні народнага ансамбля песні «Забава» ДУК «Карэліцкі РЦКіНТ».

Па завяршэнні імпрэзы супрацоўнікі аддзела ЗАГС не развіталіся з юбілярамі, а выказалі надзею ўбачыць іх зноў ужо на брыльянтавам вяселлі.

Караліна КУЧУК.

Фота аўтара.

Добавить комментарий