Пункт погляду журналіста: Палюбіць сябе

Хто з нас не ставіў перад сабою гэту мэту? Найчасцей менавіта тады, калі наступала чорная паласа ў жыцці, ахоплівала трывога і хацелася штосьці змяніць у лепшы бок. Паступова шкадаванне перарастала ў любоў да сваёй асобы.

У такія моманты жыцця чалавек імкнецца знайсці выхад са склаўшайся сітуацыі. Каб узняць настрой, адны спяшаюцца ў гандлёвыя кропкі за абноўкамі, другія прысвячаюць сябе любімаму занятку, трэція бавяць час у вясёлай кампаніі — кожны ратуецца па-свойму і з цягам часу адчувае прыліў новых сіл, і да яго прыходзіць добры настрой. Давялося ў жыцці нешта змяніць да лепшага — і гэта радуе.
У апошні час чую шмат довадаў пра тое, што здароўе — найкаштоўнейшае багацце. Многія клапоцяцца аб ім, удзяляючы значную ўвагу правільнаму харчаванню. Але ці толькі справа ў адной ежы? Ёсць яшчэ шмат складаючых, ад якіх яно залежыць. У першую чаргу, ад вядзення здаровага ладу жыцця. А ці рэгулярна займаемся спортам ці хаця б зарадкай? Сапраўды, ці заўсёды надаём гэтаму ўвагу?
Разам з тым ёсць і ворагі нашага здароўя: курэнне і алкаголь. Шмат гаворыцца пра іх шкоду ў тэле- і радыёперадачах, пішацца ў сродках масавай інфармацыі. Але ці ўсе да гэтага прыслухоўваюцца? У выніку пакутуюць самі і дзеці, разбураецца сям’я. А ўсё ад таго, што існуе памылковае меркаванне. Выпітая чарка-другая — і ўсе праблемы ў адзін момант вырашацца, і жыццё паўстане ў ружовых фарбах. Толькі такая “любоў” ні да чаго добрага не прыводзіць. Назаўтра дабаўляецца галаўны боль і з’яўляецца жаданне пахмяліцца. Зялёны змій пазбаўляе працаздольнасці. Нездарма ёсць меркаванне на гэты конт: “Выпіў — і цэлы дзень вольны”.
Іншая справа, калі чалавек марыць пра карысны адпачынак. Праўда, кожны выбірае свой, па жаданні і магчымасці. Каб убачыць плёскат хваляў на моры, адны на працягу года збіраюць грошы для паездкі. Для другіх наведванне дачы за горадам ці ў вёсцы стала нормай жыцця, там прыкладуць рукі і змогуць адпачыць. Для трэціх маленькая радзіма — астравок дзяцінства, мілы сэрцу куточак, да яго самыя чулыя адносіны, прыязджаюць сюды з вялікім задавальненнем. У любым выпадку чалавек адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівым — яго жаданні апраўдваюцца. У такія моманты жыцця пра большае не марыцца.
“Да людзей трэба адносіцца так, як бы ты хацеў, каб адносіліся да цябе”, — сцвярджаецца ў народнай прымаўцы. На жаль, пра гэта часта забываем. Любім толькі сябе, а далей, як гаворыцца, свайго носа не бачым. Хіба можна адчуваць сябе камфортна побач з тымі, у каго здарылася бяда і каму патрэбна працягнуць руку дапамогі, падтрымаць добрым словам? Чаму б гэта не зрабіць не толькі для сябра ці знаёмага, а ў першую чаргу для самога сябе? “Нішто так не ўпрыгожвае жыццё і сваё, і іншых людзей, як пастаянная звычка быць добрым”, — пісаў Л. Талстой.
Пераканана, калі чалавек аддае, то ён атрымлівае ўзамен. У нашым жыцці ўсё ўзаемазвязана: мы любім — і нас любяць. Калі ты адчуваеш гармонію з самім сабою, то ўсё вакол цябе здаецца такім жа светлым і чыстым. Бадай, мала ў якой сям’і няма “нашых братоў меншых”. Для многіх каты і сабакі сталі сябрамі, без іх не ўяўляюць жыцця. Успамінаецца, як адзін знаёмы заўважыў, што “жывёла ніколі не пакрыўдзіць, яна верна служыць чалавеку”.
А дзе яшчэ можам прыкласці рукі? Жанчыны любяць вырошчваць кветкі, садзяць іх ля адміністрацыйных будынкаў і ўласных дамоў, а пакаёвыя ў кватэры. Праязджаючы населеныя пункты раёна, сустракаю сапраўдныя астраўкі прыгажосці. Дзіву даюся: кветкі могуць зачараваць і падарыць радасць, якая захаваецца ў сэрцы надоўга. Ну як не любіць гэта? Як і самога сябе, бо непарыўна з ёю звязаны, з усім прыгожым на зямлі.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий