«Верыць у сябе і ніколі не падаць духам»

Пажылы ўзрост. Многія адчуваюць сябе камфортна: знаходзяць справу па душы, цікава плануюць будні, жывуць у суладдзі з самім сабой — лічаць сябе шчаслівымі.

Як гэта ўдаецца Марыі Пятроўне СЯНЮТА з райцэнтра, журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася падчас сустрэчы.

— Марыя Пятроўна, чаму Вы прысвяцілі сваё працоўнае жыццё?

— Два гады працавала бібліятэкарам Паланаеўскай сельскай бібліятэкі. Затым пасля дэкрэтнага водпуску ўладкавалася на Карэліцкі льнозавод, якому прысвяціла сваё працоўнае жыццё. Прайшла ўсе аперацыі — ад рабочай сыравіннага двара да аператара доўгага валакна. Даводзілася працаваць у тры змены. Работа была нялёгкай, але з задавальненнем ішла на працу. У калектыве існавалі дух згуртаванасці, сяброўства, узаемаразуменне.             Удзельнічалі ў сацспаборніцтвах. Любоў да прафесіі я пранесла праз гады.

— Як сустрэлі выхад на пенсію?

— Я пайшла на заслужаны адпачынак у пяцьдзясят пяць. Мне хацелася яшчэ папрацаваць, але па стану здароўя не магла гэтага рабіць. Не села на лавачцы: купілі з дачкой дачу непадалёк ад Карэліч, у вёсцы Заполле. Хацелася, каб быў агарод, і каб было дзе прыкласці рукі.

— Што прывяло ў Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— Праблемы з каленным суставам. Стала наведваць аздараўленчы гурток «Рытм», кіраўніком якога з’яўляецца Іна Генадзьеўна Ляўкевіч. Заняткі праводзяцца на працягу дзвюх гадзін два разы ў тыдзень, практыкаванні добра падабраны.

Параіла звярнуцца ў Цэнтр суседка па дачы Анжаліка Мікалаеўна Шастак. І не пашкадавала: займаюся на трэнажорах, пачала асвойваць тэхніку скандынаўскай хады. Людзі ў Цэнтры працуюць ветлівыя, добрыя, свецяцца цяплом, і сюды хочацца прыходзіць.

— Як удаецца накіраваць свае памкненні ў правільнае рэчышча?

— Я проста жыву сваімі клопатамі. Прысядзібны ўчастак мне толькі ў радасць. Хочацца, каб і кветкі цвілі, і ягады паспелі, і гародніна была… Настрой узнімаецца, калі бачыш вынік сваёй працы. Кожную раніцу абыходжу кветнікі, градкі, любуюся раслінамі, затым пачынаю працаваць…

— Вы не адна ў сваіх памкненнях?

— Самыя асноўныя памочнікі — дачка Святлана і зяць Міхаіл. У летні час кожныя выхадныя прыязджалі на дачу, разам увіхаліся. Дачка дызайнер, усю душу ўкладвае ў працу на зямлі, і ёй гэта падабаецца. Каля раслін працуе як пчолка. Дачны ўчастак нас яшчэ больш зблізіў. Я вырасла ў вёсцы, і работа мне заўсёды прыносіць задавальненне. Радасць перапаўняе душу, і гэтым жыву.

Хачу сказаць добрае слова пра сваіх суседзяў, якія мяне заўсёды падтрымліваюць, калі прыязджаю з вёскі. А гэта сем’і Гоўша, Угрыных, Маркевіч, Бабань. Мы дружна жывём.

— У духоўным накірунку як узбагачаецеся?

 — У зімовы час чытаю. Імкнуся больш новага даведацца пра працу на прысядзібным участку. У апошні час шмат зменаў адбываецца ў прыродзе, і любая парада садавода і агародніка карысная. Наведваю мерапрыемствы ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Пасля іх правядзення атрымліваю вялікае задавальненне.

— Як Вы ўвогуле адчуваеце сябе на пенсіі?

— Работа мне прыносіць задавальненне. Не трэба апускаць рукі ў любой сітуацыі. Знайсці сабе справу па душы. Верыць у сябе і ніколі не падаць духам. Не звяртаць увагі на перашкоды ў жыцці, пераадольваць іх, рухацца наперад.

— Якая з пораў года найбольш падабаецца?

— Люблю вясну — усё навокал прабуджаецца. Лета прыносіць шмат фарбаў, усё ў квецені, свежае паветра. Прыедзеш у вёску — і ціск нармалізуецца, і настрой узнімаецца.

— Многія людзі пажылога ўзросту любяць праводзіць час у інтэрнэце…

— Для мяне інтэрнэт не існуе. Ніколі не было жадання да яго павярнуцца, як гаворыцца, тварам. Хаця не адмаўляю яго магчымасцей: у сацыяльных сетках можна знайсці шмат карыснай інфармацыі. Куды бліжэй для душы пачытаць цікавую кніжку альбо газету.

— Што хацелася б яшчэ зрабіць у жыцці?

— Хочацца пажыць даўжэй, папрацаваць на зямлі. Заставацца дарадцам і сябрам для дзяцей і ўнукаў. І, вядома, прадаўжаць радавацца зямной прыгажосці — Карэліччына найлепшы куточак у свеце.

Падрыхтавала да друку Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий