З «Дажынак» прыехаў на ўласным «Масквічы»

Безумоўна, сціпласць упрыгожвае чалавека. У таго, хто заняты сваёй справай, плённа і старанна працуе на сваім месцы, няма часу займацца самаўсхваленнем. Менавіта з такім чалавекам, сціплым працаўніком і руплівым гаспадаром, які ўсё сваё жыццё прысвяціў цырынскім прасторам, мне пашанцавала пазнаёміцца.

Аляксандр Анатольевіч Буячынскі чалавек прызвычаены да роднай зямлі і працы на ёй. Тут ён нарадзіўся, скончыў 11 класаў Цырынскай сярэдняй школы. Вучыцца далей неяк не атрымалася. Своеасаблівай навучальнай установай для яго стала праца на полі, аўдыторыю замяніла кабіна камбайна, ручку – штурвал. Потым хлопца забралі на службу ў армію, дзе юнак годна аддаў абавязак Радзіме. Як не кажы, але дадому цягне. Таму пасля дэмабілізацыі Аляксандр Анатольевіч вярнуўся ў родны Цырын, каб аддаць іншы, працоўны абавязак зямлі, якая ўзгадавала.

Любоў і павагу да працы яму прывілі яшчэ ў дзяцінстве бацькі. Здаецца, Аляксандр Анатольевіч слова ў слова перапісаў працоўную гісторыю бацькі. Менавіта з ім юнак адчуў асалоду ад лёгкага шамацення каласістай нівы. Яшчэ да арміі хлопец працаваў у якасці памочніка з бацькам на жніве. Праз некалькі гадоў ён стаў паўнапраўным камбайнерам і пераняў уборачную эстафету. Працаваў, дарэчы, на тым жа камбайне «Ніва».

Працоўны стаж Аляксандра Буячынскага складае чвэрць стагоддзя. Увесь гэты час упэўнена трымае баранку ў руках, замяняючы яе на штурвал камбайна падчас гарачай уборачнай. Шмат гадоў працаваў вадзіцелем на МАЗе-5551, потым перасеў на Газель. Вось так і атрымліваецца, што апошнія 25 гадоў з тэхнікай ён на ты.

 Адказнае стаўленне да даручанай справы – вось галоўны залог яго паспяховай працы. А поспехі відавочныя: падчас сёлетняй уборачнай кампаніі намалаціў 1469 тон зерня, якім папярэднічалі 234 тоны рапсу.

– Жніво ў гэтым годзе прайшло ў момант, нават заўважыць не паспелі. Працавалі з 6 гадзін раніцы да 11 вечара. Мінулыя гады часам затрымліваліся на полі да 2-3 гадзін ночы. Але сёлета вільготнае надвор’е ўнесла значныя карэктывы, – успамінае нядаўнія гарачыя дні ўборачнай Аляксандр Анатольевіч.

Сказаць, што менавіта гэты год быў асабліва плённы для працаўніка, будзе несправядліва. З таго часу, як толькі прыступіў да працы ў роднай гаспадарцы, кожны сезон быў адпрацаваны старанна, сумленна. Таму Аляксандр Анатольевіч неаднаразова адзначаўся на вышэйшым узроўні. Пацвярджэннем гэтаму стаў удзел у рэспубліканскіх «Дажынках». Прычым тры гады запар. У 2000 годзе працаўнік прадстаўляў родную гаспадарку на рэспубліканскім аграрным свяце ў Шклове. Падарункам за добрасумленную працу стаў тэлевізар. У наступным годзе Аляксандру Анатольевічу таксама пашчасціла стаць удзельнікам галоўнай сельскагаспадарчай падзеі рэспублікі. Годным падарункам на “Дажынках-2001” стаў матацыкл. 2002 год быў ураджайны ва ўсіх адносінах: на жніве аграрый атрымаў выдатны намалот зерневых, на рэспубліканскіх дажынках у Полацку – выдатныя падарункі.

– Падчас уборачнай кампаніі-2002 мы з жонкай Кацярынай працавалі ў адной камандзе: я быў камбайнерам, яна – маім памочнікам. Дарэчы, ужо на працягу больш чым два дзясяткі гадоў мы з ёй ідзём побач у каханні і згодзе. На ўрачыстай сцэне ў Полацку, як і па жыцці, яна была са мной. Падарункі, якія мы атрымалі, былі проста шыкоўныя: мне як камбайнеру Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка ўручыў ключы ад новенькага «Масквіча», ёй як памочніку камбайнера – матацыкл. Як сямейнаму экіпажу нам падарылі музычны цэнтр. У той жа год гаспадарцы прэзентавалі новы камбайн «Мега-208». Ён і сёння, нягледзячы на ветэранскі ўзрост, спраўна шпацыруе па хлебнай ніве, – сціпла, але з адчувальным гонарам у голасе адзначае Аляксандр Анатольевіч.

Добавить комментарий