27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста: галасы карэліцкіх яўрэяў гучаць праз дзесяцігоддзі

На фота: Карэлічы. Рынак, адкуль яўрэяў адпраўлялі ў Навагрудак.

Вялікая Айчынная вайна падзяліла жыццё жыхароў Беларусі на “да” і “пасля”, і для перажыўшых вайну жыццё ўжо ніколі не стала такім, як было раней. Асаблівую катэгорыю жыхароў складалі яўрэі, якія адразу пасля ўступлення нацысцкіх войскаў апынуліся па-за законам, падвяргаліся масаваму знішчэнню. У літаратуры гэтае праследаванне называецца Халакост, з грэчаскай мовы – “усеагульнае спальванне”.
У Карэлічах яўрэі, якіх перад вайной налічвалася 1300 чалавек (каля 80% жыхароў), ужо ў канцы чэрвеня 1941 г. адчулі на сабе ўсе жахі Халакоста. Каб зразумець, на што яны спадзяваліся і як прыходзілі ў адчай, глядзелі ў твар смерці і змагаліся, неабходна, канешне ж, іх “паслухаць”. Памятная кніга карэліцкіх яўрэяў, якую склала невялікая жменя выжыўшых – каля 100 чалавек, што эмігравалі ў Ізраіль, дае такую магчымасць.
Па загаду немцаў быў створаны юдэнрат – яўрэйскі савет, які прымусілі ўзначаліць равіна Ісраэля Верніка. Савет даводзіў да яўрэяў загады нямецкай адміністрацыі.
Адным з першых загадаў новай улады быў загад усім яўрэям-мужчынам сабрацца на плошчы. Згодна спіска былі адабраны 105 чалавек, самых уплывовых – былых кіраўнікоў абшчыны, адукаваных, маладых. Хадзілі чуткі, што іх накіруюць на працу, яны застануцца жывымі. Напэўна, паверыўшы гэтым чуткам, Мішэль Шустар, парыкмахер, прасіў, каб немцы ўключылі ў гэтую групу яго яшчэ зусім маладога сына Рувена, але атрымаў адмову. Іншыя наадварот уцякалі, напярэдадні пачуўшы аб існуючым спіску. Менавіта так уратаваўся Бен-Цыён Гульковіц, які пасля далучыўся да яўрэйскага партызанскага атрада братоў Бельскіх. Мужчын зачынілі ў вучэбнай зале пры сінагозе, нікому не дазвалялі падыходзіць, каб перадаць ежу, і нават забівалі. Пасля мужчын вывезлі ў Навагрудак, дзе расстралялі ў невядомым месцы. Карэліцкія яўрэі не адразу атрымалі весткі аб гэтым і верылі, што іх родныя жывыя.
Здзекі працягваліся і ў жніўні 1941 г. Немцы, што праходзілі праз Карэлічы, загадалі равіну Ісраэлю Верніку і яшчэ 10 мужчынам вынесці ўсе малітоўнікі, світкі Торы, мэблю з сінагогі. Гэтыя каштоўныя для кожнага яўрэя рэчы былі спалены. Салдаты жорстка здзекаваліся з равіна, вырвалі яму бараду, хацелі спаліць або ўтапіць. На наступны дзень равіна, раны якога моцна крывавілі, адправілі ў Навагрудак, дзе здзекі працягваліся і равін быў расстраляны. Рэлігійнае жыццё ў горадзе спынілася, толькі зрэдку ўдавалася таемна сустракацца.
У лютым 1942 г. у Карэлічах было створана гета на ўскрайку мястэчка. Яўрэі вымушаны былі размясціцца ў некалькіх дамах, дзе ў адным доме на трохузроўневых нарах жылі да 50 чалавек. На кожнага чалавека на нарах прыходзілася месца ўсяго 40 см шырынёй. Асабліва цяжка было бацькам патлумачыць сваім дзецям, чаму яны вымушаны жыць у закрытым гета ў той час, калі хрысціянскія дзеці вольна ходзяць па мястэчку. Жыхары гета вымушаны былі працаваць у майстэрнях, ім даводзілася холадам выцягваць нямецкія машыны, што загразлі ў дарозе. Мардэхай Майеровіч успамінаў, што яго разам з іншымі мужчынамі немцы прымусілі насіць ваду ў капелюшах, каб вымыць колы машын, а пасля вылізаць іх. Многія захварэлі пасля гэтага, Мардахай чатыры тыдні ляжаў з запаленнем лёгкіх.
У канцы мая 1942 г. немцы аб’явілі, што за тры дні Карэлічы павінны стаць “Юдэнрэйн” – мястэчкам, свабодным ад яўрэяў. Жыхары гета зразумелі, што іх чакае, таму члены яўрэйскага савета адмаўляліся складаць спіскі яўрэяў. Аднак пад прымусам 998 яўрэяў адвялі калонай у Навагрудак. Старых і хворых, няздольных ісці, тых, хто супраціўляўся, забілі на месцы. Так яўрэі развіталіся з маленькім мястэчкам, дзе яны нарадзіліся і выраслі, дзе пражылі ўсё сваё жыццё і адкуль адыходзілі назаўсёды.
У Навагрудку іх размясцілі ў гета на Пярэсецы, дзе былі такія ж цяжкія ўмовы, не хапала месца. Новых жыхароў гета размясцілі ў падвалах, хлявах, на паддашках. У гета даходзілі звесткі аб існаванні партызанскага атрада братоў Бельскіх, таму маладыя хлопцы рызыкавалі і ўцякалі.

Уцякалі таксама і дзяўчыны, напрыклад, Хая Негнявіцкая з Карэліч разам з малодшымі сёстрамі Добе і Гітэль. Аднак сёстры загінулі, і Хая засталася адна. Але так цяжка было выжываць у няпэўнасці і варожым наваколлі, што Хая нават шкадавала, што яна выжыла.

На фота: Добе Негнявіцкая.
Большасць карэліцкіх яўрэяў загінулі ў масавых акцыях расстрэлу ў жніўні 1942 г. і лютым 1943 г. каля вёскі Літоўка, што ў 2 км ад Навагрудка. Падчас жудасных акцый адбору яўрэі ўсё ж імкнуліся выжыць, хаваліся.

Напрыклад, Фрума Гульковіц-Бергер была паранена, але разам з жонкай брата на працягу шасці дзён без ежы і вады хаваліся ў брудзе туалетнай ямы і так выратаваліся.

На фота: Фрума Гульковіц-Бергер
Частка яўрэяў пасля ліквідацыі гета на Пярэсецы апынулася ў закрытым гета на тэрыторыі былога навагрудскага ваяводскага суда. Менавіта тут каля 250 яўрэяў, апошніх з выжыўшых, пабудавалі падземны тунэль. Пры будаўніцтве спатрэбілася майстэрства Герша Школьніка, лепшага цесляра з Карэліч, які зрабіў з дошак каляску для вывазу зямлі з тунэля. У верасні 1943 г. Гершу ўдалося ўцячы праз тунэль разам з іншымі вязнямі гета, далучыцца да партызанскага атрада братоў Бельскіх і выжыць. Увогуле з гета выратаваліся каля 180 яўрэяў з Навагрудка, Дзятлава, Карэліч, Івянца.

На фота: выжыўшыя яўрэі з Карэліч у Італіі пасля вайны
Якаў Аўрамовіц, яўрэй з Карэліч, успамінаў, як ён разам з Бен-Цыёнам Гульковіцам наведаў роднае мястэчка пасля заканчэння вайны. Яны хадзілі па вуліцах, шукалі яўрэяў, шукалі сляды яўрэйскага жыцця, аднак такія родныя, знаёмыя з дзяцінства мясціны змяніліся да непазнавальнасці. Мельніцы, крамы, дамы належылі ўжо іншым людзям, не было чуваць вясёлых дзіцячых галасоў на двары каля сінагогі, яўрэйскія могілкі былі зруйнаваны. Ва ўсім мястэчку ўдалося напаткаць толькі некалькі яўрэяў, з якімі разам засталося толькі плакаць над смутным лёсам карэліцкай яўрэйская абшчыны і над загінуўшымі роднымі. Той боль і смутак гнаў выжыўшых яўрэяў далей ад гэтых мясцін, якія былі прапітаны крывёй родных і блізкіх.
Марына ЯРАШУК, дырэктар установы культуры “Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей”.

Добавить комментарий