Акцыя «Нашы дзеці» завяршылася на Карэліччыне традыцыйным навагоднім святам, арганізаваным для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна

Дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» завяршылася на Карэліччыне традыцыйным навагоднім святам, арганізаваным для выхаванцаў сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна, які знаходзіцца ў агр. Палужжа. 
У пятніцу, 5 студзеня, у госці да рабят наведаліся намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» Р. Ю. Абрамчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА «БСЖ» І. М. Санчук, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама І. В. Асташэвіч, галоўны спецыяліст сектара па ахове правоў дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. С. Галушка, начальнік Карэліцкага РАНС В. К. Рыбак, а таксама супрацоўнікі Карэліцкага раённага аддзела следчага камітэта. Упершыню на свяце ў прытулку прысутнічалі прадстаўнікі адасобленай групы Карэліцкага раёна ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў.
У стварэнні навагодняй феерыі для дзяцей нямала намаганняў прыклалі работнікі Карэліцкага маладзёжнага Цэнтра культуры. Разам з рабятамі яны вадзілі карагоды, удзельнічалі ў віктарынах і конкурсах. Як і на любым ранішніку, дзеткі чыталі вершы Дзеду Марозу. Шчырыя і дабрадушныя, песнямі і пажаданнямі яны расчулілі не толькі сваіх бацькоў, але і гасцей урачыстасці.
– Вельмі радуе, што колькасць выхаванцаў цэнтра на кожным навагоднім свяце становіцца ўсё меншай. Сёння іх чацвёра. У гэтым годзе ўпершыню на ранішнік прыйшлі бацькі ўсіх дзяцей, – адзначыла дырэктар СПЦ Лідзія Віктараўна Сакалова. Яна павіншавала прысутных са святамі, пажадаўшы ім здароўя, любові і неабыякавасці да ўсяго, што адбываецца навокал.
– Сёння дзеці былі сапраўды цэнтральнымі асобамі гэтага мерапрыемства. Мы бачылі іх усмешкі і творчыя поспехі. Прыемна было слухаць гэтыя цудоўныя вершы, поўныя лірызму і тонкасці, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Р. Ю. Абрамчык. – Спадзяюся, што ў хуткім часе дзеці вернуцца ў свае сем’і, а іх бацькі для гэтага прыкладуць усе намаганні. Няхай усе наступныя святы праходзяць толькі ва ўтульнай сямейнай атмасферы.
Дарэчы, адзін хлопчык ужо знаходзіцца дом: у дзень ранішніка камісія па справах непаўналетніх Карэліцкага райвыканкама прыняла рашэнне аб вяртанні яго бацькам.
У асобе Руслана Юр’евіча выхаванцам цэнтра былі перададзены падарункі і пажаданні ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, а таксама ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольгі Мікалаеўны Папко. 
Другія госці ўрачыстасці таксама былі шчодрыя на цёплыя словы і падарункі. У гэты вечар дзякуючы іх візіту і самааддачы арганізатараў у сацыяльна-педагагічным цэнтры панававала каляднае чараўніцтва.

Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.