«Гэты праект – своеасаблівы прарыў блакады, у якой знаходзілася тэма Трасцянца». Так ацэньваюць эксперты выставу, якая адкрылася ў Мірскім замку

Напярэдадні Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакоста ў музеі «Замкавы комплекс «Мір» адкрылася беларуска-нямецкая перасовачная выстава «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць».

У гэты дзень г. п. Мір наведала мінская дэлегацыя, у складзе якой знаходзіліся пастаянны прадстаўнік пасла Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Рэспубліцы Беларусь Аня Лютар, намеснік кіраўніка Народнага саюза Германіі па догляду за ваеннымі пахаваннямі ў Рэспубліцы Беларусь Людміла Радкоўская, дырэктар Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханэса Рау Віктар Балакіраў. Пасля ўскладання вянкоў і кветак да помніка, усталяванага ў пасёлку на месцы масавых расстрэлаў яўрэяў, дэлегацыя адправілася ў Мірскі замак.
У 1941 годзе, праз тры месяцы з пачатку Вялікай Айчыннай вайны, фашыстамі было створана гета ў мястэчку Мір. Пасля некалькіх масавых расстрэлаў каля 850 яўрэяў пераводзяць у замак, акружаны калючым дротам… З трохтысячнага яўрэйскага насельніцтва выратавалася толькі чатыры дзясяткі людзей. Невыпадкова, што выстава-памяць ахвярам нямецкага генацыду зараз знаходзіцца менавіта ў сценах замкавага комплексу.
Падчас цырымоніі адкрыцця выставы першым прысутных прывітаў дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Лойка, які падкрэсліў, што асноўная мэта такіх мерапрыемстваў – данесці нашчадкам, што вайна – гэта заўсёды дрэнна.
– Пра Другую сусветную вайну можна расказваць гераічныя гісторыі, аднак не варта маўчаць і пра жудасныя моманты. Гістарычную праўду нельга хаваць, нельга замоўчваць тое, што немцы бязлітасным спосабам здзяйснялі супраць беларускага народа, – адзначыла спадарыня Аня Лютар. – Я ўдзячная ўсім стваральнікам гэтай выставы і схіляю галаву перад імі.
– Большасць нямецкага насельніцтва не ведае, што лагер смерці Трасцянец, які знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, з’яўляўся адным з самых масавых месцаў знішчэння людзей у часы нацыянал-сацыялістычнага рэжыму. На жаль, тое, што адбывалася ва Усходняй Еўропе, да гэтага часу застаецца для многіх белай плямай. Аднак гэтая сітуацыя мяняецца па меры таго, як выстава наведвае некаторыя гарады Германіі і шлях яе працягваецца, – падзялілася Людміла Радкоўская. – Мэта выставы – укараніць Трасцянец у грамадскай свядомасці як агульнаеўрапейскае месца памяці аб учыненых тут злачынствах.
Пасля вызвалення Чырвонай арміяй Мінска ў 1944 годзе ў в. Трасцянец былі выяўлены вялікія пахаванні. Савецкая надзвычайная камісія ўстанавіла, што ў лагеры смерці з 1941 па 1944 гады нямецкія акупанты знішчылі 206 500 савецкіх і заходне-еўрапейскіх грамадзян. Па словах Віктара Балакірава, у далейшай будучыні толькі асобныя гісторыкі займаліся даследаваннем гэтага феномену. І толькі пасля набыцця Беларуссю незалежнасці намаганнямі грамадскасці і ўлады ў 2015 годзе была адкрыта першая чарга новага мемарыяльнага комплексу «Трасцянец».
У 2016 годзе гісторыкі і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый з Беларусі, Германіі, Чэхіі і Аўстрыі змаглі прыйсці да згоды адносна зместу выставы «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць», рэалізаванай Міжнародным адукацыйным цэнтрам і фондам «Помнік загінулым яўрэям Еўропы», заклаўшы тым самым аснову для паглыбленага ўзаемаразумення паміж бакамі па пытаннях адносін да агульнага мінулага. Гэты праект – своеасаблівы прарыў блакады, у якой знаходзілася тэма Трасцянца. Да ўсяго іншага выстава дае штуршок для правядзення дадатковых гістарычных даследаванняў, бо з усёй колькасці ахвяр мноства імёнаў дагэтуль застаецца невядомымі.
Кандыдат гістарычных навук, дацэнт МДЛУ Сяргей Новікаў нагадаў, што гістарычная памяць не заўсёды настолькі моцная, як мы думаем. Звяртаючыся да прысутнай моладзі, ён засяродзіў увагу на тым, што мы не маем права дапускаць памылкі ў трактоўцы тэрмінаў «халакост» і «генацыд».
Падчас адкрыцця выставы выступіў кіраўнік даследчага праекта «Трагедыя мястэчка Мір» пошукавай групы гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Сярэдняя школа г. п. Мір» Валерый Брант:
– На ўзроўні школьнага музея складана казаць аб вялікіх маштабах даследчай працы. Аднак маіх выхаванцаў можна смела назваць захавальнікамі гісторыі. Я ганаруся тым, што наша школа прымае актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, звязаных з музейнай і навуковай дзейнасцю.
У пацверджанне таму навучэнец 11 класа Мірскай школы Даніла Бычко распавёў пра сваю работу «Набат памяці», складзеную ў рамках конкурсу «Ахвяры нацызму і месцы знішчэння ў Беларусі». Яшчэ падчас працы ў складзе творчай групы праекта «Малавядомыя старонкі Халакоста на тэрыторыі Мірскага раёна ў 1941-1944 гадах» у Данілы ўзнікала шмат пытанняў. Сапраўдным адкрыццём для школьніка стала пісьмо Сары Ландар, з дапамогай якога ён паспрабаваў убачыць трагедыю мірскіх яўрэяў вачыма 11-гадовай дзяўчынкі.
Пасля музычнай паўзы ў выкананні Асацыяцыі яўрэя-хрысціянскага дыялогу «Shomer-International» у Рэспубліцы Беларусь удзельнікі мерапрыемства адправіліся на аглядную экскурсію па Трасцянецкай выставе.
Выстава арыентавана, перш за ўсё, на маладое пакаленне. Каб не загружаць моладзь масіўнымі блокамі інфармацыі, арганізатары выставы прынялі рашэнне аб размяшчэнні на модулях толькі ключавых фатаграфій і невялікіх тэкстаў на беларускай і нямецкай мовах. Дарэчы, такая ж выстава адначасова дэманструецца ў Германіі.
Расстаноўка 12 модуляў мае сваю логіку: першы ўводзіць наведвальніка ў курс выставачнай тэмы, з яго зваротнага боку ідзе інфармацыя пра шлях да Другой сусветнай вайны, другі модуль распавядае пра вайну на знішчэнне супраць Савецкага саюза, іншыя – пра лагер прымусовай працы ў в. Трасцянец, пра лёсы людзей, якія перажылі Халакост, пра культуру памяці ў Беларусі і Германіі і г.д. На выставе задзейнічана сучасная аўдыё- і відэатэхніка, з дапамогай якой можна, да прыкладу, убачыць інтэрв’ю з Ханушам Мюнцем, якому ўдалося збегчы з лагера смерці. Непасрэдна на выставе можна зайсці на інтэрнэт-партал памятных месцаў Еўропы, а таксама ў архіў звестак Гістарычнай майстэрні ў Мінску.
Нагадаем, што выстава «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць» будзе працаваць у музеі да 25 лютага. Уваход для ўсіх наведвальнікаў свабодны.
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий