Депутат Владимир Головач руководствуется принципом: «Меньше слов — больше дела»

Давер людзей не ўзнікае на пустым месцы. Яго неабходна заслужыць шматдзённай працай, асабістым прыкладам  паказваючы, што і як рабіць. Менавіта такім чалавекам, аўтарытэт якога бязмежны, словы – нешматлікія, але поўныя сэнсу, рашэнні – прадуманыя і канкрэтныя, дапамога – рэальная і своечасовая, з’яўляецца дэпутат мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання па Райцаўскай выбарчай акрузе, старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Арсенцьевіч Галавач.

Рухавы, прамы, адкрыты, энергічны, ініцыятыўны, заўжды нацэлены на поспех і новыя калектыўныя здабыткі, поўны веры ў заўтрашні дзень і тое, што ўсё атрымаецца. Менавіта такі вобраз Уладзіміра Арсенцьевіча ўзнік пасля размовы з тымі людзьмі, якія працуюць пад яго кіраўніцтвам шмат гадоў. Шчыра кажучы, нават не магла сабе ўявіць, што ў адрас аднаго чалавека магчыма столькі шчырых слоў удзячнасці за дапамогу, уважлівыя адносіны і ўменне трымаць слова, якое ніколі не разыходзіцца са справай.

Пры асабістай сустрэчы са старшынёй гаспадаркі адразу звярнулі на сябе ўвагу нешматслоўнасць і сціпласць кіраўніка. Але прынцып “менш слоў, больш справы”, якім кіруецца ў жыцці Уладзімір Арсенцьевіч, указвае на моцны ўнутраны стрыжань, мэтанакіраванасць, дзякуючы якой СВК “Свіцязянка-2003” займае адну з перадавых пазіцый не толькі ў раёне і вобласці, але і ў рэспубліцы, дабіваецца высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

У кожнага дэпутата ёсць пэўныя дні прыёму грамадзян. Для дэпутата Галавача такім днём з’яўляецца першы аўторак месяца з 9 да 11 гадзін раніцы. Ці магчыма за дзве гадзіны вырашыць усе надзённыя пытанні, якія хвалююць мясцовых жыхароў? Вядома, не. Таму словы старшыні гаспадаркі поўнасцю пацвердзілі мае здагадкі аб тым, што кожны дзень становіцца прыёмным для Уладзіміра Арсенцьевіча.

– Калі людзі да мяне звяртаюцца з пытаннем, стараемся аператыўна яго  вырашыць. Ніводны зварот не адкладваецца, – словы старшыні СВК адразу выклікалі разуменне таго, што кожны жыхар можа разлічваць на ўвагу і падтрымку.

Так яно і адбываецца. Яскравым прыкладам служыць наступная акалічнасць. Кожны былы працаўнік гаспадаркі, які сёння знаходзіцца на заслужаным адпачынку, адчувае клопат і ўвагу. Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці кожны пенсіянер атрымлівае прадуктовую дапамогу. Згадзіцеся, што цукар, мука і макароны заўсёды будуць дарэчы ў кожнай сям’і.

Вучням – стыпендыі і салодкія падарункі

Пасля размовы з дырэктарам Райцаўскага ВПК дзіцячага сада-СШ Марынай Антонаўнай Урбановіч стала зразумела, што вялікую ўвагу Уладзімір Арсенцьевіч удзяляе падрастаючаму пакаленню райцаўскай зямлі. Стымулам для старання вучняў 5-11 класаў з’яўляюцца стыпендыі ў памеры адной базавай велічыні, якія гаспадарка выплачвае ўсім выдатнікам вучобы. Па выніках другой чвэрці Юлія Фурс, Дар’я Карпейчык, Паліна Саладуха,  Юлія Коўгар і Анастасія Гоцка (на фота) будуць атрымліваць грашовае ўзнагароджанне за поспехі ў авалоданні ведамі.

– Уладзімір Арсенцьевіч аказвае нам выдатную фінансавую падтрымку. У пачатку гэтага навучальнага года нашай школе было выдзелена паўтары тысячы рублёў, якія часткова ўжо пайшлі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы. Таксама дзякуючы спонсарскай дапамозе СВК усе вучні атрымалі салодкія навагоднія падарункі. Акрамя таго, гаспадарка кожны год забяспечвае школьную сталовую бульбай. У гэтым годзе 2800 кілаграмаў агародніны сталі добрай харчовай падтрымкай, – расказвае пра атрыманую дапамогу дырэктар школы.

Але на гэтым клопат пра школу не заканчваецца. Марына Антонаўна адзначае, што на кожную просьбу Уладзімір Арсенцьевіч рэагуе імгненна. Калі пытанне датычыцца добраўпарадкавання  школьнай тэрыторыі, тады гаспадарка адразу прадастаўляе неабходныя будаўнічыя матэрыялы і рабочых. Напрыклад, летам 2017 года была адрамантавана альтанка, якая сёння радуе вока і вучняў, і настаўнікаў.

Старшыня СВК часта прымае ўдзел у аглядных камісіях. Прызнаецца, што праблемныя сем’і ёсць, з імі трэба працаваць, дапамагчы ім вярнуцца на правільны шлях.

– Мы не павінны пакінуць ніводнага чалавека ў цяжкім становішчы. Калі не мы, тады хто працягне яму руку дапамогі? – рытарычнае пытанне расставіла ўсе кропкі над “і”.

Не шкадуе шчырых слоў           удзячнасці ў адрас Уладзіміра Арсенцьевіча і дырэктар Варанчанскага ВПК дзіцячага сада-СШ Таіса Дзмітрыеўна Грыбок.

– Ведаеце, спонсарская дапамога ў пачатку навучальнага года аказалася нам вельмі неабходнай. Мы змаглі набыць халадзільнік, воданагравальнік, канцылярскія прылады. Нашы вучні таксама засталіся задаволены салодкімі падарункамі. Да Уладзіміра Арсенцьевіча часта звяртаемся з транспартным пытаннем, каб адвезці вучняў на спартыўныя спаборніцтвы. Яно вырашаецца заўсёды станоўча, – расказвае пра відавочны клопат Таіса Дзмітрыеўна.

Дапамога ў святой справе

Працягваецца бягучы рамонт храма святой вялікапакутніцы Варвары ў аграгарадку Райца. Фінансавая дапамога гаспадаркі ў гэтай неабходнай              людзям справе велізарная.

– Безумоўна, без дапамогі Уладзіміра Арсенцьевіча мы не змаглі б зрабіць усё тое, што выканана на сённяшні дзень. Быў зроблены капітальны рамонт ніжняга храма Прэабражэння Гасподня, дзе зараз вядуцца службы. Таксама адрамантавана самая старая частка храма – вежа, зубцы якой пакрыты бляхай. Акрамя таго, знешні выгляд царквы стаў больш прывабным пасля аднаўлення фасада, – расказвае пра зробленыя рамонтныя работы настаяцель храма святой вялікапакутніцы Варвары айцец Аляксей Шышкір.

Па словах святара, Уладзімір Арсенцьевіч заўсёды ідзе насустрач у вырашэнні любога пытання. Неабходны будаўнічыя матэрыялы – калі ласка, транспарт таксама заўсёды знойдзецца.

– Аднойчы я звярнуўся да старшыні СВК з пытаннем набыцця якаснай цэглы. Прамовіўшы кароткае: “Сядайце ў машыну”, мы паехалі на мехдвор, дзе Уладзімір Арсенцьевіч прапанаваў мне неабходныя будаўнічыя матэрыялы. Такім жа чынам станоўча вырашылася пытанне са шліфавальнай машынкай, якая нам была неабходна, калі рамантавалася падлога ў ніжнім храме. Дзякуючы аўтарытэту і жаданню дапамагчы, неабходны інструмент знайшоўся вельмі хутка, – успамінае яркія прыклады дапамогі святар.

Медыцынская дапамога кожнаму

– Калі ў нас зламалася машына, мы звярнуліся да Уладзіміра Арсенцьевіча. Наш транспарт быў хутка адрамантаваны. На першы погляд, здаецца, нічога асаблівага, але для нашых пацыентаў дапамога вельмі значная, – дзеліцца загадчык Райцаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Мікалай Іванавіч Клімко.

Гэты ж самы выпадак Уладзімір Арсенцьевіч растлумачыў наступным чынам.

– Мы проста не маглі не дапамагчы. Што ж будзе, калі хвораму ў якой-небудзь вёсцы спатрэбіцца хуткая медыцынская дапамога, а ўрач не зможа прыехаць, бо няма транспарту? Гэта нікуды не варта, – нешматлікія, але такія канкрэтныя словы старшыні гаспадаркі чарговы раз пацвердзілі клопат пра кожнага жыхара сельсавета.

Мікалай Іванавіч, як і іншыя мае субяседнікі, заўпэўніў, што ніводны зварот да Уладзіміра Арсенцьевіча не застаўся без увагі. Некалькі гадоў таму падчас моцнага ветру дах амбулаторыі быў пашкоджаны. Адрамантавалі хутка: гаспадарка забяспечыла і будаўнічымі матэрыяламі, і працоўнай сілай.

Тыя пытанні, якія датычацца добраўпарадкавання тэрыторыі, напрыклад, абкос тэрыторыі, таксама вырашаюцца на раз-два.

– Карысным падарункам гаспадаркі, якім мы актыўна карыстаемся ў вяснова-летні перыяд, стала электракасілка, – успамінае яшчэ адзін прыклад удзелу Уладзіміра Арсенцьевіча ў жыцці ўстановы аховы здароўя яе загадчык.

Спонсарскую дапамогу ад СВК “Свіцязянка-2003” адчула і Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца падчас правядзення рамонтных работ фасада.

Каб палепшыць умовы працы

Не спыняцца на дасягнутым, імкнуцца наперад да новых вяршынь – з такімі прынцыпамі ідзе па жыцці старшыня СВК “Свіцязянка-2003”. Нягледзячы на тое, што паказчыкі гаспадаркі сёння адны з лепшых у раёне, Уладзімір Арсенцьевіч думае на перспектыву. Яркім прыкладам таму з’яўляецца самая значная будоўля Карэліччыны – узвядзенне двух кароўнікаў на 610 месцаў і даільнага блоку пры МТФ “Райца-1”.

Усё, што зроблена на сённяшні дзень, выканана за кошт уласных сродкаў СВК. Гаспадарка спадзяецца на атрыманне льготнага крэдыту ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь”, які павінен кампенсаваць 80 працэнтаў кошту аб’екта. Тым не менш, нягледзячы на адсутнасць крэдытавання, будаўнічыя работы не спыняюцца не на хвіліну. Ужо пабудавана 22,6 працэнта будучай МТФ: зманціраваны малочны блок і будынак для буйной рагатай жывёліны, вядуцца ўнутраныя работы. Пададзена заяўка на набыццё даільнага абсталявання. Здача аднаго будынка і малочнага блока запланавана на май бягучага года, у верасні будзе ўведзены ў строй і другі будынак.

Цікава было даведацца, якія плюсы атрымае гаспадарка пасля завяршэння будаўніцтва. І зноў жа на першы план выйшаў клопат пра людзей.

– Безумоўна, умовы працы работнікаў фермы значна палепшацца. Зменіцца да лепшага і якасць малака: на новай ферме змогуць атрымліваць прадукцыю гатункам “экстра”. Увогуле, высокія паказчыкі жывёлагадоўчай галіны СВК абумоўлены працавітасцю і стараннем нашых работнікаў. Скажу адкрыта, у гаспадарцы працаваць цяжка, бо для таго, каб не толькі ўтрымліваць высокія паказчыкі, але па магчымасці іх павялічваць, патрабуецца поўная самааддача і дысцыпліна ўсіх і кожнага, – упэўнены Уладзімір Арсенцьевіч.

У гаспадарцы робіцца шмат для таго, каб зацікавіць і стымуляваць работнікаў на працоўныя подзвігі. Маладыя спецыялісты абавязкова забяспечваюцца жыллём, сем’ям выдзяляюцца камфортныя катэджы. Увогуле, у СВК “Свіцязянка-2003” такое паняцце, як чарга на жыллё вельмі ўмоўнае. На сённяшні дзень толькі аднаго спецыяліста гаспадаркі неабходна забяспечыць жыллёвай плошчай.

Напрыканцы сустрэчы не магла не пацікавіцца планамі наконт будучых выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

– Не ведаю, выберуць мяне ці не. Пажывём – убачым, – і зноў жа сціпла адказаў Уладзімір Арсенцьевіч.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий