Пры Карэліцкім Доме рамёстваў функцыянуе гурток кройкі і шыцця «З іголачкі»

Пры Карэліцкім Доме рамёстваў функцыянуе гурток кройкі і шыцця «З іголачкі». Аб тым, якімі   сакрэтамі майстэрства авалодваюць яго ўдзельнікі, журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася ў яго кіраўніка Алены Юр’еўны ДЗЕЖЫЦ.

— Як даўно функцыянуе гурток кройкі і шыцця? Якая яго мэта?

— 10 красавіка 2017 года быў створаны гурток кройкі і шыцця пры Карэліцкім Доме рамёстваў,   і па сённяшні дзень яго ўдзельнікі прадаўжаюць вучыцца. Мы вучым кроіць і шыць, у першую чаргу для сябе. Я раскрываю асноўныя сакрэты кройкі і шыцця, стараюся рабіць гэта проста, з густам.

— Хто ініцыятар гэтай патрэбнай справы?

— Ініцыятарам адкрыцця гуртка кройкі і шыцця пры Карэліцкім Доме рамёстваў з’яўляецца начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Міхайлаўна Санчук. Памяшканне для заняткаў выдзеліў Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці. Сам працэс навучання залежыць менавіта ад мяне як  кіраўніка гуртка, а жаданне і старанне — ад саміх навучэнцаў.

З дня яго заснавання выказалі жаданне займацца шэсць чалавек. Гэта жанчыны ва ўзросце ад 30 да 50 гадоў, хаця ўдзельнікамі гуртка могуць быць усе жадаючыя ва ўзросце ад 18 гадоў і старэйшыя.

— Як стаць удзельнікам гуртка?

— Навучыцца шыць і кроіць — мара многіх жанчын. Жадаючыя могуць патэлефанаваць 3-13-99. Плата за навучанне ў месяц складае 10 рублёў. Заняткі праходзяць два разы ў тыдзень у вячэрні час.

Самае галоўнае — наяўнасць швейнай машынкі дома. Трэба, каб была магчымасць замацаваць веды на практыцы. Для практычных заняткаў патрэбны матэрыял, але загадзя яго не трэба набываць. Калі немагчыма будзе купіць, то я як кіраўнік гуртка, дапамагу гэта зрабіць.

— Якія першыя крокі зроблены ў авалодванні прафесійнымі навыкамі?

— Удзельнікі гуртка пашылі паясныя вырабы: прамую спадніцу, спадніцу-карандаш, спадніцу-паўсонца, штаны з карманамі ў бакавых швах, а таксама — плячавыя вырабы: сукенкі, камізэлькі, жакеты на падкладцы. Хочацца адзначыць, што некаторыя работы можна ўбачыць на сайце Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

— Алена Юр’еўна, у Вас маецца свая калекцыя адзення, якую дэманстравалі на значных мерапрыемствах раёна.

— Гэта магчымасць паказаць людзям тварэнне рук чалавечых. У дадзеным выпадку  мае вырабы — стылізацыя беларускага арнаменту. Калекцыя  не толькі для паказа на сцэне, але і для таго, каб насіць гэтае адзенне ў паўсядзённым жыцці. Адносна любімай справы хачу сказаць: «Чалавек павінен імкнуцца тварыць…»

Алена Юр’еўна ДЗЕЖЫЦ — удзельніца конкурсу мадэльераў, які ініцыіравала «Сельская газета». Майстар выпусціла калекцыю жаночага адзення на аснове слуцкіх паясоў. У выніку анлайн-галасавання яна набрала 347 галасоў.

Алена прызнана пераможцай, ёй уручаны сувенір ад выдання.

Сапраўды, калекцыя заварожвае — і мы віншуем майстра з роднай Карэліччыны. Так трымаць і далей!

Алена Юр’еўна ДЗЕЖЫЦ нарадзілася ў г. Гродна.

Закончыла Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, факультэт мастацтва і дызайна, спецыяльнасць дызайнер касцюмнай тканіны.

Прымала ўдзел у эскізных конкурсах «Млын моды» і «New Names BFW».

Узнагароджана Дыпломам І ступені ў міжнародным конкурсе «Новыя вяршыні-2017».

Гутарыла

 Галіна СМАЛЯНКА.

Фота з архіва

Алены ДЗЕЖЫЦ.

Добавить комментарий