Пункт погляду журналіста: Калі ты не адзін

Перад навагоднімі святамі са сталіцы патэлефанавала аднакласніца. «Чым здзівіць на гэты раз?» — падумалася адразу, калі пачула знаёмы голас. У адну з апошніх размоў яна паведала пра тое, што стала індывідуальным прадпрымальнікам, мае свой магазін, і ў яе ўсё ладзіцца.

Што можна яшчэ шукаць у сталым узросце? Сяброўка прадаўжала: «Я ўдзельніца творчага калектыву аднаго са сталічных прадпрыемстваў. Мы вырашылі дарыць песні жыхарам розных куточкоў Беларусі, асабіста хочацца завітаць на родную Карэліччыну».

Тэлефонны званок узрушыў. Што аднакласніца — творчы чалавек, ведала даўно. Толькі не да такой ступені, а тым больш у паважаным узросце. Хаця як гавораць, чалавеку столькі гадоў, на колькі ён выглядае. Існуе яшчэ адно меркаванне: душа бывае маладой і ў пяцьдзясят, і ў семдзясят. Чаму тады здзіўляюся памкненням сяброўкі, якая нядаўна выйшла на пенсію?
У наш імклівы і супярэчлівы час чалавек імкнецца паспяваць усюды. Як яму гэта ўдаецца, пытанне іншага кшалту. Праўда, у некаторых на сябе часу не хапае. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, яны мараць ажыццявіць задумкі. З’яўляецца шмат вольнага часу, выкарыстаць яго ў правільным рэчышчы — задача не з лёгкіх, але вырашальных.
Некаторымі пажылымі людзьмі авалодвае адзінота, і яны шукаюць выйсце. А тут — творчы калектыў, у якім сабраліся аднадумцы, і грэх, як кажуць, не выкарыстаць магчымасці. Тым больш, будзеш дарыць іскрынку душы іншым, а для шчасця, як вядома, трэба няшмат.
У гэтыя калядныя дні разважаем аб сэнсе жыцця, чалавечых каштоўнасцях, заўтрашнім дні. У кожнага свае погляды, бачанне навакольнага свету, жаданне змяніць да лепшага. Хочацца, каб у адносінах паміж людзьмі было больш цеплыні, акружаючыя былі дабрэйшымі, змаглі падставіць плячо ў цяжкую хвіліну, парадавацца шчасцю іншых. Вядома, што толькі разам можна вырашыць найскладанейшую задачу — пра што нагадвае народная прымаўка «Адзін у полі не воін».
Вялікую ролю ў жыцці чалавека мае сям’я, і як добра, калі ў ёй ёсць мама, тата, браты, сёстры. Пануюць любоў і ўзаемапаразуменне, і ў сям’і дзеці растуць выхаванымі і працавітымі, і бацькам не прыходзіцца чырванець перад людзьмі. На старасці гадоў яны для старэйшых з’яўляюцца надзейнай апорай, спяшаюцца да бацькоўскага парога.
Жыццё. Яно складанае і цікавае, і ў любым узросце яго пры жаданні можна змяніць да лепшага, зрабіць будні змястоўнымі і карыснымі. Як у маёй сталічнай сяброўкі: існуе творчы калектыў, дзе яна бавіць вольны час, нясе радасць людзям. Яшчэ для жадаючых штосьці змяніць у сваім жыцці могуць стаць таксама заняткі спортам, праца на дачы, напісанне карцін, вязанне, вышыўка… Галоўнае, каб любімая справа была чалавеку па душы і прыносіла задавальненне. Глядзіш — і аднадумцаў сустрэнеш, і будзеш у жыцці не адзін.
Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий