У Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі дзейнічае выстава “Пластылінавы настрой”

«Пластылінавы настрой» — асабістая выстава Жанны Мікалаеўны Верхавец.
Жанна Мікалаеўна Верхавец нарадзілася ў г. п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Яна заўсёды марыла маляваць. Сваё жыццё з мастацтвам не рызыкнула звязаць. Пасля заканчэння школы выбрала не мастацкую спецыяльнасць, а музычную ў Пінскім педагагічным вучылішчы. Яна шмат гадоў працавала музычным кіраўніком у Ружанскім дзіцячым садзе, цяпер жа працуе загадчыкам клуба ў санаторыі “Ружаны”.
Жанна Мікалаеўна адна з першых занялася пластылінавым мастацтвам. Спачатку было некалькі карцінак – выяў да кніжак, якія чытала сваім дзецям. Жыхары Ружан вельмі часта бачылі работы зямлячкі на пасялковых выставах. Яна таксама прымала ўдзел у прафсаюзным конкурсе “Новыя імёны Беларусі”. Былі праведзены асабістыя выставы: у сталічным Парку высокіх тэхналогій у часы міжнароднага маладзёжнага інавацыйнга форуму “Навука і бізнес”, у музеі “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў”.
Маляванне пластылінам – гэта творчасць на мяжы двух класічных выяўленчых жанраў: “плоскае” мастацтва і аб’ёмная выява, г. зн. скульптура. Пластылін – выдатнейшы матэрыял для мастака, і можна стварыць сапраўдныя карціны з пластыліна – ад тонкіх палотнаў, якія амаль не адрозніваюцца ад жывапісу, да выпуклых барэльефаў. Пластылінаграфія – гэта тэхніка работы з пластылінам, стварэнне ляпных карцін з выявай паўаб’ёмных прадметаў на гарызантальнай паверхні. Часта карціны малююць не чыстымі пластылінавымі колерамі, а атрымліваюць патрэбныя цені шляхам змешвання двух або трох колераў. У якасці самых пашыраных прыёмаў стварэння карцін Жанна Мікалаеўна карыстаецца метадамі раскатвання, скатвання, прышчэпвання, сплюсквання. Для вырабу дробных дэталей, напрыклад, травінак, сцебляў, карыстаецца звычайным медыцынскім шпрыцом, толькі без іголкі. Самая пашыраная тэхніка нанясення пластыліна – методыка накладвання мазкоў. Буйныя маляўнічыя мазкі ствараюць ілюзія рухомасці, мігацення.
Работы ў тэхніцы “пластылінавае мастацтва” патрабуе цярпення, уседлівасці, але ж затое як радуе вынік.
Выстава “Пластылінавы настрой” будзе дзейнічаць у Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі да 28 лютага. Акрамя яе, у гэты ж час у вучняў школ ёсць магчымасць наведаць музейныя заняткі па дадзенай тэматыцы.
Пётр КАПУРА, старшы навуковы супрацоўнік
УК “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей”.

Добавить комментарий