У планах работнікаў Карэліцкага РУП ЖКГ на 2018 год ахапіць цэнтралізаваным зборам камунальных адходаў як мага больш населеных пунктаў Райцаўскага і Малюшыцкага сельсаветаў


Тое, што цэнтралізаваны збор цвёрдых камунальных адходаў у насельніцтва сельскай мясцовасці – вялікая выгода, не вызывае ніякіх сумненняў. Па-першае, жыхарам неабходна зрабіць усяго некалькі крокаў да сваёй агароджы і пакінуць адходы, якія забярэ смеццявоз Карэліцкага РУП ЖКГ у назначаны час. Па-другое, вока мясцовага насельніцтва не будуць «радаваць» несанкцыянаваныя звалкі, якія з’яўляюцца як грыбы пасля дажджу.

На сённяшні дзень цэнтралізаваным зборам і вывазам побытавых адходаў ахоплена палова населеных пунктаў Карэліцкага раёна: са 162 месцаў пражывання карэліччан жыхары 81 населенага пункта раёна адчуваюць карысць ад дадзенай паслугі Карэліцкага РУП ЖКГ. Для таго, каб усе людзі, у тым ліку жыхары аддаленых маланаселеных вёсак, не задумваліся, куды выкінуць ПЭТ-бутэльку ці бляшанку, работнікамі Карэліцкага РУП ЖКГ быў распрацаваны графік паэтапнага ахопу па цэнтралізаванаму збору і вывазу камунальных адходаў у насельніцтва сельскай мясцовасці.

– У 2017 годзе мы заключылі дагаворы на цэнтралізаваны вываз смецця з жыхарамі вёсак Літараўшчына, Забердава, Зелянец Райцаўскага сельсавета, Вялікая Слабада, Загор’е і Лыкавічы Турэцкага сельсавета, Барацін, Вірышча, Паланая, Падгор’е Красненскага сельсавета і шмат іншых населеных пунктаў Карэліцкага раёна. У планах на 2018-2019 гады далучыць да цэнтралізаванай сістэмы вывазу смецця як мага больш вёсак Райцаўскага сельсавета. Вёскі Дуброва, Плужыны, Скрышава, Францішкова, Горбатавічы, Равіны, Мінакі, Трасейкі, Саленікі і іншыя населеныя пункты Райцаўскага сельсавета чакаюць свайго часу далучэння да адназначна карыснай паслугі Карэліцкага РУП ЖКГ, – расказвае аб планах на бліжэйшы год майстар па добраўпарадкаванні Мікалай Мікалаевіч Яўсей.
Сёння для таго, каб падтрымліваць чысціню і своечасова вывозіць смецце на палігоны, задзейнічаны 5 смеццявозаў Карэліцкага РУП ЖКГ. Існуе некалькі маршрутаў, якія ў пэўны дзень наводзяць чысціню не ў адным дзясятку населеных пунктаў раёна. Сёння маршруты смеццявозаў крыху змяняюцца ў сувязі з тым, што да сістэмы цэнтралізаванага збору і вывазу побытавых адходаў далучаюцца ўсё новыя вёскі. Плата за гэтую паслугу сімвалічная і складае каля 1 руб. 40 кап. у месяц, таму многія, не задумваючыся ні на хвіліну, падпісваюць дагаворы на вываз смецця з Карэліцкім РУП ЖКГ.
Безумоўна, работнікі камунгаса проста фізічна не паспяваюць ахапіць усе населеныя пункты. Але іх мэта на будучыню – стопрацэнтны ахоп усяго насельніцтва Карэліцкага раёна. Адным з сельсаветаў на Карэліччыне, дзе далёка не ўсе мясцовыя жыхары далучыліся да карыснай паслугі ЖКГ, з’яўляецца Райцаўскі сельсавет.
– На тэрыторыі нашага сельсавета размяшчаюцца 30 населеных пунктаў. Толькі нязначная частка з іх карыстаецца сістэмай цэнтралізаванага вывазу смецця: жыхары агр. Райца і Варонча, вёсак Мірацічы, Літараўшчына, Зелянец і Забердава маюць магчымасць здаваць побытавыя адходы работнікам Карэліцкага ЖКГ. У той жа час не ўсе, хто карыстаецца дадзенай паслугай ЖКГ, заключылі дагаворы і плацяць за вываз смецця. Адны заплацілі 1 рубель 40 капеек і, як кажуць, спяць спакойна. Іншыя проста выстаўляюць мяшок са смеццем, пры гэтым не плацяць, – расказвае старшыня Райцаўскага сельсавета Валерый Фёдаравіч Бабко.
Ёсць і такая катэгорыя грамадзян, якія не жадаюць заключаць дагавор на вываз адходаў, сцвярджаючы, што ў іх няма смецця. У гэтай сітуацыі цікава ведаць, куды ж яны выкідваюць бутэлькі з-пад алею, пакеты з-пад малака, бляшанкі ці пабітыя слоікі? У равок? У бліжэйшую лесапаласу, ствараючы несанкцыянаваныя звалкі? Вядома, усё залежыць ад самасвядосці кожнага з мясцовых жыхароў. Па словах старшыні Райцаўскага сельсавета, толькі 40% насельніцтва агр. Райца плацяць за вываз смецця.
– Першыя дамовы з Карэліцкім РУП ЖКГ былі заключаны ў 2007 годдзе. Жыхары агр. Райца спакойна ўспрынялі новаўвядзенне. Першапачаткова мне прыходзілася ставіць таблічкі з надпісам “Месца для збору смецця”. Але потым людзі прывыклі і на аўтамаце неслі пакеты са смеццем на вызначанае месца. Хаця без невялікіх супярэчнасцей не абышлося: не кожны хацеў, каб да яго агароджы суседзі прыносілі запакаваныя камунальныя адходы. Але з цягам часу мы вызначылі гэтыя месцы, і сёння з гэтым праблем не ўзнікае, – канстатуе Валерый Фёдаравіч.
Што ж думаюць наконт такой неабходнай і жыхарам населеных пунктаў, і навакольнаму асяроддзю паслузе Карэліцкага ЖКГ мясцовыя жыхары.
– Мы заключылі дамову на вываз смецця даўно, у 2007 годзе. Гэта сапраўды вялікая выгода для нас. Я ўжо проста не ўяўляю, куды можна дзяваць побытавыя адходы, калі іх не забяруць работнікі ЖКГ. Чацвер, калі прыязджае смеццявоз, для нас сапраўды чысты дзень, – дзеліцца начальнік цэха ААТ “Райца” Тамара Уладзіміраўна Фёдарава з агр. Райца.
– Мы вельмі задаволены тым, што не трэба несці смецце ў кантэйнеры, а дастаткова яго вынесці на вуліцу і пакінуць каля агароджы. Іншых варыянтаў мы не ўяўляем. Хтосьці кідае адходы ў печку і спальвае іх. Так можна зрабіць з паперай, але не са шклянымі і пластыкавымі адходамі. Да таго ж гэта другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Хочацца адзначыць, што работнікі Карэліцкага РУП ЖКГ працуюць старанна: ніколі не пакінуць ніводнай паперкі, – задаволена акуратнасцю работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі загадчык Райцаўскай сельскай бібліятэкі Алена Канстанцінаўна Захарчук, якая жыве ў аграгарадку.
Сваё меркаванне выказала настаўніца Райцаўскага ВПК дзіцячы сад-СШ Алена Сяргееўна Чаркун:
– Сёння нам прыходзіцца самім вывозіць побытавыя адходы на палігон. Калі да мяне прыдуць работнікі камунгаса, з задавальненнем заключу дагавор з Карэліцкім РУП ЖКГ. На мой погляд, вельмі зручна: раніцай пакінуў смецце на вызначаным месцы і ніякіх праблем. Безумоўна, я толькі “за”.
У планах работнікаў Карэліцкага РУП ЖКГ на 2018 год ахапіць цэнтралізаваным зборам камунальных адходаў як мага больш населеных пунктаў Райцаўскага і Малюшыцкага сельсаветаў. Работнікі камунгаса будуць заключаць дагаворы і з жыхарамі населеных пуктаў іншых сельсаветаў.
Графік заключэння дагавораў на цэнтралізаваны збор побытавых адходаў з жыхарамі населеных пунктаў Карэліцкага раёна
Райцаўскі сельсавет: в. Куцэвічы, Навашыно, Амневічы, Петрыкі, Дуброва, Плужыны, Сёгда, Францішкова, Шчонава, Ятвезь, Горбатавічы, Куневічы, Мінакі, Падгайна, Равіны, Саленікі, Ціневічы, Трасейкі, Труднава, Белыя Лугі і інш.
Малюшыцкі сельсавет: в. Машэвічы, Навасёлкі, Бабонеўка, Валокі, Волца, Вялікія Тупалы, Малыя Тупалы, Сэрвеч, Руднікі, Мокрава, Зарэчча, Даўгінава, Горныя Руткавічы, Лукашын, Аколіца, Сапатніца, Скорава, Яруга і інш.
У графіку магчымы змяненні.

Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий