Учащиеся Воскресных школ Кореличского района выступают с концертами

Гасцінна расчыніў дзверы Жухавіцкі Дом культуры для тых, хто любіць усё светлае і цудоўнае на зямлі. Гэта была першая Калядная сустрэча, падчас якой навучэнцы Нядзельных школ Карэліцкага раёна неслі прысутным радасць, праслаўляючы ў сваіх выступленнях Ісуса Хрыста.

Адкрыў сустрэчу благачынны Карэліцкай акругі, протаіерэй Мікалай Орса. «Сёння цудоўная падзея: мы праслаўляем Хрыста. Гасподзь нарадзіўся, каб выратаваць чалавека», — сказаў святар і пажадаў быць даверлівымі, як дзеці, а таксама — Боскай дапамогі, спаслаўшы на прысутных Боскае благаславенне.
І сапраўды, Нараджэнне Хрыстова — гэта радасць, святло, надзея, магчымасць дараваць адзін аднаму, дарыць любоў… Хрыстаславы Карэліччыны на сцэне ўстановы культуры тварылі сапраўдныя цуды: услаўляючы Хрыста, дапамагалі прысутным паверыць у цуда, — і свет у хвіліны сустрэчы станавіўся дабрэйшым і радасным.
Хрыстаславы прыехалі з розных куточкаў Карэліччыны, «каб Хрыста праславіць, са святам усіх павіншаваць». Аднолькава чулліва і пранікнёна гучалі выступленні ўсіх навучэнцаў Нядзельных школ: г.п. Карэлічы і г.п. Мір, аграгарадкоў Райца, Цырын, Лукі, Жухавічы. Вялікае ўражанне засталося пасля пастаноўкі дзіцячага лялечнага тэатра «Райцаўская батлейка» (кіраўнік, настаяцель храма святой вялікапакутніцы Варвары аграгарадка Райца Аляксей Шышкір) і музычных кампазіцый у выкананні настаяцеля прыхода храма святога архангела Міхаіла аграгарадка Цырын, протаіерэя Алега Сушко.
Зімовы вечар паціху апускаўся на жухавіцкую зямлю, а ў мясцовай установе культуры было цёпла і ўтульна ад песень і прызнанняў дзяцей, якія ўслаўлялі Бога: «Хрыстос нарадзіўся, каб пакутуючым людзям дапамагчы», а таксама жадалі, «каб у свеце не памірала любоў і не прападала дабро».
Напрыканцы сустрэчы протаіерэй Мікалай Орса выказаў словы падзякі святарам, педагогам Нядзельных школ, усім дзецям, работнікам культуры — усім, хто ладзіў гэтую цудоўную сустрэчу.

Галіна СМАЛЯНКА.
Фота
Кацярыны ЖАМОЙДА.

Добавить комментарий