1 лютага пайшоў з жыцця вучоны, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі Барыс Кіт

1 лютага пайшоў з жыцця выдатны вучоны, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі, заслужаны прафесар вашынгтонскага Мэрылендскага ўніверсітэта, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі Барыс  Кіт.

Барыс Уладзіміравіч нарадзіўся 24 сакавіка (6 красавіка) 1910 года ў г. Санкт-Пецярбургу, куды яго бацька прыехаў на заробкі з беларускай вёскі Агароднікі, якая пазней злілася з Карэлічамі і ператварылася ў вуліцу Кастрычніцкую. Пасля падзей Кастрычніцкай рэвалюцыі бацька перавёз хлопчыка на сваю радзіму. Будучы вучоны скончыў польскую школу ў Карэлічах, беларускую гімназію ў Навагрудку і ў 1928 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя.

Назаўсёды звязаўшы сваё жыццё з педагагічнай дзейнасцю, Барыс Кіт прайшоў доўгі шлях ад выкладчыка матэматыкі і дырэктара Віленскай, а потым Наваградскай гімназіі (1931–1939) да інспектара аддзела народнай адукацыі Баранавіцкай вобласці і выкладчыка матэматыкі ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце (1940–1941); ад дырэктара настаўніцкіх семінарый і гандлёвай школы ў Маладзечне да прафесара матэматыкі Еўрапейскага аддзела амерыканскага  Мэрылендскага ўніверсітэта (1972–1993).

 Заняўшыся навуковымі распрацоўкамі, ён напісаў першы ў гісторыі падручнік па выкарыстанні ракетнага паліва, які выйшаў з друку ў 1960 годзе, і якім карысталіся ўсе, хто займаўся праблемамі касмічных даследаванняў. Пазней вучоны працаваў экспертам па развіцці міжнароднай касманаўтыкі, выступаў на міжнародных кангрэсах і ў 1964 годзе выдаў кнігу па гісторыі савецкай касманаўтыкі (у сааўтарстве з Ф. Ордвеем). Ён таксама прымаў удзел у першых гістарычных перамовах паміж ЗША і СССР па супрацоўніцтве ў галіне касманаўтыкі. 

У 72-гадовым узросце ў Германіі вучоны абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаўшы навуковую ступень доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. Дзейнасць нашага земляка па заслугах ацэнена ў многіх краінах свету. У 1995 годзе яго ўзнагародзілі  залатым медалём Германа Обэрта за ўклад у развіццё  астранаўтыкі.

Вяртанне вучонага на Бацькаўшчыну адбылося амаль праз паўстагоддзя. Барыс Кіт сустракаўся з беларускімі вучонымі ў Акадэміі навук, са сваімі былымі вучнямі, яго віталі студэнты і выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў. У 1994 наведаў мясціны свайго дзяцінства. У час вандроўкі адбылася хвалюючая сустрэча вучонага з грамадскасцю Карэліч. Далей шлях вучонага ляжаў у Навагрудак, дзе яму ўручылі Дыплом ганаровага грамадзяніна Навагрудка. Завяршылася вандроўка наведваннем Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, які прысвоіў вучонаму навуковую ступень Ганаровага доктара навук.

Пражыўшы шмат гадоў за мяжой, Барыс Кіт захаваў і любоў да Бацькаўшчыны, і прыгожую мілагучную беларускую мову, збярог у сабе беларуса з яго найлепшымі рысамі характару, якія дазволілі выжыць у самых складаных умовах жыцця, стаць вучоным, даследчыкам  і ў той жа час заставацца  настаўнікам. У сваім інтэрв’ю ён аднойчы сказаў, што хацеў бы, каб на яго магіле было напісана:”Барыс Кіт. Настаўнік, даследчык і грамадзянін свету…” Праз два месяцы вучонаму павінна было споўніцца 108 гадоў.

Светлая памяць пра вучонага захаваецца ў сэрцах усіх, хто яго ведаў і паважаў.

 Святлана КОШУР,

жыхарка г.п. Карэлічы.

Добавить комментарий