Кандыдаты ў дэпутаты Вольга Фёдараўна Саўко і Аляксандр Аляксеевіч Яцкевіч — за дабрабыт вясковых людзей

У Жухавіцкі Дом культуры на сустрэчу з выбаршчыкамі прыйшлі кандыдаты ў дэпутаты Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання па Вялікажухавіцкай выбарчай акрузе № 18 Вольга Фёдараўна Саўко і па Трашчыцкай выбарчай акрузе № 19 Аляксандр Аляксеевіч Яцкевіч.
Кандыдатам у дэпутаты аказваецца давер не ўпершыню. Па свайму асноўнаму роду заняткаў яны вырашаюць таксама жыццёвыя праблемы людзей. «Імкнуся падтрымліваць сувязь з вяскоўцамі і дапамагаць выконваць іх просьбы: заказаць паліва на зіму, адрамантаваць плот, абкасіць прылягаючую тэрыторыю ля дома», — адзначае А. А. Яцкевіч і дадае, што дапамагае адзінокім людзям, якія не могуць зрабіць гэтага самі. Падтрымліваць выбаршчыкаў у іх штодзённых справах плануе і ў далейшым: вяскоўцы заслугоўваюць увагі і павагі.
Згодна са сваімі службовымі абавязкамі В. Ф. Саўко вырашае пытанні аховы здароўя сельскага насельніцтва. Кандыдат у дэпутаты сваю асноўную справу жыцця спалучае з грамадскай дзейнасцю. На першым месцы — чалавек, яго здароўе і дабрабыт, і яна імкнецца дапамагчы кожнаму, ад ветэранаў вайны да маладых сем’яў.
Па меркаванні кандыдата ў дэпутаты, абранніку народа павінна быць справа да ўсяго, што адбываецца ў выбарчай акрузе. У Жухавічах будуецца жыллё, жыве і працуе шмат моладзі, ва ўстанове культуры праводзяцца цікавыя мерапрыемствы. У сельскую гаспадарку прыйшлі камп’ютарызацыя і мадэрнізацыя. У далейшай дзейнасці яна будзе накіроўваць намаганні на дабрабыт вясковых людзей.
Галіна СМАЛЯНКА.
Фота Кацярыны ЖАМОЙДА.

Добавить комментарий