Мірскія школьніцы з поспехам прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу сачыненняў, эсэ і вершаў

Мірскія школьніцы з поспехам прынялі ўдзел у абласным этапе рэспубліканскага конкурсу сачыненняў, эсэ і вершаў «Мая Беларусь. Мая Будучыня», арганізатарамі якога з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».

Верш «Я малюся» навучэнкі 7 «А» ДУА «Сярэдняя школа г. п. Мір» Веранікі Моніч пакарыў членаў журы і стаў пераможцам у намінацыі «Мая радзіма – Беларусь». Юная паэтка прызнаецца, што ўжо год захапляецца вершамі. Натхняе яе на творчасць родны край. Калі прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, не задумваючыся, выбрала адну з лепшых патрыятычных работ:
Я малюся
Я малюся за нашу Радзіму,
Каб у квецені вечна была,
Каб у краі любімым, адзіным,
Беларуская мова жыла.
У вандроўцы па родных мясцінах,
Дакрануся да чыстай вады,
І пачую: то сэрца Айчыны
Б’ецца ў хвалях празрыстай ракі.
Успомню роднае поле і ніву,
І ўсмешку блакітных нябёс.
Памалюся жа я за Радзіму –
За краіну азёраў і рос.
Навучэнка 8 «А» класа мірскай школы Ганна Сачук з лёгкасцю і вялікім задавальненнем піша сачыненні пра Беларусь. На эсэ для конкурсу дзяўчына затраціла тры дні. Як вынік прыкладзеных намаганняў трэцяе месца ў намінацыі «Мой родны кут, як ты мне мілы».
– Я люблю свой Мір. Ён славіцца Мірскім замкам, разнастайнасцю нацыянальнасцяў людзей, якія тут пражываюць, – дзеліцца Ганна.
Вашай увазе прадстаўляецца ўрывак з конкурснай работы школьніцы:
«Дарагая Радзіма… Мой мілы, пяшчотны, песенны край. Я, мабыць, да канца дзён сваіх буду ўспамінаць гэты маляўнічы куточак беларускага Панямоння, дзе працякае невялічкая рэчка Міранка, дзе ўзвышаецца выдатны помнік архітэктуры 16 стагоддзя Мірскі замак.
На нашай прыгожай Зямлі ёсць мноства вялікіх гарадоў, слаўных мясцін. Але маё сэрца заўсёды будзе імкнуцца сюды, бо менавіта тут упершыню я адчула хараство матчынай песні і роднага слова, такого мілагучнага і ласкавага, якое, здаецца, увабрала ў сябе цэлы свет, усе колеры жыцця, цеплыню і ласку чароўнай беларускай зямлі.
Тут я радавалася першаму снегу і цёпламу веснавому дожджыку, васількам у жыце і зорачкам у небе, тут ляжаць «сляды майго маленства ціхага».
Хто пабываў у нас, той ніколі не забудзе меладычных чараў прыроды. Іншы раз прыплюшчыш вочы, і ўсё да драбніц паўстае перад табою. І міжволі захочацца пабыць на сакавітым лузе, дзе так многа кветак, конікаў, матылёчкаў, прабегчыся па роснай траве. Павее ветрык, панясуцца духмяныя пахі, нізка схіліць галаву траўка. Здаецца, што некуды кліча, вабіць цябе жыццё, і хочацца жыць, жыць…»
Караліна КУЧУК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий