Основные показатели животноводства Кореличчины занимают высокие позиции в рейтинговой республиканской таблице

Асноўныя паказчыкі жывёлагадоўчай галіны Карэліччыны займаюць высокія пазіцыі ў рэйтынгавай рэспубліканскай табліцы. Тыя лічбы, якіх дасягнулі, могуць смела канкурыраваць з паказчыкамі буйнейшых гаспадарак рэспублікі.

Па валавых паказчыках, надоях і прывагах Карэліцкі раён уваходзіць у дваццатку лепшых у рэспубліцы і знаходзіцца на 17 месцы са 118 магчымых. Па выніках 2017 года сярэдні надой малака на ўмоўную карову – 5972 кілаграмы, што на 131 адзінку больш паказчыка 2016 года. За 2017 год вытворчасць малака склала 77857 тон, альбо 102,6% да ўзроўню папярэдняга года.

Ганаровае першае месца сярод комплексаў па гадоўлі і адкорму свіней займае свінакомплекс СВК “Маяк-Заполле”, дзе сярэднясутачныя прывагі складаюць 975 грамаў.  Па такому паказчыку, як таварнасць малака Карэліцкі раён знаходзіцца на восьмай пазіцыі па Гродзенскай вобласці.

Сярод 57 комплексаў па вырошчванні і адкорму буйной рагатай жывёлы комплекс “Пясочная” СВК “Жухавічы” займае 19 радок у рэспубліканскай рэйтынгавай табліцы.

– Асноўная рыса, якая характарызуе наш комплекс, – гэта стабільнасць. У 2016 годзе агульная сярэднясутачная прывага склала 825 грамаў. Тыя ж 825 грамаў мы атрымалі па выніках 2017 года. Атрымліваецца, адзін да аднаго. Рэалізацыя мяса – 1901 тона. За 2017 год на комплекс паступіла 4209 галоў маладняку. Агульная лічба жывёлы на 1 студзеня 2018 года складае 5346 галоў. Выдатак кармоў на адзін цэнтнер прывагі  – 7,4 кармавыя адзінкі, – знаёміць з асноўнымі эканамічнымі паказчыкамі заатэхнік комплексу “Пясочная” Станіслаў Мікалаевіч Дземідзенка.

Такія лічбы сталі рэальнасцю дзякуючы зладжаным дзеянням усіх работнікаў комплексу, які на працягу апошніх 18 гадоў узначальвае Генадзій Іванавіч Гудко.

На тэрыторыі комплексу размяшчаецца 16 будынкаў, дзе на працягу 18 месяцаў адбываецца адкорм жывёл. Накіроўваемся ў цялятнік, насельнікамі якога з’яўляецца маладняк ва ўзросце паўтара месяца.

Каля цялят рупліва завіхаецца даглядчыца Алена Эдуардаўна Лукошка, якая з’яўляецца перадавіком за аддачу прывагі. Пры апошняй здачы сярэднясутачная прывага яе падапечных склала 860 грамаў.

Жанчына з асаблівым клопатам адносіцца да цялят. Гэта і зразумела: раней яна працавала ў дзіцячым садку.

Рацыён цялят для кожнага ўзросту розны. Першы месяц пасля паступлення на комплекс, калі вага маладняку складае ад 60 да 80 кілаграмаў, выдатным кормам, які ўтрымлівае неабходныя вітаміны, з’яўляецца грануляваны камбікорм КДК-1. 

Потым у рацыён жывёл уключаецца злакавае сена, якое кансервуецца ў рулонах. Яшчэ праз 3 тыдні жывёл кормяць сіласам, сенажом і камбікормам уласнага гатунку.

Пасля цялятнікаў жывёла перамяшчаецца ў адкормачныя валоўнікі, дзе для яе прадугледжана клеткавае ўтрыманне. У кожнай клетцы знаходзяцца па 9-12 галоў. На наступным этапе жывёла знаходзіцца на ланцуговым утрыманні, калі кожны бык стаіць асобна.

Агульная колькасць работнікаў комплексу налічвае 64 чалавекі: трактарысты, даглядчыкі, ветэрынарныя ўрачы і многія іншыя, чыю работу лёгкай назваць цяжка.

– Усе будынкі, якія размяшчаюцца на тэрыторыі комплексу “Пясочная”, падтрымліваюцца ў належным стане. У бліжэйшы час плануем павялічыць пагалоўе за кошт таго, што ў некаторых валоўніках будуць убраны тамбуры. Пагалоўе ў адным будынку павялічыцца прыкладна на 40 жывёл, – дзеліцца планамі заатэхнік Дземідзенка.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий