Первый номер районной газеты «Полымя» вышел 74 года назад

Значную дату адзначае ў гэтыя дні наша раённая газета “Полымя”: 74 гады са дня выхаду ў свет яе першага нумара.

74 гады крочыць яна па жыцці, несучы жыхарам раёна навіны сучаснага жыцця, звесткі па эканоміцы, культуры, расказваючы пра тое, што робіцца ў свеце. Яе парадамі многа год карыстаюцца жыхары нашага раёна, ды і не толькі нашага. Многія, вельмі многія ўдзячны ёй за яе слушныя жыццёвыя парады, за тое, што яна вучыць людзей мудрасці сучаснага жыцця.

А пачынала яна сваю работу ў далёкім 1944 годзе, калі ў нашых вёсках яшчэ гаспадарылі нямецка-фашысцкія захопнікі, лічачы сябе гаспадарамі жыцця. У тыя цяжкія для нашага народа часіны і выйшаў у свет першы нумар газеты, заклікаючы насельніцтва на барацьбу за сваю свабоду і незалежнасць, за выгнанне ворагу з роднай зямлі. Гэта быў вельмі цяжкі час. Свой уклад у Перамогу ўнесла і раённая газета з сімвалічнай для свайго часу назвай “Сцяг свабоды”.

А потым пачалося адраджэнне знішчанай і разрабаванай у час вайны гаспадаркі, і газета вучыла, як гэта лепш зрабіць. На яе старонках асвятлялася жыццё адноўленых гаспадарак, навіны культурнага жыцця, пісалася аб усім, што трывожыла. Вялікая ўвага на старонках газеты надзялялася рабоце ўстаноў народнай асветы, культурнаму адпачынку жыхароў раёна, рабоце ўжо адкрытых і адкрываемых хат-чытальняў, клубаў, бібліятэк.

Без перабольшвання можна сказаць, што многіх чытачоў у свой час газета стала школай таго, як будаваць жыццё, каб быць карысным Радзіме. У той час калектыў рэдакцыі быў невялікі, адукаваных журналістаў у раённай газеце не ставала. І рэдакцыя прыцягвала да ўдзелу ў рабоце газеты прадстаўнікоў інтэлігенцыі, перадавікоў вытворчасці, нават школьнікаў, тых, хто меў што сказаць, і што было цікавым для многіх. Так было і са мной. Мой першы артыкул з’явіўся на старонках газеты ў 1954 годзе, і супрацоўніцтва працягваецца 54 гады. Тэрмін у адносінах да чалавечага жыцця вялікі. І магу зазначыць, што ў маім станаўленні як настаўніка, проста як чалавека раённая газета адыграла вельмі вялікую ролю.

Газета прывівала жаданне пастаяннага самаўдасканалення, жаданне працаваць над сабой, быць заўсёды актыўным. Гэта прыцягвала да сябе школьнікаў, і многія з іх станавіліся селькорамі райгазеты. Сярод маіх вучняў было нават своеасаблівае спаборніцтва: хто падрыхтуе больш цікавыя матэрыялы. Потым гэта паўплывала на лёс асобных вучняў. Яны сталі журналістамі-прафесіяналамі. Гэта выпускнікі Ярэміцкай СШ Барыс Ульянка, Мікалай Васілеўскі, Уладзімір Выдэрка і іншыя. Першыя ж крокі зрабілі ў раённай газеце.

Сёння ўспамінаецца цікавы выпадак, звязаны з  раёнкай. У свой час на яе старонках сталі з’яўляцца артыкулы за подпісам Сабурын. Аўтар пісаў пра школьнае і вясковае жыццё Ярэміччыны. Такога прозвішча ў гэтай мясцовасці наогул не было. І толькі праз некаторы час я даведаўся, што гэтыя артыкулы калектыўна пісалі тры вучні: Самец, Буй і Гурын, адкуль і калектыўнае прозвішча Сабурын. Цікава склаўся іх далейшы лёс. Самец (ён у далейшым змяніў прозвішча на Наумовіч) працуе ва ўніверсітэце, нядаўна раённая газета друкавала з ім інтэрв’ю. Гурын таксама стаў вучоным, працуе ў адным з універсітэтаў краіны. Буй закончыў два факультэты былога Політэхнічнага інстытута, на жаль, яго ўжо няма. Вось так перапляліся шляхі газеты з лёсам яе селькораўцаў. Газета ж заўсёды падтрымлівала з імі цесную сувязь. Я і цяпер памятаю слушныя парады былых рэдактараў газеты: В. Ф. Жураўскага, В. І. Малышава, І. І. Дораша і іншых работнікаў газеты.

Цяпер у рэдакцыі працуюць кваліфікаваныя журналісты. Яны дастойна працягваюць справу сваіх калег, робяць усё, каб газета была цікавай. І дасягаюць гэтага. Застаецца толькі сказаць ім словы ўдзячнасці і пажадаць поспехаў у іх нялёгкай працы!

Пётр САЧЫЎКА,

агр. Цырын,

селькар газеты з 1954 г.

Добавить комментарий