Председатель Красненского сельсовета Тамара Лейко ко всем вопросам местных жителей относится, как к своим личным

У кожнага жыхара любога населенага пункта свае клопаты, пытанні і праблемы. Адна справа, калі вырашаюцца яны хутка, аператыўна, у кароткія тэрміны. Зусім іншая, калі жадаемага выніку прыходзіцца чакаць тыднямі альбо нават месяцамі.

– Я нікому нічога ніколі не абяцаю. Не люблю падводзіць людзей. Безумоўна, бываюць выпадкі, калі ў той самы момант немагчыма вырашыць пытанне. Але, калі гэта ў маіх сілах, абавязкова дапамагаю. З большасцю запытаў мясцовых жыхароў звяртаюся да старшыні СВК “Маяк-Заполле” Віктара Віктаравіча Маковіка. Сумеснымі намаганнямі стараемся станоўча вырашыць тое ці іншае пытанне, – дзеліцца старшыня Красненскага сельсавета, кандыдат у дэпутаты Карэліцкага раённага Савета дэпутатаў 28-склікання па Гарнаруцкай выбарчай акрузе № 17 Тамара Мікалаеўна Лейка.

Дарэчы, аб пытаннях і праблемах мясцовых жыхароў Тамара Мікалаеўна ведае не па чутках. Ды і з кожным чалавекам роднага сельсавета не толькі знаёма, але мае шмат агульных тэм для размовы. Бо тут яна нарадзілася, вырасла, а на працягу апошніх 28 гадоў, з’яўляючыся старшынёй Красненскага сельсавета, імкнецца стаць апорай для кожнага.

– Калі ўзнікае пытанне, часамі звязанае з адмоўнымі паводзінамі таго ці іншага жыхара, абавязкова размаўляю з ім, спадзяючыся на яго самасвядомасць. Калі не дапамагае, тады і моцныя словы ідуць у справу, – усміхаецца старшыня сельсавета.

Адным з пытанняў, з якім звяртаюцца найчасцей, – забеспячэнне палівам. Але Тамара Мікалаеўна заўпэўнівае, што кожны, хто мае патрэбу ў дровах і брыкеце, абавязкова будзе мець іх у дастатковай колькасці, каб правесці зіму ў цяпле. У гэтым дапамагае Карэліцкі філіял КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва”. Чаргі на торфабрыкет у Красненскім сельсавеце няма. Калі ж узнікае пытанне з грашыма, каб заплаціць за паліва, таксама імкнуцца знайсці кампраміс.

– Безумоўна, хапае сёння праблемных момантаў. Стан дарог сельсавета – адзін з іх. Гэта менавіта тое пытанне, якое не вырашаецца за адзін дзень. Але кожны год робіцца, можа, і невялікі, але значны крок да паляпшэння стану дарог аграгарадка і прылягаючых вёсак. З 24 населеных пунктаў 15 маюць асфальтаванае пакрыццё. У астатніх дарогі гравійныя. На 2018 год запланаваны ямачны рамонт у в. Горная Рута, Загор’е і некаторых іншых, – расказвае Тамара Мікалаеўна.

Праблемнымі пытаннямі, як і ў многіх іншых сельсаветах, з’яўляюцца спілоўванне аварыйных дрэваў на могілках і далучэнне населеных пунктаў да цэнтралізаванага збору смецця, што звязана з адназначна станоўчым момантам, – скарачэннем колькасці міні-палігонаў.

– Работа ў гэтым напрамку актыўна вядзецца. Амаль на ўсіх могілках спілаваны пагражаючыя дрэвы. Па пытанні цэнтралізаванага збору смецця мы таксама добра папрацавалі ў 2017 годзе. Да гэтай паслугі ЖКГ былі далучаны 6 вёсак. Праблема добраўпарадкавання таксама не застаецца без увагі. Але тут прыходзіцца разлічваць на кожнага жыхара. Некаторыя са словамі “Вам трэба, вы і рабіце” адмаўляюцца навесці парадак нават каля сваёй агароджы, – адзначае Тамара Мікалаеўна.

Увогуле, старшыня Красненскага сельсавета ўпэўнена, што ёй пашчасціла, бо людзі на яе тэрыторыі самыя лепшыя, самыя мудрыя і добрыя. Бываюць выпадкі, калі хтосьці скаргу напіша. Не без гэтага. Але, як прызнаецца жанчына, менавіта такія своеасаблівыя жыхары дапамагаюць быць заўсёды ў тонусе і не даюць паслабляцца.

Аб тым, што Тамара Мікалаеўна Лейка заслужыла неймаверны давер і любоў мясцовых жыхароў, сведчаць меркаванні людзей.

Ганна Гаўрылаўна Ложачнік, пенсіянерка з в. Жукі:

– Калі б не наша старшыня сельсавета, мне было б вельмі цяжка. Калі няма бульбы, абавязкова дапаможа. Дровы, брыкет таксама заўсёды закажа. І газету мне выпіша. А чаго каштуе яе ласкавае слова! Хтосьці сказаў, што Тамара Мікалаеўна нам другая маці. Яно сапраўды так, нават не сумнявайцеся!

Кацярына Аркадзьеўна Касцюк, пенсіянерка з агр. Краснае:

– Тамара Мікалаеўна вельмі добрая, справядлівая, мудрая. Адным словам, самая лепшая. Іншага старшыню сельсавета нават сабе не ўяўляю. Калі звяртаешся да яе з пытаннем, дапамагае імгненна. Ды і пра здароўе заўсёды пацікавіцца, добрае слова скажа, якое нам, пенсіянерам, часам памагае лепш, чым лекі.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий