Рухацца толькі наперад – дэвіз ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”

Адным з лепшых прадпрыемстваў у сістэме аграсэрвісу Гродзенскай вобласці па праве можна лічыць ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”. Аб гэтым сведчаць не толькі шматлікія ўзнагароды, але і выдатныя эканамічныя паказчыкі.

За мінулы год аб’ём вытворчасці паслуг, прадукцыі і работ склаў 2725 тысяч рублёў, альбо 123 працэнты да ўзроўню 2016 года. Толькі аб’ём паслуг рамонтных майстэрняў таго падраздзялення, якое вяртае да жыцця тэхніку, склаў 535 тысяч рублёў, ці 138 працэнтаў у параўнанні з папярэднім годам.

Лічбы лічбамі, але хочацца ўбачыць канкрэтныя прыклады работы высокакваліфікаваных спецыялістаў. Менавіта іх прадэманстраваў дырэктар ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”, дзеючы дэпутат мясцовых Саветаў дэпутатаў, кандыдат у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання Валерый Уладзіміравіч Марушка.

– Мы з задавальненнем працуем з сельгаспрадпрыемствамі Карэліччыны. Яны, я лічу, таксама задаволены ўзаемадзеяннем: кошт рамонту тэхнікі ў Карэліцкай сельгастэхніцы значна ніжэйшы ў параўнанні з прыватнымі прадпрыемствамі. Да таго ж і па хуткасці выканання рамонтных работ можам канкурыраваць. Зусім нядаўна нашы спецыялісты займаліся рамонтам кормараздатчыка ІСРК-12 СВК “Маяк-Заполле”. Аб’ём работы быў зроблены вялікі, ды і сэканомленыя сродкі гаспадаркі таксама аказаліся значныя. Сёння рамантуем такую ж тэхніку КСУП “Лукі-Агра”, – расказвае Валерый Уладзіміравіч.

Прыкладаў высакаякаснай работы можна прывесці шмат. Толькі за 2017 год дадзена другое жыццё 21 адзінцы поўнакамплектнай прычапной сельгастэхнікі. Да таго ж на прадпрыемстве асвоілі рамонт буракаўборачных камбайнаў “Кляйне”, што далёка не кожнаму прадпрыемству па плячы.

 Дзейнасць акцыянернага таварыства не абмяжоўваецца толькі рамонтнымі паслугамі. Заслугоўвае ўвагі і будаўніча-мантажны ўчастак, работнікі якога выконваюць усе віды работ па вырабу і мантажу канструкцый з металу для жывёлагадоўчых ферм.

– У мінулым годзе мы працавалі на ферме “Паланая” СВК “Маяк-Заполле”, дзе ў адным з кароўнікаў было заменена ўсё стойлавае абсталяванне. На ферме ў в. Горная Рута плануем замяніць усе драўляныя вароты на металічныя з ацынкоўкай знутры. Таксама ўзялі заказ ад КСУП “Лукі-Агра” на вытворчасць стойлавага абсталявання, – дзеліцца дырэктар ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”.

Адной з прыкмет прафесіяналізму з’яўляецца імкненне наперад. Не стаіць на месцы, а развіваецца ў станоўчым напрамку акцыянернае таварыства пад кіраўніцтвам Валерыя Уладзіміравіча Марушкі. Напрыклад, ужо ўнесены аванс на набыццё новага абсталявання для рамонту і рэгуліроўкі паліўнай помпы высокага ціску. Тут жа можна будзе рамантаваць фарсункі, якія дагэтуль адпраўляліся ў                г. Стоўбцы. Створана новае працоўнае месца для спецыяліста, які будзе працаваць на набытым абсталяванні. Сёння ён праходзіць навучанне на базе Нясвіжскай сельгастэхнікі.

Не можа застацца без увагі дабрачынная дзейнасць ААТ “Карэліцкая сельгастэхніка”.

– У мінулым годзе мы аказалі фінансавую падтрымку царкве св. Варвары ў агр. Райца, што, спадзяёмся, дапаможа ў вялікай справе адраджэння храма. Таксама выдзелілі грашовыя сродкі на рэканструкцыю Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Зусім нядаўна да нас звярнулася дырэктар Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ларыса Віктараўна Карась, і наша прадпрыемства змагло дапамагчы: для танцавальнага класа выраблены і ўстаноўлены станок для заняткаў харэаграфіяй. Дзеці павінны развівацца – яны наша будучыня, – упэўнены Валерый Уладзіміравіч Марушка.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий