У аграгарадку Лукі адбылося свята-фэст «Улассе ў Луках»

Ад старога да малога сабраліся на пляцоўцы непадалёку ад мясцовага Дома культуры. Гучыць музыка… Чуваць званочкі — і з’яўляюцца ўпрыгожаныя павозкі. Яны працягваюць шлях: аб’язджаюць аграгарадок, каб ён прадаўжаў жыць і квітнець. Гучаць пажаданні вядучых свята: каб перашкоды абыходзілі бокам, каб жывёла сытая расла, а ураджай быў багатым. І не менш важнае: каб насельнікі аграгарадка былі здаровымі, бадзёрымі, вясёлымі, як гэтае свята…
Яшчэ давялося пачуць і пра тое, «што сварыцца ніколі нельга, а ў свята асабліва, бо конь слухацца не будзе і хадзіць будзе супраць баразны». Сапраўды, людзі кажуць, што конь — разумная жывёла, не любіць злосных і задзірыстых, а вясёлых, бадзёрых, спартыўных.
Чаму б і не дагадзіць жывёле? На пляцоўцы мужчыны мераліся сілай — перацягвалі канат. Жанчыны і дзеці хваляваліся за іх па-свойму: некаторыя нават стараліся дапамагчы. У спрыце вырашылі сябе праверыць Дзмітрый Жарнак і Міхаіл Башко, якія ўзнімалі гіры шмат разоў.
Завітаў на свята і цэлы табар цыганаў. Яны не толькі весяліліся, але і прадказвалі лёс яго ўдзельнікам. А сапраўды, чаму б не паверыць, калі яны угадвалі твае мары-летуценні і сцвярджалі, што яны абавязкова збудуцца. На тое яно і свята Улассе, каб танцаваць і весяліцца колькі ёсць духу. З’яўляюцца і Мядзведзь, які таксама скача і абдымае ўдзельнікаў свята. Людзі выходзяць у круг і весяляцца ад душы…
Выбраць лепшую павозку так і не ўдалося — усе аказаліся дастойныя прызоў. Не забыліся адзначыць і пекара «падкоўкаў» Таццяну Аляксандраўну Хіневіч, чые залатыя рукі стварылі сапраўды смачную здобу.
Свята атрымалася. Нягледзячы на мароз, яго ўдзельнікі весяліліся, а ўзняць настрой ім дапамагалі выканаўцы добрых песен. Шмат мелодый пагучала і ад гасцей свята — удзельнікаў народнага тэатра «Студыя гульні «Прымакі» з г. Дзятлава. Яны шчодра дарылі свой талент гаспадарам і гасцям лукскай зямлі, «каб памаладзелі душой, і гэты дзень запомніўся надоўга».
Мне пашанцавала на свяце сустрэцца з ветэранам працы, былым дырэктарам Лукскага Дома культуры Галінай Ярамееўнай Хіневіч, якая 38 гадоў аддала любімай справе. У тыя гады праводзілася шмат цікавых мерапрыемстваў («Провады Зімы», «Гуканне Вясны», «Купалле» і іншыя). Шмат дзе даводзілася выступаць, удзельнікі былі творчымі і натхнёнымі, дарылі людзям радасць.
Ветэран працы з задавальненнем успомніла іх, а гэта: Ала Дзем’яновіч, Вера Донь, Галіна Ваўчок, Алена Анікая, Валянціна Ваўчок, Ніна Буглак, Марыя Бучацкая. «Гэта быў наш касцяк», — запэўніла Г. Я. Хіневіч.
Што ж, традыцыі жывуць і прадаўжаюцца.


Фота Віталія СМАЛЯНКІ.

 

Добавить комментарий