Злачыннасць у раёне знізілася

 

На студзеньскім пасяджэнні Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта пад старшынствам кіраўніка раённай вертыкалі ўлады Віктара Леанідавіча Шайбака адзначалася, што ў раёне знізілася агульная злачыннасць, менш зарэгістравана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў.

У 2017 годзе ў раёне адзначана зніжэнне агульнай злачыннасці ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года са 186 злачынстваў да 159. Адпаведна ўзровень злачыннасці ў разліку на 10 тысяч насельніцтва паменшыўся з 89,5 да 78,3 (у сярэднім па вобласці 80,2).

У структуры злачыннасці пераважаюць крадзяжы: 42% ад усіх злачынстваў або 67 выпадкаў, 24 з іх здзейснена з жылля, 17 з кватэр і прыватных домаўладанняў.

У выніку злачынных замахаў пацярпела 119 чалавек, з якіх 66 мужчын, 53 жанчыны, 30 непаўналетніх, 70 пацярпелых знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення.

У 2017 годзе ў Карэліцкім раёне зарэгістравана 11 злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх, што на 11 злачынстваў менш, чым за 2016 год. Пры гэтым да 2 павялічылася колькасць наўмысных цяжкіх цялесных пашкоджанняў. На ўзроўні 2016 года засталася колькасць замахаў на забойства.

Як адзначыў пракурор раёна Аляксандр Маркавіч Мельнікаў, асноўнымі прычынамі, што спрыяюць здзяйсненню злачынстваў, па-ранейшаму з’яўляецца п’янства, незанятасць грамадзян, неэфектыўная работа з боку супрацоўнікаў РАУС, несвоечасовае ўстанаўленне і выяўленне работнікамі міліцыі асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і непрыняцця да іх мер прафілактычнага ўздзеяння.

У 2017 годзе ўдалося дасягнуць пазітыўнай дынамікі ў зніжэнні злачыннасці па лініі крымінальнага вышуку з 73 да 57 злачынстваў адпаведна.

Зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых асобамі, якія маюць судзімасць, з 45 да 34, або 29,8% (у сярэднім па вобласці — 40,8%). Асноўная колькасць злачынстваў, учыненых раней судзімымі асобамі, гэта ўхіленне ад выплаты аліментаў: 9 злачынстваў, або 26%, крадзяжы — 7, ці 20%.

Па словах Мельнікава А. М., аналіз крымінагеннай абстаноўкі на тэрыторыі раёна, маштабы і тэмпы распаўсюджвання п’янства, а таксама ўчыненыя злачынствы і правапарушэнні сведчаць аб неабходнасці правядзення сістэмнай і мэтанакіраванай працы ўсіх органаў і ўстаноў, якія ажыццяўляюць прафілактычную дзейнасць, актывізацыі работы грамадскіх фарміраванняў, працоўных калектываў па прафілактыцы, выяўленню і спыненню злачынных замахаў.

Па звестках райаддзела міліцыі, у 2017 годзе выяўлена 337 правапарушэнняў, якія прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць за распіццё спіртных напояў ці з’яўленне ў п’яным выглядзе ў грамадскіх месцах, выяўлена 6 ачагоў самагонаварэння, з незаконнага абароту канфіскавана 3138,1 літра фальсіфікаванага алкаголю.

Па стану на 1 студзеня 2018 года на ўліку ў нарколага па раёне знаходзіцца 734 хранічных алкаголіка (на 1 студзеня 2017 г. — 776), у тым ліку 166 жанчын. На тэрыторыі Карэліцкага раёна ад атручвання алкаголем памерла 7 чалавек.

Пракурорскія праверкі паказваюць, што нізкая эфектыўнасць работы па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам шмат у чым тлумачыцца тым, што яна ў асноўным вядзецца адміністрацыйнымі мерамі. Сельвыканкамы, грамадскія арганізацыі, працоўныя калектывы пытанням папярэджання п’янства, прапагандзе цвярозага ладу жыцця, стварэння абстаноўкі нецярпімасці і асуджэння п’янства належнай увагі не надаюць.

Як лічаць у пракуратуры раёна, для паляпшэння прафілактыкі п’янства неабходна і ў далейшым працягваць практыку правядзення ў раёне дзён цвярозасці, абмежавання гандлю спіртнымі напоямі ў пэўны час сутак, правядзення ў месцах продажу алкагольнай прадукцыі актыўнай антыалкагольнай прапаганды.

 

Іна ЛЕЙКА.

Добавить комментарий