Заместитель председателя КГК Александр Садовничий доволен ходом подготовки к посевной на Кореличчине

Падчас прыёму грамадзян, які адбыўся ў пятніцу, 23 сакавіка, у будынку Карэліцкага райвыканкама першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Аляксандр Міхайлавіч Садаўнічы расказаў аб «прафесійных» скаржніках і падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ.

– Аляксандр Міхайлавіч, з якімі пытаннямі часцей за ўсё звяртаюцца да вас падчас правядзення выязных прыёмаў грамадзян?
– Найбольш актуальнымі сярод жыхароў таго ці іншага населенага пункта з’яўляюцца пытанні, звязаныя з работай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У прыватнасці, яны датычацца рамонту жыллёвага фонду. Але трэба адзначыць, што звароты не заўсёды абгрунтаваныя. Людзі хочуць, каб любая праблема, нават дробязь, была вырашана за дзяржаўныя сродкі.
– Ці змяншаецца колькасць зваротаў грамадзян з цягам часу?
– Сапраўды, колькасць грамадзян, якія прыходзяць на прыём, і зваротаў на “прамую тэлефонную лінію” ў апошні час зменшылася. Сёння насельніцтва разумее, што ўсе пытанні вырашаюцца на месцы. Куды б яны ні звярталіся, усё роўна адказ будуць шукаць і знойдуць мясцовыя ўлады.
Да таго ж, у кожным раёне ёсць пэўная катэгорыя «прафесійных» скаржнікаў, якія пішуць заяву, каб камусьці насаліць. Мы ўжо навучыліся адрозніваць такія скаргі і не дагаджаем гэтым грамадзянам.
– Аляксандр Міхайлавіч, як Вы ацэньваеце ступень гатоўнасці Карэліччыны да пасяўной кампаніі, якая пачнецца зусім хутка?
– Безумоўна, пасяўная – гэта той старт, ад якога залежыць асенні фініш. Таму ёй заўсёды надзялялася шмат увагі, у тым ліку з боку Камітэта дзяржкантролю. Мы ўжо ведаем, што ў Карэліцкім раёне адказна ставяцца да ўсіх пытанняў, звязаных з пачаткам палявых работ. Менавіта таму ў гэтым годзе супрацоўнікі камітэта не наведалі ніводную гаспадарку Карэліччыны. Самае галоўнае, што я заўважыў падчас правядзення пасяджэння райвыканкама, гэта тое, што ніводнае праблемнае пытанне, калі яно ёсць, не замоўчваецца, а выносіцца на ўсеагульнае абмеркаванне.
Увогуле, хочацца адзначыць, што раён падыйшоў да пасяўной добра падрыхтаваным: тэхніка адрамантавана, паліва хапае, насенне ў дастатковай колькасці. Безумоўна, адна гаспадарка больш забяспечана, другая – менш, але самае галоўнае, што яно ўвогуле ў дастатковай колькасці ў раёне. Што датычыцца ўгнаенняў, то назіраецца некаторы недахоп у асобных гаспадарках. Гэта датычыцца, перш за ўсё, фосфарных. Нягледзячы на гэта, забяспечанасць Карэліччыны перавышае сярэдні абласны паказчык.
Падчас правядзення “прамой тэлефоннай лініі” паступілі звароты карэліччан, што датычыліся добраўпарадкавання дарогі ў Вялікіх Жухавічах, падтаплення склепа ў агр. Краснае, якія будуць накіраваны кампетэнтным службам і разгледжаны ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны. Пасля гэтага заяўнікі атрымаюць адказы ў пісьмовай форме.

Гутарыла Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий