В Турецкой средней школе готовы к прилету скворцов. 1 апреля — Международный день птиц

Штогод 1 красавіка, пачынаючы з 1906 года, калі была падпісана Міжнародная канвенцыя аб ахове птушак, планета адзначае Міжнародны дзень птушак – інтэрнацыянальнае экалагічнае свята.

Актыўна далучаюцца да яго і на Карэліччыне. Вучні і педагогі Турэцкай сярэдняй школы з радасцю далучыліся да Міжнароднага дня птушак. Не словам, а рэальнай справай: у 23 новенькіх шпакоўнях у хуткім часе справяць наваселле птушкі, якія вярнуцца на малую радзіму з цёплых краёў. Птушыныя домікі ўмела змайстравалі настаўнік працоўнага навучання Сяргей Георгіевіч Цаба і рабочы па комплексным абслугоўванні будынкаў Леанід Уладзіміравіч Дума (на фота). Вучні 8-9 класаў таксама прынялі актыўны ўдзел у будаўніцтве шпакоўняў: на факультатыве “Работа з драўнінай” яны вымяралі загатоўкі з хваёвых дошак, якія прывезлі работнікі Мірскага лясніцтва.
– Кожны школьнік павінен разумець, што птушкі з’яўляюцца неад’емнай часткай экасістэмы. Дастаткова ўспомніць прыклад, калі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя ў Кітаі была знішчана вялікая колькасць вераб’ёў, якія, як лічылася, з’ядаюць шмат зерня. І што атрымалася ў выніку? Развялося столькі вусеняў і саранчы, што не ўдалося выратаваць маладыя парасткі будучага ўраджаю. Дзеці павінны ведаць карысць, якую прыносяць птушкі, паважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя, – адзначыла дырэктар Турэцкага ВПК дзіцячы сад-СШ Ганна Уладзіміраўна Шугала.
У нядзелю, калі на ўсёй планеце адзначаецца Міжнародны дзень птушак, кожная шпакоўня зойме ганаровае месца на адным з дрэў у прышкольным парку альбо на тэрыторыі Мірскага лясніцтва, каб праз некаторы час з птушыных домікаў раздавалася вясёлае ціўканне яго насельнікаў.

Аксана ЯНУШ.

Добавить комментарий