В Цирине назначен новый председатель сельисполкома

16 сакавіка старшынёй Цырынскага сельсавета аднагалосна абрана Аксана Віктараўна Гомза, якая адначасова становіцца старшынёй Цырынскага сельскага Савета дэпутатаў.

Аксана Віктараўна нарадзілася ў 1979 годзе ў г. Шклове Магілёўскай вобласці. У 2001 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную палітэхнічную акадэмію па спецыяльнасці “эканоміка і кіраванне прадпрыемствам”. Працоўны шлях пачала на цырынскай зямлі, куды разам з мужам, ураджэнцам в. Аканавічы Цырынскага сельсавета, пераехала ў 2004 годзе. Першым месцам працы стала таварыства з дадатковай адказнасцю “Цырын”, дзе Аксана Віктараўна працавала эканамістам на працягу двух гадоў, затым спецыялістам па кадрах СВК «Цырын-Агра». Наступным крокам па службовай лесвіцы цяперашняга старшыні сельсавета стала пасада намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце СВК “Цырын-Арга”.
Сёння Аксана Віктараўна добра разумее ўсю ступень адказназці на новай пасадзе.
– У Год малой радзімы шмат намаганняў будзе накіравана на добраўпарадкаванне нашага сельсавета. Безумоўна, ахапіць усе населеныя пункты адразу немагчыма. На мой погляд, лепш якасна выканаць адну справу, добраўпарадкаваць адзін аб’ект, чым хапацца за ўсё і не давесці да канца. Аграгарадок Цырын – твар сельсавета, таму яму першачарговая ўвага. Напрыклад, неабходна пафарбаваць агароджу ў адзін колер, што ўжо надасць знешнюю прывабнасць цэнтральнай вуліцы. Напярэдадні Дня Перамогі наша задача – прывесці ў належны стан брацкія пахаванні на тэрыторыі агр. Цырын і ў в. Кайшоўка, – дзеліцца планамі старшыня сельсавета.
Аксана Віктараўна ўпэўнена, што дабіцца станоўчых вынікаў магчыма толькі пры падтрымцы мясцовых жыхароў. Таму ўжо сёння яна заклікае кожнага навесці парадак каля свайго дома.
– У бліжэйшы час — сустрэча з жыхарамі кожнага населенага пункта сельсавета, каб даведацца аб пытаннях, якія хвалююць людзей. А яшчэ вельмі хочацца бачыць як мага больш кветнікаў на тэрыторыі цырынскай зямлі, каб кожны разумеў, што наш сельсавет жыве і прыгажэе, – адзначае новы старшыня.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий