Аграрии Кореличчины активно закладывают урожай 2018 года

– Усе сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Карэліччыны актыўна працягваюць вясеннія палявыя работы. Мінулыя святочныя выхадныя не сталі выключэннем. Кожны механізатар загаддзя настроіў сябе на плённую працу падчас пасяўной. Таму і асноўныя паказчыкі з кожным днём толькі ўзрастаюць. Так, па стану на 18 красавіка яравыя культуры пасеяны на плошчы 4785 га, альбо 22% ад агульнай колькасці. У СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Жухавічы” і ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” закладзены будучы ўраджай аўса. Усе гаспадаркі Карэліччыны працягваюць сеяць ячмень, некаторыя прыступілі да сяўбы пшаніцы. Безумоўна, сёлетнія паказчыкі адстаюць ад лічбаў мінулага года, таму наша першачарговая задача – закласці ўраджай будучага года як мага хутчэй, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Генадзій Анатольевіч Белы.

На Карэліччыне працягваюцца работы па падрыхтоўцы глебы пад сеў яравых культур. Найлепш спраўляецца з гэтай задачай СВК “Маяк-Заполле”, дзе ўжо механічна апрацавана 1232 га, альбо 82% агульнай плошчы пасяўных зямель. Крыху адстаюць СВК “Свіцязянка-2003” і “Жухавічы”, дзе паказчыкі складаюць 65% і 60% адпаведна. Увогуле па раёне да пасяўной кампаніі падрыхтавана 9653 га, ці 45% усіх сельскагаспадарчых зямель.

Усе сельгаспрадпрыемствы Карэліцкага раёна завяршылі першую падкормку азімых зерневых, азімага рапсу і шматгадовых траў. Не спыняецца работа па ўнясенні арганічных і калійных ўгнаенняў пад яравы сеў.

Адначасова з сяўбой яравых аграрыі Карэліччыны прыступілі да закладкі будучага салодкага ўраджаю-2018. Сеялкі СВК “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003”, “Жухавічы”, ДП “Лукі-Агра”, “Племзавод “Карэлічы”, “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” ўжо актыўна працуюць на палях раёна. У бліжэйшыя дні да іх далучыцца тэхніка астатніх гаспадарак Карэліччыны. Па стану на 18 красавіка, цукровыя буракі пасеяны на плошчы 633 га, што складае 18% ад агульнай лічбы. Аграрыі ААТ “Карэлічы-Лён” прыступілі да сяўбы насення льну. З плану 1930 га пасеяна 135 га, альбо 6%.

– Безумоўна, пасяўная – напружаны час, да якога неабходна падыходзіць з поўнай адказнасцю, – адзначыў Генадзій Белы. – Працы яшчэ шмат, але яна робіцца. Сёння многае залежыць ад надвор’я. Таму спадзяёмся, што нябесная канцылярыя будзе спрыяць аграрыям Карэліччыны.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий