Елена Ильинична Анцух из д. Скоричи свою жизнь посвятила самоотверженному труду на малой родине

З БІЯГРАФІІ

Алена Ільінічна АНЦУХ нарадзілася ў 1938 годзе ў вёсцы Крынкі Карэліцкага раёна.

З 1956 года працавала ў калгасе імя У. З. Царука паляводам, звеннявой ільнаводчага звяна, брыгадзірам.

Завочна закончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы тэхнікум.

За поспехі ў працы ўзнагароджана ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны».

Ганаровая грамадзянка Карэліцкага раёна.

Жыве ў вёсцы Скорычы Ярэміцкага сельсавета.

ЗЯМЛЯ

Вясна ў поўным разгары. Для селяніна, які ўсё жыццё прысвяціў зямлі, яна была і засталася асновай з асноў.

— Зямля — наша карміцелька, — гаворыць Алена Ільінічна і дадае, што ў тыя далёкія гады, хто меў шмат зямлі, лічыўся багатым чалавекам, а хто вузкі шнурок — бедным.

Жанчына скіроўвае свой позірк на дагледжаны кавалак зямлі непадалёку ля сваёй хаты  і тлумачыць, што тут садзіць бульбу. Падчас нашага прыезду займалася нарыхтоўкай будучага насення, і бульбачка ў кашах была падабрана адна да адной.

Цану сялянскай працы Алена Ільінічна ведае добра. Усё жыццё ў клопатах — працавала ў калгасе і дома. Стомы ў маладосці не адчувала, хацелася абняць неабдымнае, усюды своечасова паспець і ўсё зрабіць. «Птушкай лятала і меркавала, што так будзе заўсёды,» — прызнаецца жанчына.

ПРАЦА

З малых гадоў дзяўчынка была прывучана да працы. Разам з маці хадзіла ў поле, на якім шчыравалі вясковыя жанчыны. Пазней яно стане для працаўніцы родным, і Алена прысвеціць яму сваё жыццё.

— Лён — старадаўняя культура, — гаворыць Алена Ільінічна. — Вяскоўцы стараліся атрымаць добры даўгунец. Пралі, ткалі, шылі адзенне, мелі семя для харчавання.

Свой працоўны шлях пачала ў 1956 годзе ў калгасе імя У. З. Царука спачатку паляводам, а пазней — звеннявой ільнаводчага звяна. Звяно, якое ўзначальвала Алена Ільінічна, нязменна дабівалася самых лепшых паказчыкаў па ўраджайнасці валакна і льнасемені. У 1975 годзе яно атрымлівала з кожнага гектара пасеваў па 8 цэнтнераў валакна і па 5,5 цэнтнера льнасемені. За поспехі ў працы ўзнагароджана ордэнамі Леніна і «Знак Пашаны».

Па меркаванні славутай ільнаводкі, у поспеху была не толькі яе заслуга: шмат вяскоўцаў шчыравала на льняным палетку. Прадукцыю здававалі на льнозавод высокім гатункам.

— На ўсю зіму хапала лёну, — успамінае жанчына. — У гумне ляжаў, яго трапалі і  сарціравалі, а затым апрацаваны і чысценькі накіроўвалі на Мірскі пункт прыёмкі. Ад зробленага на душы было лёгка, а любімая справа была сэнсам жыцця.

ЖЫЦЦЁ

Для Алены Ільінічны Анцух жыццё раскрывалася ва ўсёй паўнаце, яно шчодра адорвала сваімі падарункамі, і гэта дзякуючы нястомнай працы. Памяць да драбніц захавала цікавыя падзеі далёкага часу, калі была ўдзельніцай ВДНГ у Маскве, калі абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР… І не менш важныя падзеі штодзённага жыцця: дванаццаць гадоў працы брыгадзірам. На веласіпедзе аб’язджала ўсе палеткі, каб на свае вочы пераканацца, што ўсё ў парадку.

Памяць захавала і цёплыя ўспаміны пра спадарожніка жыцця, мужа Мікалая, які быў надзейнай апорай і падтрымкай у жыцці, пра яго бацькоў, з якімі пражылі пад адным дахам дома чвэрць стагоддзя. І, вядома, у сэрцы сёння існуе любоў да дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія з’яўляюцца прадаўжальнікамі роду.

Алена Ільінічна жыве ў вёсцы Скорычы Ярэміцкага сельсавета. Зараз вёска далёка не тая, якой была ў гады маладосці. Жанчына імкнецца не сумаваць, дапамагаюць у гэтым размовы па тэлефоне. Дарэчы, тэлефон правялі ёй першай у вёсцы, калі выбралі дэпутатам, і ўсе гэтыя доўгія гады тэлефонная сувязь служыць бездакорна. Раней  дапамагала вырашаць як народны абраннік злабадзённыя пытанні выбаршчыкаў, зараз падтрымлівае сувязь са знешнім светам, роднымі, сябрамі.

«Людзі працы — фундамент раёна», — сказала ордэнаносца на развітанне і падзякавала журналістам раёнкі за візіт.

Сёлета Алена Ільінічна адзначае свой чарговы юбілей. Хочацца пажадаць, каб яшчэ шмат гадоў доўжыўся яе век і каб квітнеў на палях Карэліччыны сіні лён…

 

Добавить комментарий