Отдохнуть в агроусадьбе «Горячки» первые постояльцы смогут уже летом

У Карэліцкім раёне налічваецца больш дзясятка аграсядзібаў, якія прымаюць аматараў экаадпачынку. У хуткім часе яшчэ адзін аб’ект аграэкатурызму – аграсядзіба ў вёсцы Гарачкі Мірскага сельсавета – гасцінна расчыніць дзверы для першых пастаяльцаў.

Тое, што называюць адзінства з прыродай, яскрава адчуваецца менавіта тут: да лесу з вялікай колькасцю грыбных і ягадных месцаў, багатай відавой разнастайнасцю дзікіх жывёл і птушак, рукой падаць.

– У шматлюдным горадзе пастаянна жыць вельмі цяжка. Адпачынак у суладдзі з прыродай – тое, чаго так не хапае гараджанам. Мы гэта добра ведаем, бо ўжо шмат гадоў жывём у Мінску, – распачала размову гаспадыня аграсядзібы Галіна Сяргееўна Лапа якраз у той момант, калі на небе з’явіўся клін жураўлёў. – Вы думаеце, у горадзе можна так яскрава адчуць прыход вясны, як тут? Наўрад ці. Я родам з Карэліччыны, нарадзілася ў Тарасавічах Турэцкага сельсавета, і мяне ніколі не пакідалі цёплыя ўспаміны аб малой радзіме. На могілках у Тарасавічах пахаваны бацькі, родныя людзі, і я не маю права забываць гэтыя мясціны. Таму вырашылі набыць дом менавіта на Карэліччыне. Адзін раз убачыўшы краявіды Гарачак, вырашылі, што менавіта тут мы зможам не толькі самі адпачываць душой, але і прапанаваць тое ж самае ўсім жадаючым. Безумоўна, блізкасць Мірскага і Нясвіжскага замкаў, старажытнага Навагрудка адыгралі значную ролю ў нашым выбары.
На месцы, дзе сёння размяшчаецца аграсядзіба “Гарачкі”, 3 гады таму Галіна Сяргееўна разам з мужам Аляксандрам Аляксандравічам набылі дом, які налічваў каля сотні гадоў. Яго гаспадары калісьці прыслужвалі пры двары Радзівілаў. Адрамантаваць будынак не атрымалася, але сведкі таго часу захаваліся: вялізныя валуны, на якіх стаяў дом, дзве яблыні і груша, якія даюць смачныя плады і сёння.


– Для камфортнага пражывання гасцей аграсядзібы ўжо ўсё гатова: з прыродных матэрыялаў пабудаваны 3 утульныя домікі, ў адным з якіх выдатна абсталявана кухня, дзе нашы пастаяльцы змогуць гатаваць сабе ежу ў рускай печцы, смак якой не перадаць словамі, – уступіў у размову гаспадар Аляксандр Аляксандравіч Лапа, які 44 гады жыцця прысвяціў будаўнічай сферы, прайшоў усе ступені кар’ернай лесвіцы ад рабочага да начальніка ўпраўлення Будтрэста №1 г. Мінска, мае дзяржаўныя ўзнагароды. – Але перад тым, як прыняць першых пастаяльцаў, хочацца скончыць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі і яе ландшафтнаму афармленню, а таксама пабудаваць дзіцячую пляцоўку, спартыўны вугалок. Будзе ў нас і руская баня. Калі нічога не зменіцца, летам аграсядзіба пачне працаваць. Асобныя словы ўдзячнасці хочацца выказаць у адрас старшыні Мірскага сельсавета А. Л. Маркевіча за дапамогу ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў.

У планах гаспадароў аграсядзібы агранізаваць экалагічную сцежку ўздоўж ракі Міранкі, дзе сапраўднае бабровае царства і захаваліся рэшткі старажытнага млына Радзівілаў. Галіна Сяргееўна цікавіцца лекавымі травамі, збірае іх, высушвае і заварвае духмяную гарбату. Плануецца, што пастаяльцы змогуць не толькі пакаштаваць такі напой, але і прывезці дадому зборы лекавых траў.
Цану пражывання гаспадары сядзібы яшчэ дакладна не вызначылі, але з ўпэўненасцю адзначаюць адно: яна будзе даступнай.

Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий