Молодые кадры Кореличчины, которым строить будущее

Нельга не згадзіцца з тым, што будучыня за маладымі. Гэта добра разумеюць у ДП “Царука”, дзе маладых спецыялістаў, якія робяць першыя крокі ў абраную прафесію, вітаюць, заахвочваюць і робяць усё неабходнае, каб яны замацоўваліся ў сельгаспрадпрыемстве.

Малады электрагазазваршчык ДП “Царука” Уладзімір Уладзіміравіч Красніцкі задаволены  ўмовамі працы ў гаспадарцы і жыццём на ярэміцкай зямлі. А якая можа быць альтэрнатыва, калі родам ён з в. Вялікая Вобрына, скончыў 9 класаў Ярэміцкай школы, тут яго бацькі, сябры і знаёмыя.

– Я сельскі жыхар. У вялікім горадзе мне не хапае паветра, прасторы, свабоды. Ды і людзі там іншыя, не такія адкрытыя і добразычлівыя. Адным словам, кожны сам за сябе, – адзначае юнак. – Была ў мяне спроба застацца ў Мінску, дзе сёння жыве сястра Святлана. Але, прызнаюся, не вытрымаў мітусні і гарадскога рытму жыцця. Вярнуўся ў цішыню і спакой Карэліччыны.

Пасля заканчэння Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя Уладзімір адразу прыйшоў на працу ў ДП “Царука” ў якасці маладога спецыяліста. Але праз некалькі месяцаў прыйшла павестка з ваенкамата, і юнак упэўненымі крокамі адправіўся на службу ва Узброеныя Сілы.

– Ні на хвіліну не сумняваўся наконт арміі. Служба ў  86-й брыгадзе сувязі ў Мінску стала карысным часам для мяне, бо дысцыпліна і фізічная загартоўка яшчэ нікому не нашкодзілі. Да таго ж, мой светапогляд на некаторыя рэчы кардынальна змяніўся, – расказвае Уладзімір Красніцкі. – Пасля службы вярнуўся на малую радзіму. Калектыў у ДП “Царука” выдатны, але самае галоўнае, што ён свой, добра знаёмы. У прафесіі электрагазазваршчыка не расчараваўся, а наадварот, разумею, што выбраў тую справу, якая з кожным днём мне падабаецца больш і больш. Фізічна не цяжка, але нагрузка на вочы адчуваецца.

І фізічнай працы хлопец таксама не баіцца.

– Калі прыходжу з работы, не саджуся каля тэлевізара ці камп’ютара. Самі разумееце, што ў сельскай мясцовасці без асабістай гаспадаркі і сотак нікуды. Стараюся дапамагчы бацькам ва ўсім, – дзеліцца Уладзімір Красніцкі. – Планы на далёкую будучыню не будую, хутчэй жыву сённяшнім днём, які прыносіць мне абсалютнае ўнутранае задавальненне.

Загадчык мехмайстэрнямі ДП “Царука” Сяргей Аляксандравіч Севасцьяновіч прыйшоў на працу ў гаспадарку ў жніўні 2015 года ў якасці маладога спецыяліста пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.

Сам родам з в. Абдзевічы Навагрудскага раёна. Калі перад ім паўстала пытанне выбару першага месца працы, аддаў перавагу Карэліччыне.

– Усё ж такі мне хацелася быць бліжэй да дому, таму і размеркаваўся ў Карэліцкі раён. І ні на секунду не пашкадаваў: працую з надзейнымі стараннымі людзьмі, жыллём забяспечыла гаспадарка, работа мне вельмі падабаецца, кіраўніцтва заўсёды ідзе насустрач, – адзначае Сяргей Севасцьяновіч. – Бацька доўгі час працаваў вадзіцелем, таму і я з дзяцінства люблю гайкі круціць. Па гэтай прычыне выбраў спецыяльнасць “рамонтна-абслугоўваючая вытворчасць у сельскай гаспадарцы”. Сёння ў мяне гаек хоць адбаўляй!

Пасля ўніверсітэта малады спецыяліст прыйшоў у гаспадарку з багажом тэарэтычных ведаў. Працаваў інжынерам па сельскагаспадарчай тэхніцы. Галоўны інжынер ДП “Царука” Мікалай Мікалаевіч Кузьміч стаў тым настаўнікам, дзякуючы якому тэорыя прымянялася на практыцы. Потым некаторы час сумяшчаў абавязкі інжынера і загадчыка мехмайстэрнямі. Са жніўня мінулага года – загадчык рамонтнымі майстэрнямі ДП “Царука”.

– Сярод гарадскіх жыхароў існуе меркаванне, што ў вёсцы жыць лягчэй, бо тут можна трымаць гаспадарку і садзіць агарод. Але ніхто не задумваецца, колькі намаганняў трэба прыкласці, каб сабраць ураджай, – разважае Сяргей Севасцьяновіч. – Сельскія ж жыхары, наадварот, імкнуцца ў горад і ўпэўнены, што там іх чакае бязбеднае жыццё. Але не трэба забываць, што гараджане ходзяць у магазін нават за бульбай і морквай. Для сябе я зрабіў важную выснову: трэба здавольвацца тым, што маеш. Нездарма кажуць: “У кожнага сваё месца”.

Аксана ЯНУШ.

Фото автора.

Добавить комментарий