В СПК «Свитязянка-2003» завершается сев яровых культур

Падчас сёлетняй пасяўной кампаніі СВК “Свіцязянка-2003” чарговы раз пацвердзіў званне аднаго з перадавых сельгаспрадпрыемстваў Карэліччыны: да сяўбы яравых культур аграрыі гаспадаркі прыступілі аднымі з першых у раёне. Улічваючы хуткія тэмпы руху наперад, аднымі з першых яны пераступяць і фінішную мяжу. Па стану на 20 красавіка насенне яравых зерневых амаль поўнасцю пакладзена ў глебу.

– Першая зерневая сеялка выйшла ў поле 10 красавіка. Але гэта быў першы крок у пасяўную бягучага года, – расказвае галоўны аграном СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандр Аляксандравіч Мяцеліца. – Актыўны старт сяўбы яравых быў дадзены 11 красавіка, калі на плошчы каля 120 га былі пасеяны зерневыя і зернебабовыя. З такой жа лічбай мы падыходзім да завяршэння кожнага працоўнага дня, які пачынаецца ў 7 гадзін раніцы, і дзесьці ў 8 вечара механізатары з пачуццём выкананага абавязку вяртаюцца з поля. Абедаюць і вячэраюць яны тут жа, на полі, як кажуць, без адрыву ад вытворчасці.
Да пасяўной-2018 гаспадарка падышла добра падрыхтаванай: частку неабходных мінеральных угнаенняў закупілі яшчэ ў канцы мінулага года, астатнюю колькасць набылі ў пачатку бягучага года. Такім чынам, забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі “Свіцязянкі” складае 80%.
На працягу зімовых месяцаў механізатары займаліся рамонтам і абслугоўваннем сельскагаспадарчай тэхнікі, бо кожны працаўнік гаспадаркі разумее, што прастоі падчас пасяўной непрыемна адгукнуцца восенню.
А самае галоўнае, дзякуючы чаму СВК “Свіцязянка-2003” рухаецца наперад упэўненымі крокамі, – гэта неймаверная працавітасць і адказнае стаўленне да даручанай справы аграрыяў гаспадаркі.
Менавіта так, добрасумленна і старанна закладвае будучы ўраджай зерневых трактарыст-машыніст СВК “Свіцязянка-2003” Сяргей Валер’евіч Сіроцін, які на працягу апошніх 15 гадоў кожную раніцу з пэўным хваляваннем выходзіць на вясеннюю раллю.
– Ведаеце, бывае і такое, што ноччу не спіцца, перажываеш, каб закладзенае зярнятка добра ўзышло. А якое задавальненне адчуваеш, калі праз некалькі месяцаў шчыруеш на “Палессі” і збіраеш вынікі сваёй веснавой працы, – дзеліцца Сяргей Сіроцін. – За зіму мы адпачылі і набраліся сіл, таму цяпер наперад і толькі наперад.
– Сёлетняя плошча пад яравы сеў амаль нічым не адрозніваецца ад леташняй і складае каля 2350 га. Плануем пасеяць 540 га ячменю, 100 га яравой пшаніцы, 200 га зернебабовых, 150 га гароху, 500 га цукровых буракоў, 600 га кукурузы на сілас і 100 на зерне, – адзначыў Аляксандр Мяцеліца.
СВК “Свіцязянка-2003” адна з тых гаспадарак Карэліччыны, якая, атрымаўшы добры вынік, не спыняецца, а імкнецца да новых ураджайных вяршынь. Так, па словах галоўнага агранома, у бягучым годзе плануецца павялічыць ураджайнасць зерневых з леташніх 56 цэнтнераў з гектара да 60. Ад ураджаю цукровых буракоў таксама ў планах атрымаць асалоду, сабраўшы каля 700 цэнтнераў салодкіх каранёў з гектара.
А для дасягнення пастаўленай мэты і атрымання выдатнага салодкага ўраджаю робіцца ўсё неабходнае: захоўваецца тэхналогія севу, пры якой на 1 пагонны метр высяваецца 6-7 дражыраваных зярнятак, якія ўжо ўтрымліваюць неабходныя мікраэлементы.

Трактарыст-машыніст Мікалай Мікалаевіч Карпейчык, які трэці сезон працуе на сеялцы MEGA V4 и закладае салодкі ўраджай “Свіцязянкі”, прызнаецца, што яго справа больш чым адказная: ад таго, як сёння ён адпрацуе, залежыць дабрабыт яго роднай гаспадаркі.

Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий