8 апреля исполнилось 100 лет со дня образования военных комиссариатов

8 красавіка спаўняецца 100 гадоў з дня стварэння ваенных камісарыятаў. З гэтай нагоды журналіст гутарыць з ваенным камісарам Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў, падпалкоўнікам Сяргеем Пятровічам БУРАКОМ.

— Сяргей Пятровіч, ваенныя камісарыяты — сувязное звяно паміж Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь, з аднаго боку, мясцовымі органамі ўлады, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, з другога, якое выконвае адну галоўную задачу. У чым яна заключаецца?

— Знаходзіцца ў пастаяннай гатоўнасці, каб ажыццявіць мабілізацыю людскіх і транспартных рэсурсаў на замацаванай тэрыторыі, забяспечыць своечасовае ўкамплектаванне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і іншых воінскіх фарміраванняў асабістым саставам, а таксама ўдзел у арганізацыі тэрытарыяльнай абароны.

— Асноўная задача раённага ваенкамата — улік прызыўнікоў і прызыў на тэрміновую службу. Як на Карэліччыне праводзяцца прызыўныя кампаніі?

— У Карэліцкім раёне прызыўныя кампаніі з года ў год праходзяць арганізавана і на высокім узроўні. Гэта стала магчымым  дзякуючы зладжанай рабоце адасобленай групы ваеннага камісарыята, мясцовых органаў улады, урачоў і медыцынскага персаналу Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы. Асабліва хацеў бы адзначыць уклад вядучага спецыяліста Зарубайкі Канстанціна Леанідавіча, які не адзін год прызнаецца лепшым спецыялістам па пытаннях прызыву сярод спецыялістаў вобласці і з’яўляецца гонарам нашага ваеннага камісарыята.

— Якія яшчэ задачы ўскладаюцца на ваенкаматы?

— Ваенныя камісарыяты праводзяць адбор кандыдатаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама на ваенныя факультэты і кафедры грамадзянскіх навучальных устаноў, вырашаюць пытанні ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, сацыяльнай абароны і пенсійнага забеспячэння ваеннаслужачых запасу, назначэння ім розных дапамог, сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, арганізацыямі ажыццяўляюць браніраванне грамадзян, якія састаяць у запасе, на перыяд мабілізацыі і на ваенны час, забяспечваюць выкананне грамадзянамі воінскага абавязку. І гэта далёка не поўны пералік задач, якія вырашаюцца ваеннымі камісарыятамі на месцах.

— Якую работу праводзяць ваенныя камісарыяты з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны?

— Па-першае, хачу адзначыць, што ўсе мерапрыемствы па дадзеным накірунку праводзім сумесна з мясцовымі органамі ўлады, арганізацыямі, прадпрыемствамі і грамадскімі арганізацыямі. Сярод найбольш значных хочацца назваць ушаноўванне, правядзенне сустрэч, віншаванне ветэранаў у дні святкавання памятных дат (адным з апошніх мерапрыемстваў стала ўзнагароджванне ўсіх ветэранаў юбілейным медалём «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь»); аказанне дапамогі ветэранам вайны па сацыяльных пытаннях; сумесна са спецыялістамі сацыяльных служб праводзім абследаванні ўмоў пражывання ветэранаў, вядзём паіменны ўлік ветэранаў у ваенным камісарыяце; праводзім пастаянную работу па захаванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войн.

— Быць ваенным — ганарова і адказна. А дзе можна набыць прафесію ваеннага?

— На сённяшні дзень у нашай краіне падрыхтоўка афіцэраў для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь вядзецца ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама на сямі ваенных факультэтах вышэйшых грамадзянскіх навучальных устаноў. Яшчэ пяць ваенных кафедр ажыццяўляюць падрыхтоўку афіцэраў запасу.

Аднак вядучай ваеннай навучальнай установай у Рэспубліцы Беларусь застаецца Ваенная акадэмія. Менавіта ў  гэтым вну сабраны лепшыя ваенныя спецыялісты, ключавыя ваенна-навуковыя школы і касцяк навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. У штатнай структуры вну — 11 факультэтаў, забяспечваючых падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў па больш чым 60-ці ваенна-ўліковых спецыяльнасцях для Узброеных Сіл, Унутраных войск МУС, органаў пагранічнай службы. На ваенных факультэтах ва ўстановах вышэйшай адукацыі падрыхтоўка афіцэрскіх кадраў вядзецца больш чым па 20 спецыяльнасцях, спецыялізацыях і накірунках спецыяльнасцей.

Усю інфармацыю па вышэйшых ваенных навучальных установах, ваенных факультэтах, спецыяльнасцях, парадку паступлення можна атрымаць у адасобленай групе ваеннага камісарыята па адрасе: 231430, Гродзенская вобласць, г. п. Карэлічы, пл. 17 Верасня, 7, тэл.: 8-01596-7-01-40, 7-03-10.

— Ці апраўдваюць карэліччане ўскладзеныя на іх абавязкі быць абаронцамі Айчыны?

— Што датычыць юнакоў, якіх мы накіроўваем на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, то нам не абыякава, як яны выконваюць ці выканалі свой воінскі абавязак. Ваенны камісарыят пастаянна падтрымлівае ўзаемаадносіны з воінскімі часцямі, цікавіцца поспехамі і дасягненнямі нашых былых прызыўнікоў. З воінскіх часцей мы атрымліваем падзячныя пісьмы, водгукі і фотаздымкі рабят, якія дастойна і добрасумленна выконваюць канстытуцыйны абавязак. У ваенным камісарыяце і ў адасобленай групе ёсць інфармацыйныя стэнды «Дастойна служаць нашы землякі», дзе размяшчаем дадзеную інфармацыю. Таксама сумесна з рэдакцыяй газеты «Полымя» рыхтуем публікацыі па аналагічным накірунку.

— Што асабіста для Вас азначае быць ваенным — проста служба ці штосьці большае?

— Каб стаць і быць сапраўдным прафесіяналам сваёй справы ў любой сферы дзейнасці і асабліва ваеннай, недастаткова проста выконваць свае абавязкі, хадзіць на службу ці работу. Тут неабходна быць гатовым да самаадрачэння, самаадданасці, а ў самыя адказныя і цяжкія моманты нават да самаахвярнасці дзеля абароны нашай Веры і Айчыны. Лічу, гэтыя якасці павінны з’яўляцца неад’емнай часткай кожнага афіцэра.

Падрыхтавала да друку

Галіна СМАЛЯНКА.

 

Добавить комментарий