Секреты счастья семьи Зайцевых

У сям’і чалавек адчувае ўсю паўнату шчасця. Тут заўсёды выслухаюць, зразумеюць, падтрымаюць. Тут можаш быць самім сабой. Тут цябе любяць як роднага і блізкага. І сюды заўсёды спяшаешся, бо цябе чакаюць…

У Наталлі Аляксандраўны Зайцавай адказная пасада — яна выконвае абавязкі галоўнага заатэхніка ў дзяржаўным прадпрыемстве «Царука». Працоўны дзень ненарміраваны, пачынаецца а восьмай гадзіне раніцы і заканчваецца па-рознаму.
— На мне вялікая адказнасць, — удакладняе галоўны спецыяліст гаспадаркі. — Трэба сачыць за ўсёй жывёлагадоўчай вытворчасцю. Каб затрымацца іншы раз на працы і давесці справу да ладу, патрэбны разуменне родных. Мне пашанцавала: адчуваю падтрымку мужа і дзяцей, усе справы па доме і гаспадарцы робім разам, у штодзённых клопатах родныя заўсёды заменяць.
На радасць бацькам у сям’і падрастаюць дзеці. Дачка Анастасія вучыцца ў сёмым класе Ярэміцкай школы, сын Данііл наведвае першы клас. Дзеці ходзяць у школу і дамоў разам, сябруюць паміж сабой.
«Дзеці добрыя і працавітыя. Сын любіць канструктары, у яго ўсё па паліцах раскладзена, займаецца з татам. Дачка вельмі добрая, і ўсе просьбы выконвае», — паведала з радасцю Наталля Аляксандраўна. Па меркаванні маці, самім бацькам таксама трэба быць добрымі і працавітымі, уважлівымі і спагадлівым: дзеці бяруць прыклад са старэйшых у сям’і. Жанчына стараецца наведаць усе ранішнікі для дзяцей, не прапусціць ніводнага бацькоўскага сходу. З’яўляецца членам бацькоўскага камітэта школы, дапамагае па магчымасці навучальнай установе.
«Любоў, узаемаразумене, падтрымка — тры кіты, на якіх трымаецца сям’я», — выводзіць сваю сямейную формулу Наталля Аляксандраўна Зайцава і вельмі шчаслівая тым, што сям’я ў іх моцная і трывалая. Шчаслівая жанчына і тым, што жыве і працуе на маленькай радзіме.
— Ярэмічы — самы найлепшы куточак на свеце, — гаворыць субяседніца. — Лес, рэчка, свежае паветра. Хочацца, каб моладзь прыязджала і прыжывалася ў Прынёманскім краі, які мае багатую гісторыю і гераічнае мінулае. Тут ёсць усё для камфортнага жыцця: школа, магазін, клуб, ашчадная каса, пошта. Маладыя сем’і змогуць знайсці тут сваё шчасце, толькі трэба прыкласці намаганні і мець жаданне. У гэтым я пераканалася на ўласным вопыце.

Добавить комментарий