5 мая – День печати

Да чэрвеня 1941 года ні Карэліцкі, ні Мірскі раёны не мелі сваёй газеты. Да вайны выходзіла яна толькі ў Навагрудку пад назвай «Звязда» і зрэдку апісвала падзеі і факты з жыцця Карэліччыны.

Нарадзіліся нашы раёнкі ў тыле фашыстаў, у глыбокім падполлі. 13 лютага 1944 года выйшаў у свет першы нумар газеты «Чырвоны партызан», якая была органам Карэліцкага падпольнага райкама КП(б)Б.

15 лютага гэтага ж года выйшла газета «Сцяг свабоды» — орган Мірскага падпольнага райкама КП(б)Б.

У час вайны Стаўбцоўскім міжрайцэнтрам была створана лясная партызанская друкарня.

…3-за фронту былі перакінуты дзве партатыўныя друкарскія машынкі і спецыяльныя паходныя наборныя касы. Але шрыфтоў было вельмі мала, і даставалі іх цераз сувязных у друкарні горада Стоўбцы. Работы ў друкарні было вельмі многа, а работнікаў налічвалася некалькі чалавек, і як бы яны ні стаміліся за ноч, на раніцу свежая газета і зводкі Савінфармбюро былі выпушчаны. Іх разносілі партызанскія «паштальёны» ў атрады, сямейныя лагеры і ў вёскі. У друкарні быў лямпавы радыёпрыёмнік, з дапамогай якога прымалі паведамленні з Масквы, якія потым друкаваліся ў газетах і лістоўках.

У друкарні выдаваліся пяць газет, у тым ліку «Сцяг свабоды» — орган Мірскага РК КПБ, «Чырвоны партызан» — орган Карэліцкага райкама партыі. Першымі супрацоўнікамі «Сцяга свабоды» былі і фактычна рэдагавалі Вячаслаў Хілімонаў і Янка Брыль.

Кожная газета выходзіла раз, а то і два ў тыдзень, а зводкі друкаваліся штодзённа. I яшчэ выходзіла сатырычная газета «Партызанскае жыгала», карыкатуры для якой выразаў на дрэве брат Янкі Брыля Міхаіл Антонавіч. Тыраж газет залежаў ад здабытай паперы, чым займаліся партызанскія разведчыкі. Шмат у гэтай справе зрабіла разведка партызанскай брыгады імя Жукава, асабліва камандзір яе М. Ф. Наумовіч. Бывалі выпадкі, калі тыраж раёнкі даходзіў да 700 экзэмпляраў, а найчасцей вагаўся ў межах 300-500 экзэмпляраў. На зводкі Савецкага інфармацыйнага бюро ствараўся асобны фонд паперы.

Перад  наступленнем нашых войск у 1944 годзе друкарня была пераведзена ў глыбіню Налібоцкай пушчы і знаходзілася ў партызанскім лагеры брыгады «Першамайская». Там і сустрэлі Чырвоную Армію. Пасля вызвалення работнікі партызанскай друкарні сталі працаваць у друкарнях Міра і  Стоўбцаў.

Пра газету «Чырвоны партызан» было вядома мала, бо не захаваліся нават асобныя яе нумары. Як аказалася, гэта была памылка. Цэлых восем нумароў даслаў у пачатку 70-х гадоў на адрас Карэліцкага музея былы сакратар Карэліцкага райкама партыі Мацвей Ігнацьевіч Ільіч. Датаваліся яны 1944-1945 гг.

Шосты нумар за 4 красавіка 1944 года. На невялікім лістку сшытка расказваецца аб шостай сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, якая адбылася ў Гомелі ў канцы сакавіка. На другой старонцы змешчаны паведамленне Савінфармбюро і артыкул Ільі Эрэнбурга «Дні славы».

Сёмы нумар газеты выйшаў 21 красавіка. Перадавы артыкул «Адпомсцім за зверствы гітлераўцаў» расказвае аб нечалавечых здзеках фашыстаў над мірным насельніцтвам.  Заканчваецца  артыкул  словамі:

«Прыходзьце ўсе ў партызанскія брыгады, каб нястомнай нашай барацьбой наблізіць дзень прыходу нашай вызваліцельніцы — доблеснай Чырвонай Арміі». Побач — зводкі Савінфармбюро ад 14-20 красавіка. На другой старонцы расказваецца аб баявых «падарунках» падрыўнікоў атрада «Першае мая» аднайменнаму святу.

Дзясяты нумар выйшаў 13 мая 1944 года. Усю першую старонку займаюць паведамленні Савінфармбюро. На другой старонцы ў артыкуле «Вынікі аднаго падрыву» расказваецца аб актыўных дзеяннях падрыўнікоў партызанскага атрада імя Жданава Першамайскай брыгады. У час адной з аперацый паравоз быў разбіты, другі моцна пашкоджаны, поўнасцю знішчаны дзве платформы з танкамі, пяць — з бронемашынамі, пяць гітлераўцаў забіта і восем паранена. Рух па гэтай чыгунцы быў затрыманы на дзесяць гадзін. Тут жа расказваецца аб баявых дзеяннях партызан атрада «Першае мая» па разгрому гарадзішчанскіх карнікаў у вёсцы Равіны, што каля Варончы.

Аб ратных справах партызан Першамайскага атрада расказваецца ў артыкуле «Стагналі паравозы, стагналі фрыцы…». Падзеі, якія апісваюцца, адбыліся на чыгунцы паміж вёскамі Моўчадзь і Дварэц…

Газета была пастаянным і дарагім госцем у вёсках нашага раёна, яна трапляла праз калючы дрот умацаваных варожых пунктаў. Часта яна распаўсюджвалася ў гарнізонах ворага, а таксама трапляла і за межы раёна: у Гарадзішча, Дварэц, у Баранавічах ёю зачытваліся. Насельніцтва верыла сваёй газеце і таму з такой увагай чытала яе.

Апошні, пятнаццаты нумар падпольнай раёнкі абвясціў насельніцтву радасную вестку аб вызваленні сталіцы Савецкай Беларусі — горада Мінска ад нямецкіх захопнікаў.

Пасля вызвалення тэрыторыі Мірскага і Карэліцкага раёнаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а дакладней, з 19 жніўня 1944 года, пачынае выходзіць газета «Сцяг свабоды» — орган Мірскага райкама партыі і раённага Савета дэпутатаў працоўных, а з 7 студзеня 1945 года ўбачыла свет газета «Красное знамя» — орган Карэліцкага райкама партыі і раённага Савета дэпутатаў працоўных. У 1956 годзе Мірскі раён быў далучаны да Карэліцкага і пачынае выдавацца адна газета «Сцяг свабоды».

25 снежня 1962 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў скасаваны Карэліцкі раён.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 6 студзеня 1965 года Карэліцкі раён быў зноў утвораны.

Пастановай Гродзенскага абласнога камітэта КПБ Карэліцкая  раённая  газета «Сцяг свабоды» перайменавана ў «Полымя». Першы нумар выйшаў 6 красавіка 1965 года.

З вялікім гонарам мы называем тых, хто рэдагаваў названыя выданні. Гэта Роза Сцяпанаўна Радкевіч, Вячаслаў Антонавіч Хілімонаў, Іван Кірылавіч Кузняцоў, Іван Антонавіч Брыль (народны пісьменнік Янка Брыль), Мікалай Сцяпанавіч Нікішын, Уладзімір Уладзіміравіч Налецька, Леанід Іосіфавіч Ламека, Вольга Андрэеўна Мацко, Іван Пятровіч Глекаў, Яўгеній Ігнацьевіч Крамко, Анатолій Іосіфавіч Станюк, Вікенцій Фаміч Жураўскі, Алег Пятровіч Смальянаў, Барыс Іванавіч Малышаў, Іосіф Іванавіч Дораш, Валерый Леанідавіч Дубоўскі, Уладзімір Іванавіч Карпук, Іван Аляксандравіч Шлык, Іна Міхайлаўна Санчук.

У розныя гады працавалі ў нашай газеце вядомыя журналісты Аляксандр Уладзіміравіч Богуш, Мікалай Леанідавіч Васілеўскі, Леанід Міхайлавіч Касцевіч, Раіса Кутахіна, Міхаіл Уладзіміравіч Парфёнка, Мікалай Мікалаевіч Кісляк, Васілій Серафімавіч Каржаневіч, Ірына  Іванаўна Анікевіч, Аляксандр Антонавіч Рудзік, Віктар Канстанцінавіч Кунашка, Антаніна Цімафееўна і Міхаіл Мікалаевіч Кучко, Марыя Вітольдаўна Дабжынская і многія іншыя.

Паводле кнігі

А. У. Богуша і У. П. Амелькі «Призвание быть журналистом».

Добавить комментарий