Писатель, уроженец Кореличского района Николай Бусько выпустил новую книгу для детей

Нядаўна рэдакцыю газеты «Полымя» наведаў пісьменнік, публіцыст, мастак Мікалай Іосіфавіч БУСЬКО. Ураджэнец вёскі Пагарэлка прыйшоў з добрай навіной: у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла ў свет яго кніга «У бары жывуць сябры».

Пры сустрэчы журналіст раённай газеты «Полымя» пацікавілася ў аўтара пра творчыя здабыткі і планы на будучае.

 Мікалай Іосіфавіч, як стваралася гэтая кніга?

— Натхненне само па сабе не прыходзіць. Ствараецца пад уражаннем ад убачанага. Калі прыязджаю на радзіму, у родную вёску Пагарэлка, бягу і вітаюся з Нёманам у любое надвор’е. Стану на беразе ракі, рукамі апаласну твар. Так і нарадзіўся санет «Вада»:

 

Уладу і моц табе Бог перадаў,

Каб Шар Зямны спаўна жывіць сабою.

Пад націскам разгорнутым прыбою

Аж закіпае скальная руда.

Багіня памяці — Разумная вада,

Усе хронікі запоўнены табою.

Эпохі, лёсы, свет Дабра і болю

Да самага Свяшчэннага Суда.

Ты — Ток жыцця,

З тваіх глыбінь вячыстых

Да нас бяжыш струменем урачыстым,

Каб напаіць і ў спёку, і ў мароз.

А рухамі прыліваў і адліваў

Умела правіць Месяца гіпноз,

Усё зямное пад яго ўплывам.

— Сапраўды, нарадзіцца ў Прынёманскім куточку — вялікае шчасце. Для творцы яно двайное: знаходзіш цікавыя тэмы для будучых прац.

— Жыць у мілых сэрцу Прынёманскіх мясцінах і не быць пісьменнікам і мастаком немагчыма. Блакнот заўсёды са мною, усё ўбачанае стараюся занатаваць, каб потым гэты вобраз перанесці на паперу. Апавяданні складаюцца з уражанняў пра гэтыя мясціны.

Да прыкладу, у адным з іх «Сінічкіна школа» («У бары жывуць сябры») ёсць правілы, як выжыць і не замерзнуць:  у мароз уцячы ў гушчарнік і зашыцца.

У літаратурным асяроддзі прыжылася сінтонцыя: пішы для дзяцей так, як для дарослых і крыху лепей. Працуй над кожным словам — слова мае душу, у яго свой лёс, свой жыццёвы шлях.

— Вас уражвае прырода роднага краю. Што яна дае Вам асабіста?

— У першую чаргу, добрае самаадчуванне. Прырода насычае ўражаннямі і падказвае тэмы. Літаратура — гэта яшчэ і вынаходніцтва, рацыяналізацыя. Трэба напісаць так, як да цябе ніхто не сказаў і не напісаў.

Прырода — найкаштоўнейшы скарб і вельмі добры настаўнік. Нагадаю словы з апавядання «Нёман-мастак» новага выдання: «Усім нам трэба вучыцца ў прыроды выказваць свае меркаванні праўдзіва, натхнёна, адкрываць нешта новае. Кожная карціна прыроды — гэта частка нашага жыцця, гэта   люстэрка, дзе адлюстраваны наша ява і наш лёс. Бо кожная раслінка, дрэва, рака створаны Усявышнім, каб дзяліцца з намі сваёй сілай, энергіяй, прыгажосцю. Тут, на ўлонні прыроды, мы знаходзім спакой, настраёвасць, бадзёрасць».

— Новая кніга «У бары жывуць сябры» дапамагае чытачу зрабіць завочнае падарожжа ў жывёльны і раслінны свет. Якую мэту Вы ставілі перад сабой як аўтар?

— У кнізе чытачы сустрэнуцца з сябрамі меншымі: сінічкамі, камарамі, конікамі і іншымі насельнікамі зямлі, змогуць адчуць непаўторнасць расліннага свету — ад кветачкі-дзьмухаўца да траўкі-кіслічкі. Шмат таямніц дорыць нам прырода, свае сакрэты маюць азёры і рэкі, жывёла ці птушка можа стаць сябрам. Трэба быць вандроўнікам і аматарам, каб адчуць усю зямную прыгажосць. У кнізе імкнуся расказаць пра гэта чытачу яскрава і непаўторна, каб апавяданні пакінулі глыбокі след у яго душы.

— Каму ў першую чаргу адрасавана новая кніга?

— Дзецям малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Праз пазнанне прыроды хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць атрымаць станоўчыя эмоцыі, навучыцца сябраваць з жыхарамі лесу, не разбураць зробленае імі, адносіцца да іх як да сябе.

Чытач у кнізе знойдзе каштоўны матэрыял аб жыцці нашай прыроды. У анатацыі да кнігі гаворыцца: дзе сустракаюцца шчыры Настаўнік-Прырода і цікаўны вучань, нараджаецца мастацтва і талент.

— Няма нічога даражэй за радзімы куточак. Разумееш гэта з гадамі. Як прымае родная вёска праз шматлікія гады расстання?

— У мяне дзве радзімы: адна частка мяне ў роднай Пагарэлцы, другая — у горадзе. Кожны месяц, апрача зімы, прылятаю, як бусел, у сваё радавое гняздо — вёску Пагарэлка. Гэтыя краявіды натхняюць на радок, пошук, эцюд, верш, літаратурны твор. Усё залежыць ад жадання, унутраны голас падказвае — бярыся за пяро ці пэндзаль.

Пагарэлка — гэта не толькі родны дом, а сувязь з прыродай, творчыя пошукі і здзяйсненні.

— Якія тэмы з’яўляюцца асноўнымі ў Вашай творчасці?

— Сваімі творамі імкнуся пераканаць чытача вучыцца ў прыроды. Калі, скажам, дзіця не затопча жучка, які бяжыць па сваіх справах, так яно будзе адносіцца і да людзей. Гэта галоўная тэма: мы павінны вывучаць навакольны свет і берагчы яго.

— Пра што яшчэ марыце напісаць?

— Творчых мараў дастаткова. Хачу выдаць кнігу казак (ужо ёсць і назва «Казкі з матчынай ласкі»). У кніжку ўвойдуць восем вершаваных казак, якія друкаваліся ў рэспубліканскіх выданнях, і дзве празаічныя. Усё гэта будзе сабрана пад адной вокладкай. Што тычыцца мастацтва, працую над пейзажамі вёсак ярэміцкай мясцовасці. Выстава будзе мець назву «Паглядзі на сваё». Планую, што на кожнай карціне будзе пазначана дата першага ўпамінання пра гэты населены пункт. Мяркую наладзіць выставу пейзажаў Прынёманскага краю.

— Жадаю творчых поспехаў. Спадзяюся, што новая кніга будзе на стале ў кожнага вучня, бо яна вучыць любіць прыроду роднага краю.

Гутарку вяла

 Галіна СМАЛЯНКА.

Фота з архіва рэдакцыі.

Добавить комментарий