Попробовать живой и мертвой воды туристам предложат в агроусадьбе «Белы бусел» в Амневичах

16 аграсядзібам, якія працуюць на тэрыторыі Карэліцкага раёна, ёсць што прапанаваць не толькі беларускім аматарам адпачынку на ўлонні прыроды, але і замежным гасцям. Некаторыя гаспадары сядзібаў робяць першыя крокі ў сферы аграэкатурызму. Іншыя ўладальнікі месцаў экалагічнага адпачынку ў гэтым бізнесе даўно. Напрыклад, гаспадар аграсядзібы “Белы бусел” у вёсцы Амневічы Міхаіл Уладзіміравіч Камароўскі гасцінна прыняў ужо не адну сотню пастаяльцаў і правёў толькі за мінулы год 32 урачыстыя мерапрыемствы.

Аграсядзіба “Белы бусел”, назва якой адлюстроўвае подых традыцыйна беларускіх краявідаў, расчыніла дзверы перад першымі гасцямі больш 15 гадоў назад, калі слова “аграэкатурызм” здавалася нейкім замежным і незнаёмым і выклікала неймаверную зацікаўленасць. На той момант на месцы сённяшняй сядзібы стаяў звычайны драўляны дом на ўскрайку лесу, выбар на які паў зусім выпадкова. Але выпадковага нічога не бывае. Ціхае і спакойнае месца, якое калісьці спадабалася Міхаілу Камароўскаму, прыйшлося даспадобы і пастаяльцам.

– Убачыўшы краявіды Амневічаў, гаспадыня сядзібы “Свіцязянка” Ганна Іванаўна Кітун, якую можна лічыць заснавальнікам аграэкатурызму на Карэліччыне, цвёрда запэўніла: “Тут павінна быць аграсядзіба. Людзям спадабаецца”, – дзеліцца гаспадар “Белага бусла”. – Так яно і атрымалася. Але што я мог прапанаваць пастаяльцам на той момант? Цёплы прыём і адпачынак у экалагічна чыстым месцы Карэліччыны. Мінчане, якія сталі першымі наведвальнікамі аграсядзібы, гэтым былі задаволены ў поўнай ступені, бо ў каменных джунглях ім так не хапала сельскай прасторы. Да таго ж, як толькі з’явіўся агратурыстычны накірунак, усім было цікава, што ён сабой уяўляе. Жадаючых акунуцца ў сельскі побыт было шмат.

З цягам часу драўляны домік ператварыўся ў сапраўдны агратурыстычны комплекс, які сёння прапаноўвае наведвальнікам пражыванне (адначасова ў 8 пакоях могуць размясціцца да 20 чалавек), харчаванне, правядзенне вяселляў і іншых урачыстасцей (банкетная зала змяшчае да 113 чалавек), лазню. Для аматараў актыўнага адпачынку больш чым дастаткова спартыўных відаў дзейнасці: валейбол, міні-футбол, катанне на веласіпедах, зімой на санях альбо летам на брычцы. Заўзятым рыбаловам дык і зусім пашанцавала: у невялікіх вадаёмах на вуду трапляюць карп, таўсталобік, белы амур, якіх гаспадар Міхаіл Уладзіміравіч спецыяльна разводзіць у дзвюх сажалках.

Адразу хочацца адзначыць, што цэны ў аграсядзібе зусім не кусаюцца: пражыванне на аднаго чалавека ў суткі каштуе 15 рублёў, правядзенне мерапрыемстваў – у залежнасці ад жадаемага меню і складае прыкладна 30-50 рублёў на чалавека. Гатуюць для гасцей аграсядзібы толькі прафесіянальныя кухары, якія імкнуцца не толькі смачна накарміць наведвальнікаў, але і эстэтычна аформіць стравы, выкарыстоўваючы тэхніку карвінг.

– Сёння турыстаў цікавяць такія помнікі архітэктуры, як Мірскі замак, Нясвіжскі палац. Размешчаныя каля іх аграсядзібы карыстаюцца попытам, – дзеліцца Міхаіл Уладзіміравіч. – Цяжэй прыходзіцца тым агратурыстычным аб’ектам, якія знаходзяцца паводдаль ад архітэктурных жамчужын. Але я ўпэўнены, што ў кожным куточку Беларусі ёсць шмат гістарычных мясцін, якія зацікавяць турыстаў. Наведвальнікам нашай аграсядзібы мы прапаноўваем пазнаёміцца з крыніцай жывой і мёртвай вады ў в. Ганчары, святой крыніцай у в. Мотча, Любчанскім і Навагрудскім замкамі, ад наведвання якіх турысты застаюцца ў поўным захапленні.

Гаспадар аграсядзібы “Белы бусел” адзначае, што займацца агратурызмам можна толькі тады, калі любіш гэтую справу: сустракаць гасцей і дарыць ім прыемны адпачынак. А найвялікшай узнагародай лічыць шчыры “дзякуй” ад пастаяльцаў і іх жаданне яшчэ раз наведаць аграсядзібу, а таксама параіць яе знаёмым.

Аб тым, што “Белы бусел” Міхаіла Камароўскага сёння задавальняе запыты наведвальнікаў, сведчаць станоўчыя  водгукі пастаяльцаў аграсядзібы, якія склалі высокі рэйтынг у 8,8 балаў з 10 магчымых па выніках прэміі Guest Review Award за 2017 год, якую арганізоўвае міравы лідар у вобласці анлайн-браніравання жылля Booking.com.

– У планах на бліжэйшую будучыню – ландшафтнае афармленне прылягаючай тэрыторыі, – дзеліцца гаспадар аграсядзібы. – Таксама будзем працягваць аднаўляць драўляную агароджу, частка якой ужо заменена.

 

Дарэчы, усе будынкі на тэрыторыі агратурыстычнага комплексу адпавядаюць слову “эка” і выкананы з натуральных матэрыялаў. Лёгкую нотку старажытна-беларускага побыту надаюць рэчы, якімі карысталіся здаўна  сяляне: кошыкі, калаўрот.

– Якімі б гараджанамі мы не хацелі б сябе паказаць, нашыя карані – у вёсцы, – адзначае Міхаіл Камароўскі. – І мы гатовы прапанаваць усім жадаючым экалагічна чысты адпачынак у сельскай мясцовасці.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий