В Кореличском районе начали сеять кукурузу

Падчас працяглых выхадных аграрыі Карэліччыны папрацавалі плённа, пра адпачынак і размовы не было. Таму і лічбы пасяўной імкліва пайшлі ўверх.

 – Пасяўная кампанія на Карэліччыне ўпэўненымі крокамі рухаецца наперад да фінішнай кропкі. Прыкладна праз 10 дзён аграрыі ўздыхнуць з палёгкай, бо да гэтага часу ўсе гаспадаркі скончаць закладваць ураджай-2018, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Генадзій Аляксеевіч Белы. – Пакуль што сонечныя бонусы, якія чаргуюцца з дастатковай колькасцю вільготных падарункаў нябеснай канцылярыі, не перастаюць радаваць працаўнікоў, спадзяёмся, што і надалей надвор’е будзе спрыяць вясенне-палявым работам. Пад некаторымі з іх, напрыклад, сяўбе ранніх яравых культур, падведзена выніковая рыса. А вось царыца палёў – кукуруза не так даўно ўступіла на пасяўную прамую. Не за гарамі нарыхтоўка кармоў і першы ўкос траў.

Па стану на 4 мая ў раёне пасеяна 8481 га ранніх зерневых і зернебабовых культур. З упэўненасцю можна сказаць, што з пастаўленай задачай аграрыі раёна справіліся на выдатна: пасеяна 408 га аўсу (107%), 5238 га ячменю (101%), 1231 га пшаніцы (109%), 1510 га зернебабовых культур (100%).

Насенне цукровых буракоў усімі гаспадаркамі раёна было пакладзена ў глебу ў аптымальныя тэрміны. Сёлета пад салодкую культуру ў раёне адведзена 3600 га.

Паспяхова на Карэліччыне закладзены будучы ўраджай лёну-даўгунцу. Безумоўны лідарам стала ААТ “Карэлічы-Лён”, дзе беларускі шоўк пасеяны на плошчы 1930 га. У ДП “Чарняхоўскі-Агра” і ДП “Малюшычы” пад гэтую сельскагаспадарчую культуру адведзена 120 і 80 га адпаведна.

Ганаровымі крокамі ўваходзіць на палі раёна царыца палёў – кукуруза. Перадавыя пазіцыі цвёрда займае СВК “Маяк-Заполле”, дзе па стану на 4 мая пасеяна 475 га кукурузы, у тым ліку 50 га на зерне.  На другім і трэцім месцах па колькасці пасеяных гектараў – СВК “Жухавічы” і СВК “Свіцязянка-2003”, дзе насенне жоўтага золата закладзена на плошчы 441 і 421 га адпаведна. Па тэмпах сяўбы кукурузы, у параўнанні з мінулым годам, бягучы год ідзе з апярэджаннем, нягледзячы на тое, што аграрыі выйшлі ў поле значна пазней: калі ў 2017 годзе па стану на 4 мая было пасеяна 23% агульных плошчаў, занятых пад кукурузу, то сёлета гэтая лічба роўная 37%.

На палях раёна працягваецца ўнясенне арганічных угнаенняў, ідзе хімпраполка азімых зерневых, цукровых буракоў. Такія буйнейшыя гаспадаркі раёна, як СВК “Маяк-Заполле”, СВК “Свіцязянка-2003”, СВК “Жухавічы”, ДП “Лукі-Агра”, ДП “Племзавод “Карэлічы” задачу па падрыхтоўцы глебы пад сяўбу яравых культур выканалі на выдатна, аб чым сведчаць 100-працэнтыя вынікі. Да такога ж паказчыка імкнуцца і астатнія сельгаспрадпрыемствы раёна.

Аксана ЯНУШ.

Добавить комментарий