В Кореличском районе состоялась церемония вручения стипендий Фонда мира лучшим учащимся и студентам Гродненщины (ФОТО+ВИДЕО)

Урачыстае мерапрыемства з сімвалічным сэнсам, у аснову якога лягло слова “мір”, адбылося ў чацвер, 24 мая, у сценах сярэдневяковай архітэктурнай жамчужыны Беларусі. Інтэлектуальнай моладзі Гродзеншчыны былі ўручаны прэміі Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру”.

 У Мірскім замку сабраліся тыя, хто нягледзячы на малады ўзрост гучна заявіў аб сабе на навукова-практычных канферэнцыях, абласных алімпіядах і конкурсах. Прэмія Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” ўручаецца ўжо 15 гадоў. За гэты час больш 1400 школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў  Гродзенскіх дзяржаўных навучальных устаноў сталі яе ўладальнікамі. Гэты спіс папоўнілі яшчэ каля 60 таленавітых юнакоў і дзяўчат Прынёманскага краю.

З прывітальным  словам да ўсіх прысутных звярнуўся дырэктар  установы “Музей “Замкавы комплекс “Мір” Аляксандр Часлававіч Лойка:

– Слова “мір” – галоўнае на сённяшнім мерапрыемстве. Яно складаецца ўсяго з трох літар, але многа значыць для кожнага з нас, – адзначыў ён. – Жадаю вам, каб мір і згода заставаліся з вамі на доўгія гады.

Безумоўна, падымаючыся на ўрачыстую сцэну і атрымліваючы з рук старшыні праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення ГА “Беларускі фонд міру” Івана Васільевіча Калбаскі Ганаровыя граматы, значкі “Стыпендыят фонду міру” і грашовыя прэміі, юнакі і дзяўчаты адчувалі неймаверны гонар. Менавіта яны, дзякуючы сваім розуму, працы і старанню, сталі героямі сучаснага моладзевага асяроддзя Гродзеншчыны.

– Сваімі справамі, а хутчэй нават подзвігамі, вы ўслаўляеце нашу краіну. Вы — інтэлектуальны патэнцыял Рэспублікі Беларусь, – адзначыў Іван Васільевіч. – Я ўпэўнены, што кожнага з вас чакае вялікая будучыня, поўная поспехаў і дасягненняў.

Ганаровае месца сярод таленавітых юнакоў і дзяўчат з розных куткоў Гродзеншчыны занялі трое маладых адораных прадстаўнікоў Карэліччыны: вучаніца 11 класа СШ №1 г.п. Карэлічы Ірына Краскоўская, вучаніца 10 класа СШ г.п. Мір Аліна Нячай і навучэнец Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа Яўгеній Чэрнік.

Аб тым, што юныя карэліччане заслугоўваюць найвышэйшых узнагарод, сведчаць іх значныя дасягненні на абласным узроўні.

Ірына Краскоўская неаднаразова атрымлівала перамогу на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды па хіміі, з’яўляецца прызёрам абласных этапаў Рэспубліканскага конкурсу “Будучыя педагогі – аб школе будучыні” ў намінацыі “Мультымедыйны праект” і абласной навуковай алімпіяды па педагогіцы.

Шэраг вучнёўскіх поспехаў на рахунку Аліны Нячай з СШ г.п. Мір: прызёр абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, абласнога злёту педагагічных класаў “Я ў прафесіі педагог”, раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Шлях да пазнання”, раённай алімпіяды па беларускай мове.

Актыўную грамадскую пазіцыю займае Яўгеній Чэрнік, які з’яўляецца членам пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”, прафсаюзнай арганізацыі навучэнцаў. Паспяхова ўдзельнічае ў конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, прадметных тыднях і майстар-класах у каледжы.

Пасля цырымоніі ўзнагароджання таленавітая моладзь з усёй вобласці прыняла ўдзел у сімвалічным дзействе – пасадцы алеі міру на тэрыторыі СШ г.п. Мір. 20 маладых саджанцаў бэзу, прывезеных з Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі, стануць сімвалам будучых мірных здзяйсненняў і дасягненняў.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.